Польшча ня будзе купляць электраэнэргію ў Астраўцы

Беларуская АЭС

»Польшча ня будзе купляць электраэнэргію зь Беларускай АЭС, заявіў журналістам упаўнаважаны польскага ўраду па пытаньнях стратэгічнай энэргетычнай інфраструктуры Пётр Наімскі, піша выданьне BiznesAlert.pl.

«Ня будзем купляць электраэнэргію ў Астраўцы. Кропка. Кампанія PSE (Польскія электрасеткі) прыступіць да разборкі лініі электраперадачы Беласток — Рось», — цытуе выданьне Пятра Наімскага. Адна з прычынаў — «дэсынхранізацыя энэргетычных сыстэмаў» краінаў Балтыі, Беларусі і Расеі. Польшча падтрымлівае пратэст Літвы ў дачыненьні да будаўніцтва БелАЭС:

«Калі электрастанцыя будзе пабудаваная, то яна павінна адпавядаць усім стандартам бясьпекі і аховы навакольнага асяродзьдзя», — адзначыў спадар Наімскі.

Беларусь разьлічвала прадаваць электраэнэргію, якую будзе выпрацоўваць Беларуская АЭС, суседнім краінам.

«Польскі бок мог бы скарыстацца гэтай электраэнэргіяй або транзытаваць яе далей, у Эўрапейскі Зьвяз, — казаў прэм’ер-міністар Беларусі Андрэй Кабякоў напрыканцы 2016 году.

Раней Літва заклікала суседнія дзяржавы не купляць электраэнэргію ў Астраўцы. Літоўскі міністар энэргетыкі Рокас Масюліс зьвяртаўся да ўрадаў Латвіі, Эстоніі, Польшчы і Фінляндыі з прапановай абмеркаваць, ці варта купляць электраэнэргію ў трэціх краінах, якія будуюць небясьпечныя АЭС.