Літоўскі Дэпартамэнт пажарнай бясьпекі і ратаваньня мае намер усталяваць на паўднёвым усходзе краіны сырэны дзеля інфармаваньня аб магчымых інцыдэнтах на Беларускай АЭС, кажа BNS намесьнік дырэктара ўстановы Юрыс Таргонскас. Праект ацэньваюць у 3 млн эўра.
Сырэны маюць зьявіцца ў 150 месцах у Вільні, а таксама на літоўскай частцы тэрыторыі 50-кілямэтровай зоны вакол БелАЭС. Сыстэма мае апавяшчаць ня толькі пра радыяцыйную небясьпеку, але і пра іншыя здарэньні. Падобная сыстэма ўжо была ў Літве, калі дзейнічала Ігналінская АЭС (выведзеная з эксплюатацыі ў 2009 годзе).
Літва раней называла 10 прычынаў не будаваць БелАЭС. У ліку прычынаў былі ненадзейнасьць пляцоўкі і ненадзейная ацэнка пагрозаў, неналежны кантроль, а таксама нежаданьне беларускіх уладаў да каапэрацыі. Адна з названых Літвой прычынаў — інфармацыя пра здарэньні прыходзіць са спазьненьнем на некалькі тыдняў зь неафіцыйных крыніцаў, беларускія ўлады спрабуюць адмаўляць яе.
На канец 2016 году было пацьверджана 11 інцыдэнтаў і 3 сьмерці (намесьнік міністра энэргетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк назваў гэткія лічбы «прымальнымі»). У адным з інцыдэнтаў корпус рэактара «ўпаў краем на зямлю» «з вышыні росту Лукашэнкі ці крыху вышэй». Корпус рэактару замянілі, новы корпус па дарозе толькі стукнулі аб слуп, але замаўляць трэці ўжо ня сталі.
Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах і заклікае не купляць электраэнэргію зь БелАЭС, прызначыла спэцыяльнага «амбасадара па БелАЭС». Літву ў гэтым падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі, але большасьць краінаў, як кажа прэм’ер Літвы, «ацэньваюць БелАЭС толькі праз эканамічную прызму». Менск хоча зьмякчыць пазыцыю Літвы наконт БелАЭС — Літва рэагуе холадна.
Увядзеньне ў эксплюатацыю першага энэргаблёку Беларускай АЭС адкладзенае да 2019 году, кошт будоўлі можа вырасьці на 780 мільёнаў даляраў. Кваліфікаваныя кадры ўцякаюць зь БелАЭС з прычыны нізкіх заробкаў.