Эўразьвяз заклікае Беларусь неадкладна ўвесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне

Сяргей Вострыкаў у судзе, архіўнае фота

Адпаведную заяву разьмясьціў прадстаўнік Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў.

У заяве адзначаецца, што факты прымяненьня сьмяротнага пакараньня ў Беларусі «ідуць насуперак заяўленай гатоўнасьці Беларусі супрацоўнічаць зь міжнароднай супольнасьцю, у тым ліку з Эўрапейскім Саюзам, па гэтым пытаньні і разгледзець пытаньне аб увядзеньні мараторыя на прымяненьне сьмяротнага пакараньня».

«Эўрапейскі саюз заклікае Беларусь, адзіную краіну Эўропы, дзе дагэтуль прымяняецца сьмяротнае пакараньне, перагледзець іншыя сьмяротныя прысуды і неадкладна прыняць мараторый на сьмяротнае пакараньне ў якасьці першага кроку да яго адмены», — гаворыцца ў заяве.

Падставай для заявы стала прывядзеньне ў выкананьне прысуду гамельчуку Сяргею Вострыкаву. У 2016 годзе ён быў прызнаны вінаватым у жорсткім забойстве дзьвюх жанчын, згвалтаваньні і выкраданьні. Пра выкананьне прысуду паведамілі ягоным сваякам.