Адпаведную скаргу Целяпун напісаў у кнігу заўваг і прапановаў раённага суду.
«Я хацеў, — кажа праваабаронца Ўладзімер Целяпун, — выступіць сьведкам у судзе, каб разбор быў бесстароньні і аб’ектыўны. Судзілі прынамсі двух — Алега Шаўко і Аляксандра Барысенку. Зьвестак пра разгляд адміністрацыйных спраў на стэндзе інфармацыі не было. Паседжаньні праводзіліся ў кабінэтах. На суд над Шаўко ня трапілі нават ягоныя жонка і маці».
Мазырскі праваабаронца лічыць, што затрымліваць гараджанаў, а тым больш зьмяшчаць за краты, не было ніякіх падстаў. 18 сакавіка на плошчы Леніна прысутнічалі старшыня райсавету Сяргей Гвозьдзь і намесьнік старшыні райвыканкаму Фэлікс Галюк. Чыноўнікі таксама выступалі на мірным сходзе на плошчы, удзельнічалі ў дыскусіі, а потым запрасілі частку гараджанаў у будынак райвыканкаму, дзе зь імі вялі гутарку старшыня райвыканкаму Алена Паўлечка і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Мікалай Расоха.
Алега Шаўко пакаралі 10-суткавым арыштам за парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў.
На дзесяць сутак арыштаваны і беспрацоўны Аляксандар Барысенка.