Сайт Міністэрства замежных справаў Літвы апублікаваў брашуру «#АстравецНебясьпечны: 10 прычынаў чаму беларуская атамная электрастанцыя гэта ВЯЛІКАЯ праблема» (PDF).
Прычыны называюцца наступныя:
1. На сьнежань 2016 году было пацьверджана 10 інцыдэнтаў і 4 сьмерці (паводле беларускіх зьвестак, 4-ая сьмерць не пацьвердзілася, будаўнік траўмаваны, але жывы. — РС). Інфармацыя пра здарэньні прыходзіць са спазьненьнем на некалькі тыдняў зь неафіцыйных крыніцаў, беларускія ўлады спрабуюць адмаўляць яе.
2. 16 эўрапейскіх сталіцаў — у патэнцыйна небясьпечнай зоне (у прыватнасьці Вільня — у 50-кілямэтровым радыюсе. — РС).
3. Пляцоўка абраная без належнай ацэнкі (насамрэч, ёсьць зьвесткі, што ацэнка была, пляцоўка была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. — РС), ня выкананыя ацэнкі ўзьдзеяньня на асяродзьдзе, крытэры выбару пляцоўкі сакрэтныя, альтэрнатыўныя пляцоўкі не ацэньваліся.
4. Ненадзейная ацэнка сэйсьмічнай пагрозы: у раёне пляцоўкі здараліся землятрусы ў 5-7 балаў па шкале Рыхтэра (рэкордны для Беларусі землятрус у 1908 годзе меў эпіцэнтар каля станцыі Гудагай. — РС). Паводле МЗС Літвы, беларускія экспэрты адзначаюць, што сэйсмалягічныя дасьледаваньні базаваліся на памылковых зьвестках.
5. Беларусь адмаўляецца выконваць 4 з 6 крокаў у аналізе пляцоўкі і праекту АЭС, патрабаваных SEED-місіяй. SEED-місія мела праходзіць да выбару пляцоўкі, а БелАЭС будуецца ўжо 7 год безь яе (місія прыехала на БелАЭС 16 студзеня 2017 году. — РС).
6. Стрэс-тэсты мусілі быць праведзеныя 5 год таму, не праведзеныя дагэтуль (былі анансаваныя на 1-10 верасьня 2016 году, пазьней паведамляліся іншыя даты, пра пасьпяховае правядзеньне тэстаў не паведамлялася. — РС). А Беларусь абяцала Эўракамісіі правесьці стрэс-тэсты яшчэ ў 2011 годзе.
7. Да 95% пітной вады для траціны жыхароў Літвы будзе забруджана ў выпадку аварыі. Басэйн ракі Віліі, якая ёсьць крыніцай ахалоджаньня БелАЭС, пакрывае 72% Літвы.
8. БелАЭС вытрымае падзеньне лёгкага самалёту, да 5 тон. Але цяжкі самалёт, як 200-тонны камэрцыйны авіяляйнэр, прывядзе да катастрофы ўзроўню Чарнобыля і Фукусімы. Іншыя падобныя праекты АЭС у Эўропе абароненыя.
9. Нацыянальны орган у радыяцыйнай бясьпецы слабыя палітычна і прафэсійна: палітычныя рашэньні тэхнічных праблемаў, сумнеўнае ліцэнзіяваньне, адсутнасьць кантролю над праектам АЭС. Напрыклад, трагедыя на Фукусіме адбылася праз страту энэргазабесьпячэньня сыстэмы ахалоджаньня. Беларусь яшчэ ня вырашыла, як абароніць БелАЭС ад такога, а беларускі рэгулятар ня бачыць у гэтым праблемы.
10. Беларускія ўлады ня хочуць каапэрацыі. 330-тонны корпус рэактару ўпаў з вышыні 4 мэтраў (насамрэч, дакладная вышыня не называлася, корпус «упаў краем на зямлю» «з вышыні росту Лукашэнкі ці крыху вышэй». — РС). Беларусь не раскрывала інфармацыю пра здарэньне, калі інфармацыя ўцякла — спачатку адмаўляла яе, называла здарэньне «няштатнай сытуацыяй». Літва называе гэта «тыповым стаўленьнем Беларусі».
Увядзеньне ў эксплюатацыю першага энэргаблёку Беларускай АЭС адкладзенае да 2019 году, мантаж корпусу першага рэактару меў пачацца ў канцы 2016 году.
«Яшчэ працаваць не пачала, а ўжо развальваецца. Што ж будзе, як дадуць чаду?» — Астравеччына пра сваю АЭС
Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах і заклікае не купляць электраэнэргію зь БелАЭС, прызначыла адмысловага «амбасадара па БелАЭС». Літву ў гэтым падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі, але большасьць краінаў, як кажа прэм’ер Літвы, «ацэньваюць БелАЭС толькі праз эканамічную прызму». Менск хоча зьмякчыць пазыцыю Літвы наконт БелАЭС — Літва рэагуе холадна.