Дыпляматыя скандалу і «нафтагазавая вайна»

Цэлы год паміж Беларусьсю і Расеяй цягнулася «нафтагазавая вайна». Чаму сёлета не ўдалося дасягнуць паразуменьня па энэргетычных пытаньнях? Якія пэрспэктывы іх вырашэньня наступным годам?

Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Віталь Цыганкоў, Валер Карбалевіч.


Глод: Кампраміснага рашэньня нафтагазавага пытаньня з Расеяй так і ня знойдзена. Спачатку пра тое, што яно пераносіцца на наступны год, паведаміў старшыня канцэрну «Белнафтахім» Ігар Ляшэнка. А затым віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка ўдакладніў: кампраміс знойдуць не пазьней за першы квартал 2017 году.

Паводле Сямашкі, перамоўны працэс актыўна працягваецца. Беларускі бок не губляе аптымізму, працуе з расейскімі калегамі сыстэмна і шукае кампрамісы як у сваіх фармулёўках, так і ў разьліках. Віцэ-прэм’ер падкрэсьліў: Менск шукае ўсе магчымыя крыніцы і мэханізмы, каб выйсьці на ранейшыя дамоўленасьці наконт выраўноўваньня ўмоваў гаспадараньня ў рамках Эўразійскага эканамічнага саюзу і прыйсьці спачатку да адзінага рынку электраэнэргіі, а затым газу і нафты.

Гэта, так бы мовіць, дзяжурныя словы. Куды важнейшым мне падаецца публічнае прызнаньне Ўладзімера Сямашкі ў тым, што ў перамовах адбыўся збой. Віцэ-прэм’ер сказаў, што ў кастрычніку 2016 году быў падпісаны шэраг міжурадавых пагадненьняў, зацьверджаны плян адпаведных захадаў. Але затым адбыўся пэўны збой, і дарожная карта не была чамусьці прынятая да рэалізацыі.

Зразумела, што так званы збой ініцыяваны менавіта Масквою. Мне падаецца, што Расея невыпадкова ўзяла паўзу. Падобна, Крэмль паставіў Лукашэнку ўмову — спачатку ён падпісвае Мытны кодэкс Эўразійскага эканамічнага саюзу, а пасьля, магчыма, будуць саступкі што да газу і нафты.

так званы збой ініцыяваны менавіта Масквою

Кіраўнік Беларусі адрэагаваў на гэта па-свойму — адмовіўся прыехаць на саміты ЭАЭС і АДКБ, якія прайшлі 26 сьнежня ў Санкт-Пецярбургу. Думаю, гэтая адмова і паказала марнасьць надзеі на рашэньне нафтагазавай праблемы да канца году.

Тым часам Беларусь і Расея працягваюць перамовы пра перагляд тарыфу на транзыт расейскай нафты празь беларускую тэрыторыю. Менск хоча павялічыць яго на 20,5%. Масква пагаджаецца на яго рост памерам каля 5,5%. Розьніца паміж спрэчнымі лічбамі істотная.

Нафтагазавы спрэчка доўжыцца ўжо год. Усё пачалося з цаны расейскага газу для Беларусі, якая цяпер складае 132 даляры за тысячу кубамэтраў. Гэтая лічба запісаная ў кантракце на 2015-2016 гады. Менск настойвае на зьніжэньні цаны амаль удвая. І дамагаецца аднаўленьня абʼёмаў паставак расейскай нафты, скарочаных у якасьці адказу на тое, што газавы доўг дагэтуль не вяртаецца. Дарэчы, ён ужо перасягнуў 400 мільёнаў даляраў. Беларусь, праўда, паспрабавала зрабіць так званы жэст добрай волі і накіравала ў Расею авансавую выплату. Але Масква вярнула яе назад, патрабуючы поўнага разьліку за газ. Болей за тое, 23 сьнежня віцэ-прэмʼер расейскага ўраду Аркадзій Дварковіч ня выключыў, што ўрэгуляваньне газавага пытаньня зь Беларусьсю можа вырашыцца судовым чынам.

Экспэрты кажуць, што скарачэньне паставак нафты балюча ўдарыла па беларускім экспарце нафтапрадуктаў, які сёлета зьнізіцца прыкладна на 20%. Замест чаканых 24 мільёнаў тон нафты Расея паставіла толькі 18.

Я прыгадваю, што калісьці Пуцін казаў: мы гатовыя прадаваць па ільготных цэнах Беларусі 6 мільёнаў тон нафты. Чаму менавіта 6? А таму, што столькі яе хапае для ўнутраных патрэбаў Беларусі. А за ўсё астатняе Менск няхай плаціць па рынкавых цэнах. Ці не да гэтага ўсё ідзе, калегі?

