Прэзыдэнт ЗША Барак Абама рашуча асудзіў «барбарскія авіяўдары Расеі і сырыйскага рэжыму» па мірных жыхарах усходняга Алепа.
Як паведамляе прэс-служба Белага дому, у чацьвер Абама пагутарыў па тэлефоне з канцлерам Нямеччыны Ангелай Мэркель.
Абодва лідэры лічаць, што Расея і рэжым Асада нясуць «асаблівую адказнасьць» за спыненьне гвалту і забесьпячэньне доступу да гуманітарнай дапамогі, гаворыцца ў заяве Белага дому.
Дзяржсакратар Джон Керы раней заявіў, што ЗША «на мяжы» прыпыненьня дыпляматычных перамоваў з Расеяй, бо Масква працягвае бамбаваць паўстанцаў на ўсходзе Алепа.
У горадзе знаходзяцца сотні тысяч мірных жыхароў, якія ня маюць магчымасьці адтуль выбрацца. Палова зь іх — дзеці.
Керы сказаў, што было б «ірацыянальным» працягваць перамовы і «ўспрымаць рэчы сур’ёзна» пасьля таго, як Расея паабяцала працягваць авіяўдары.
«Гэта адзін з тых момантаў, калі нам давядзецца некаторы час карыстацца альтэрнатыўнымі падыходамі», — сказаў Керы, дадаўшы, што «глыбока занепакоены» будучыняй сырыйскага народа.
Злучаныя Штаты заклікаюць Расею аказаць ціск на яе саюзьніка прэзыдэнта Башара Асада, пераканаўшы яго выконваць перамір’е і дазволіць гуманітарным канвоям ААН уехаць у Алепа.
Расея і Сырыя сьцьвярджаюць, што іх удары нацэленыя супраць «тэрарыстаў», як яны называюць паўстанцаў, якія спрабуюць скінуць сырыйскі ўрад.
Аднак ЗША настойваюць, што Расея і Сырыя наносяць ўдары па бальніцах, лягерах уцекачоў і такіх ключавых аб’ектах інфраструктуры, як воданапорныя ўстаноўкі і электрастанцыі.
Па словах амэрыканскіх уладаў, удары носяць бязладны характар, а Расея не прыкладае ніякіх намаганьняў, каб накіраваць іх супраць сваёй асноўнай мэты — баевікоў «Ісламскай дзяржавы».
Расея заявіла, што падтрымлівае ідэю 48-гадзіннага перамір’я ў Алепа, аднак выступіла супраць спыненьня агню на больш доўгі тэрмін.
Прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў падкрэсьліў, што Масква па-ранейшаму хоча дамовіцца аб аднаўленьні перамір’я, пра якое дамовіліся 9 верасьня. Пры гэтым ён дадаў: «Мы са шкадаваньнем канстатуем досыць неканструктыўны характар рыторыкі, якая гучыць з Вашынгтона апошнімі днямі».