Пра гэта ў чацьвер у інтэрвію Грамадзкаму радыё заявіў прэзыдэнт ЗША Барак Абама.
«Ясна, што спроба замежнай дзяржавы ўзьдзейнічаць на вызначаны парадак выбараў ня можа застацца непакаранай, — сказаў Абама. — Як адказваць і калі, мы вырашым самі. Пра нейкія захады мы, магчыма, паведамім адкрыта, а пра нейкія, магчыма, і не».
Амэрыканская выведніцкая супольнасьць прыйшла да высновы, што расейскія хакеры ўзламалі кампутарныя сеткі Нацыянальнага камітэту Дэмакратычнай партыі, а таксама праніклі ў прыватную электронную пошту кіраўніка выбарчага штабу Гілары Клінтан Джона Падэста.
Разам з тым Абама не падтрымаў высновы ЦРУ, што мэтай кібератакі было аказаць дапамогу Дональду Трампу ў барацьбе за прэзыдэнцтва ці што Клінтан прайграла выбары з прычыны акцыяў хакераў.
«Гэта, аднак, ніколькі не прымяншае таго факту, што хакеры прычынілі больш шкоды кандыдату дэмакратаў, чым кандыдату рэспубліканцаў», — дадаў прэзыдэнт.
Да інаўгурацыі Трампа 20 студзеня выведніцкая супольнасьць на распараджэньне Барака Абамы павінна падаць поўную справаздачу пра ўсе факты кібератак, якія мелі месца, і сапраўдныя мэты іхных заказчыкаў. Дональд Трамп неаднаразова адпрэчваў высновы выведніцкай супольнасьці аб датычнасьці Расеі да кібератак і ў чацвер назваў «дурнем» прэс-сакратара Белага дому, які заявіў, што кандыдат рэспубліканцаў ведаў, што акцыі хакераў дапамагаюць яму і шкодзяць ягонай суперніцы.