Карбалевіч: Звычайна раней нафтавыя і газавыя спрэчкі ўдавалася ўрэгуляваць пад самы Новы год. Здаецца, цяпер гэтае правіла будзе парушана. Чаму так?

Па-першае, пытаньне не гарыць. Цяпер Расея не пагражае спыніць пастаўкі газу ці нафты ў Беларусь. Чакалі цэлы год, можна пачакаць яшчэ.

ўсе праблемы беларуска-расейскіх дачыненьняў пераносяцца на наступны год

Па-другое, бакі ўвайшлі ў клінч, ніхто ня хоча саступаць. І на гэтым тле можна толькі ўзгадаць цьвёрдыя абяцаньні афіцыйных асобаў дамовіцца, нават дакладную дату абвяшчалі. Апошні раз гэта рабіў амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў, які абяцаў, што да 20 сьнежня бакі аб усім абавязкова дамовяцца і падпішуць патрэбныя пагадненьні. Не магу ўзгадаць, каб нейкая спрэчка паміж Беларусьсю і Расеяй цягнулася цэлы год.

Вось віцэ-прэмʼер Уладзімер Сямашка адзначыў, што дамова мае быць дасягнутая ў першым квартале наступнага году. Бачыце, ужо не такі аптымістычны прагноз.

Дасюль незразумела, ці дасягнута пагадненьне пра тарыфы на транзыт нафты праз тэрыторыю Беларусі. Расейцы кажуць, што так, а беларускі бок нібыта зьняпраўджвае. Не спыняецца таксама «харчовая вайна». То бок сапраўды ўсе праблемы беларуска-расейскіх дачыненьняў пераносяцца на наступны год.

Цыганкоў: У гэтай спрэчцы козыраў больш у Масквы, і сам Крэмль гэта разумее. Адпаведна і дзейнічае дастаткова жорстка. Чаму больш жорстка, чым звычайна? Мне здаецца, у адрозьненьне ад ранейшых газавых, малочных ды іншых канфліктаў, зьмяніліся стратэгічна дзьве рэчы.

Першая — гэта эканамічны крызіс у Расеі, у выніку чаго яна становіцца больш ашчаднай ці сквапнай. Так, нейкія рашэньні прымаюць палітыкі, але да гэтага падрыхтоўку і перамовы вядуць спэцыялісты, ідзе, што называецца, спрэчка гаспадарчых суб’ектаў. І прадстаўнікі «Газпрому» ды іншых рынкавых арганізацыяў у Расеі зусім ня схільныя аддаваць Беларусі лішнія грошы.

Традыцыйная для Аляксандра Лукашэнкі дыпляматыя скандалу штораз прыносіць усё менш дывідэндаў

Другі аспэкт, які зьмяніўся, і можа нават вельмі радыкальна за апошні год, — гэта імідж Беларусі ўваччу расейскай эліты і расейскага грамадзтва. На фоне падзеяў ва Ўкраіне за апошнія месяцы стала значна менш добразычлівасьці і пазытыўнага стаўленьня да беларускага кіраўніцтва, да Беларусі ў цэлым у Маскве, у Расеі. Бачым усе скандалы з рознымі перадачамі, артыкуламі і г.д. — хоць гэта пакуль хоць і не абвяшчаецца афіцыйнай палітыкай, але яно ўсё-такі ўтварае псыхалягічную атмасфэру. І ў такой атмасфэры перамагаць у такіх спрэчках афіцыйнаму Менску становіцца ўсё цяжэй.

Ну і трэці чыньнік. Традыцыйная для Аляксандра Лукашэнкі дыпляматыя скандалу штораз прыносіць усё менш дывідэндаў. Калі самы першы раз, калі Лукашэнка ігнараваў нейкі саміт альбо рабіў нейкія ваяўнічыя заявы, гэты прыносіла вялікія дывідэнды, то цяпер і Лукашэнка стаў больш асьцярожным, бо разумее, што козыры не ў яго на руках. І больш за ўсё разумее стратэгічную сваю слабасьць. Бо Масква цудоўна ўяўляе, што гэтая дыпляматыя скандалаў дзейнічае толькі ў рамках вузкай тэмы, але, агулам кажучы, Лукашэнка ня можа разьвярнуцца і сказаць, што Масква яму не патрэбная. Таму блеф дзейнічае толькі да пэўнай ступені, і ўсё часьцей гэтую ступень вызначае Расея.