35-гадовы мужчына быў затрыманы адразу пасьля сходу і амаль двое сутак правёў у ізалятары. Працаваў Аляксандар Шаўко ў нафтаздабыўнай галіне. Паўтара года ўжо ня мае працы.
«Я таму й вышаў на плошчу, што няма з чаго жыць. Набалела, хацеў выказацца», — распавядаў пра матывы выхаду на плошчу Аляксандар.
18 сакавіка, нягледзячы на дождж і мокры сьнег, у Мазыры на цэнтральную плошчу выйшлі некалькі дзясяткаў чалавек, каб выказаць незадавальненне дэкрэтам № 3, эканамічнай сітуацыяй у горадзе і краіне.
Каля 12-й гадзіны ў суд прывезьлі, апрача Шаўко, беспрацоўных Аляксандара Барысенку і Аляксандара Трошку. Яны таксама былі затрыманыя пасьля сходу на цэнтральнай плошчы і ад суботы знаходзіліся ў Мазырскім ізалятары часовага ўтрыманьня.