СМІ ЗША: Барак Абама мае намер неўзабаве ўвесьці новыя санкцыі супраць Крамля

Барак Абама

Злучаныя Штаты могуць да канца гэтага тыдня аб’явіць аб увядзеньні эканамічных санкцыяў і захадах дыпляматычнага ўзьдзеяньня ў дачыненьні да Крамля ў адказ на ягонае ўмяшаньне ў амэрыканскую прэзыдэнцкую кампанію 2016 году, паведамляе са спасылкай на амэрыканскіх афіцыйных асоб газэта The Washington Post.

Хто можа стаць аб’ектам санкцыяў, невядома, але сярод захадаў у адказ будуць таксама тайныя кібэрапэрацыі. Як паведамляе газэта, урадавыя юрысты працягваюць працаваць над дэталямі ўказу, які павінен адпавядаць існуючым палажэньням аб пакараньнях за кібэратакі супраць амэрыканскіх кампутарных сетак. Адна з мэтаў адміністрацыі Абамы — увесьці санкцыі, якія застануцца ў сіле і пасьля прыходу ў Белы дом ўраду Дональда Трампа.

Выкраданьне расейскімі хакерамі перапіскі функцыянэраў Дэмакратычнай партыі і абнародаваньне гэтых дакумэнтаў сайтам WikiLeaks незадоўга да прэзыдэнцкіх выбараў стала адной са значных падзеяў прэзыдэнцкай кампаніі ў ЗША. Па зьвестках амэрыканскай прэсы, спэцслужбы ЗША прыйшлі да высновы, што дзеяньні хакераў каардынаваліся Крамлём. Летам падчас тэлефоннай размовы прэзыдэнт Абама папярэдзіў прэзыдэнта Пуціна аб недапушчальнасьці такіх дзеяньняў. Расейскі бок абвяргае абвінавачаньні ў датычнасьці да дзеяньняў хакераў. Барак Абама неаднаразова заяўляў пра тое, што Вашынгтон адэкватна адкажа на хакерскія атакі.