Мы працягваем знаёміць з публікацыямі з архіву Свабоды, прысьвечаным Курапатам. Вось што адбывалася ў гэты дзень 15 гадоў таму.
Гэтае рашэньне было прынятае на паседжаньні ў Дэпартамэнце аховы гісторыка-культурнай спадчыны й рэстаўрацыі Міністэрства культуры Беларусі. Гаворыць намесьнік дырэктара дэпартамэнту Ігар Чарняўскі:
Чарняўскі: Замена навуковага кіраўніка была праведзеная з прапановы цяперашняга падрадчыка на выкананьне работ прадпрыемства "Магістральаўтадор" і з ініцыятывы Менскага абласнога таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Ведаючы, што Мая Тодараўна на грамадзкіх асновах вельмі многа ўвагі надае ўрочышчу Курапаты і фактычна вырашае многія пытаньні, напрыклад, у справе ліўневай каналізацыі й у іншых момантах добраўпарадкаваньня ўрочышча, мы прынялі рашэньне аб замене навуковага кіраўніка.
Папярэдні навуковы кіраўнік праекту архітэктар Мікалай Емяльянаў, як сьцьвярджаюць прадстаўнікі "Магістральаўтадору", фактычна ня браў удзелу ні ў распрацоўцы праекту, ні ў назіраньні за яго ажыцьцяўленьнем. Тады як Мая Кляшторная вырашала ўсе спрэчныя пытаньні паміж заказчыкам і грамадзкасьцю.

Мая Кляшторная — архітэктарка паводле адукацыі, у 1959 годзе закончыла Менскі архітэктурны тэхнікум, потым вучылася ў Маскоўскім інжынэрна-будаўнічым інстытуце й Усесаюзным завочным інжынэрным інстытуце. Больш за трыццаць гадоў адпрацавала ў арганізацыі "Белпрампраект" у аддзеле генэральнага плянаваньня, дзе займалася пытаньнямі горадабудаўніцтва.
Яе лёс шчыльна зьвязаны з Курапатамі. Хутчэй за ўсё, ва ўрочышчы быў расстраляны ейны бацька — беларускі паэт Тодар Кляшторны. Да таго ж спадарыня Мая, сама былая вязень ГУЛАГу, узначальвае зараз "Мартыралёг Беларусі". На сваё прызначэньне Мая Кляшторная адрэагавала наступным чынам:
Кляшторная: Я ніколі не хацела, каб мая праца была адзначаная нейкімі пасадамі, але ж буду працягваць тое, што й рабіла раней.
Мая Кляшторная распавяла для Радыё Свабода пра свае першыя крокі ў якасьці навуковага кіраўніка праекту рэканструкцыі кальцавой дарогі ля Курапатаў:
Кляшторная: Нам трэба канчаткова вырашыць пытаньне наконт межаў урочышча. Сёньня ў мяне якраз павінна быць сустрэча наконт статусу гэтай зямлі. Калі сёньня ня прыйдзем да нечага пэўнага, я пайду да Паўлава і буду ўжо весьці размову аб тым, што Курапаты павінны ўваходзіць у межы гораду. І потым трэба распрацаваць праект ахоўнай зоны, яго таксама няма. Мы ня ведаем, якія нормы павінны быць, прыкладам, адлегласьць ад урочышча да плянаваных аўтастаянак ды іншых аб'ектаў. Гэта ўсё ўжо трэба разглядаць разам з ахоўнай зонай".
Мая Кляшторная кажа, што за гэтую працу ёй ня трэба ніякай платы, а калі яна й будзе, то пойдзе на карысьць мэмарыялізацыі Курапатаў.
01.03.2002.
Мая Кляшторная ўжо некалькі гадоў не зьяўляецца навуковай кіраўніцай курапацкага мэмарыялу. Як патлумачыла яна Свабодзе некалькі тыдняў таму, "з прычыны новага заканадаўства. Зацьвярджае гэта Акадэмія навук, там выдаюць афіцыйныя «корачкі». Колькі я была навуковай кіраўніцай, ні ад каго ніякага заробку ніколі ня мела і не прасла. Для мяне галоўнае было — паўнавартасна працаваць і прымаць рашэньні".