Дырэктар Расейскага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў генэрал-лейтэнант Леанід Рашэтнікаў запісаў новы зварот да беларусаў, у якім прааналізаваў крытыку ў свой бок.
20 сьнежня ў інтэрнэце зьявілася відэа, дзе Леанід Рашэтнікаў сьцьвярджае, што беларуская мова была створаная ў 1926 годзе пастановай ЦК ВКП(б), а беларуская дзяржава не самастойная і не павінна парушаць «прыродную» сувязь з Расеяй.
У новым звароце Рашэтнікаў кажа, што чакаў бурнай рэакцыі на свае заявы:
«Лукашэнка ўжо аднойчы называў супрацоўнікаў РІСД „дэбіламі“ і „ідыётамі“, таму я ведаў, што рызыкую зноў атрымаць порцыю зьняваг. Так і атрымалася. Празь некалькі дзён афіцыйная газэта „Советская Белоруссия“ напісала, што заявы „балбатуна“ і „глыбокага адстаўніка“ нічога ня вартыя». Мяне зьдзіўляе атмасфэра, якая пануе ў Беларусі, прынамсі ў СМІ. Што я такога сказаў? Я сказаў, што беларуская мова была створаная рашэньнем аргбюро ЦК ВКП(б) у 1926 годзе. І гэта прыдумаў не Рашэтнікаў, ёсьць дакумэнт. І спрачацца трэба зь ім, а не са мной [...] Сайт «Беларускі партызан» пагражае мне Крымінальным кодэксам. Але, таварышы, што ў вас за Крымінальны кодэкс, калі мне пагражаюць за тое, што я працытаваў дакумэнт?«
Ён таксама паўтарыў свае думкі пра тое, што Беларусь і Расея — адзіная, зьвязаная крывёй дзяржава.
«Я разумею, калі б я заклікаў пазбавіць Беларусь незалежнасьці і тэрытарыяльнай цэласнасьці. Ладна, гэта было б зразумела. Але ж гутарка вядзецца пра тое, што мы адзіны народ і што разьдзяляць нас — гэта злачынства. Адумайцеся, таварышы і, калі вы хочаце, панове, мы перагнулі палку. Гэтая палка ўжо даўно перагнутая ва Ўкраіне, што прывяло да крывавых падзеяў. Вас пакрыўдзілі словы пра тое, што Беларусь — частка вялікай Расеі? Вы ня хочаце гэтага? Вы ня хочаце ганарыцца Дастаеўскім, Пушкіным, Талстым, Мендзялеевым, героямі 1812 году, георгіеўскімі кавалерамі? Вы лічыце, што гэта абраза? Вы ня хочаце ганарыцца дасягненьнямі нашай прамысловасьці і нашымі геаграфічнымі адкрыцьцямі? Чым вы хочаце ганарыцца? Польскай шляхтай? Ліцьвінскімі князямі? Я кажу, што і Беларусь, і Ўкраіна — гэта частка вялікай Расеі. Кожны нармальны чалавек у Расеі думае дакладна гэтаксама».
У абодвух выступах Леанід Рашэтнікаў выказвае заклапочанасьць, што Беларусь «можа пайсьці шляхам Украіны»:
«У вас тэндэнцыя на падзел, на адыход. Тое, што закладаецца цяпер, закладалася 25 гадоў таму ва Ўкраіне. І вылілася ў нянавісьць да расейцаў».
У інтэрвію Свабодзе Леанід Рашэтнікаў таксама параўноўваў Беларусь і Ўкраіну:
«Тэндэнцыі вельмі падобныя да Януковіча ўзору 2012-2013 гадоў, вельмі падобныя. Балюча назіраць гэта. Але мы ня можам не заўважаць відавочнага, і няхай таварышы з МЗС не крыўдуюць. Зводзіць беларускі народ у іншы бок — рызыкоўная апэрацыя. Усё роўна празь дзясятак гадоў гэтыя спробы загінуць».
22 сьнежня ў Міністэрства замежных спраў Беларусі быў выкліканы дарадца-пасланец амбасады Расеі ў Беларусі Вадзім Гусеў. У часе сустрэчы ў МЗС расейскаму дыплямату быў заяўлены пратэст у сувязі з выказваньнямі дырэктара Расейскага інстытута стратэгічных дасьледаваньняў Леаніда Рашэтнікава ў адрас Беларусі і пра беларускую мову.