«Адміністрацыя Абамы па-ранейшаму ўпэўненая ў тым, што расейскія хакеры ўмешваюцца ў працэс выбару прэзыдэнта ЗША, нягледзячы на сьцьвярджэньні прэзыдэнта Пуціна, быццам гэтыя падазрэньні беспадстаўныя», — заявіў прэс-сакратар Белага дома Джош Эрнэст.
Паводле яго, «пазыцыя адміністрацыі грунтуецца на высновах ўсёй амэрыканскай выведніцкай супольнасьці». «Расейскае хакерства — крыніца глыбокага непакою. Таму прэзыдэнт і яго памочнікі цяпер вывучаюць, як Злучаныя Штаты могуць адказаць адпаведна на гэтыя атакі», — дадаў прэс-сакратар Абамы.
У сьвятле заяваў афіцыйнага Вашынгтону многія амэрыканскія камэнтатары дапускаюць, што ўзлом электроннай пошты памочніка Пуціна Ўладзіслава Суркова можа быць захадам у адказ на дзеяньні расейскіх хакераў. Апублікаваныя паведамленьні зьмяшчаюць, у прыватнасьці, зьвесткі пра мінулыя і плянаваныя спробы Крамля дэстабілізаваць становішча ва Ўкраіне.
Адначасова крыніцы тэлекампаніі NBC у амэрыканскіх выведных службах кажуць пра тое, што Вашынгтон ня меў дачыненьня да ўзлому электроннай пошты Суркова. Пры гэтым, паводле іх, няма ніякіх падставаў сумнявацца ў сапраўднасьці агучаных дакумэнтаў. Яны толькі пацьвярджаюць тое, што было вядома пра ролю Ўладзіслава Суркова ў якасьці куратара сэпаратыстаў, якія дзейнічалі на ўсходзе Украіны.