Экспэрты МАГАТЭ прыбываюць на Беларускую АЭС

Беларуская АЭС, ілюстрацыйнае фота

На наступным тыдні ў Беларусь прыбудзе місія МАГАТЭ па ацэнцы праектаваньня пляцоўкі АЭС з улікам вонкавых падзеяў, так званая місія SEED (Site and External Events Design Review Service). Пра гэта паведамляецца на афіцыйным сайце Міністэрства замежных спраў Беларусі.

З 16 па 20 студзеня экспэрты МАГАТЭ ацэняць з пункту гледжаньня міжнародных патрабаваньняў бясьпекі ўстойлівасьць Астравецкай пляцоўкі, а таксама сыстэмаў, структураў і кампанэнтаў АЭС. У тым ліку будзе ацэнены «запас трываласьці», закладзены ў праекце з улікам постфукусімскага досьведу.

На запыт дзяржавы, якая ўваходзіць у МАГАТЭ, місія SEED забясьпечвае комплекснае садзейнічаньне на розных стадыях рэалізацыі ядзерна-энэргетычных праектаў. Дадзеная місія забясьпечвае незалежны агляд ацэнкі пляцоўкі і праектнай бясьпекі ядзернай устаноўкі ў адносінах да прыродных і выкліканых чалавечым фактарам зьнешніх і ўнутраных небясьпечных зьяваў.

Беларусь запрасіла місію SEED яшчэ ў 2014 годзе ў якасьці меры па павышэньні даверу да першай беларускай АЭС.

Да канца году Беларусь плянуе прыняць, як мінімум, яшчэ адну місію МАГАТЭ, а менавіта місію па разглядзе аварыйнай гатоўнасьці і рэагаваньня, так званую місію EPREV (Emergency Preparedness Review Service). 25-26 студзеня чакаецца візыт у Менск дэлегацыі Агенцтва для сумеснай падрыхтоўкі гэтай місіі.

29 сьнежня амбасадару Беларусі ў Літве Аляксандру Каралю была ўручаная нота з просьбай у тэрміновым парадку даць вычарпальную інфармацыю пра яшчэ адзін інцыдэнт з корпусам рэактара Астравецкай атамнай электрастанцыі. У дакумэнце МЗС Літвы просіць дбайна расьсьледаваць гэты інцыдэнт і праінфармаваць Літву, суседнія дзяржавы і Міжнароднае агенцтва атамнай энэргетыкі (МАГАТЭ) пра вынікі расьсьледаваньня. У ноце выказваецца вялікая заклапочанасьць у сувязі з паўторам інцыдэнтаў на АЭС, пра якія Літва даведалася не з афіцыйных крыніц Беларусі, а са СМІ.