Аб прыярытэтах
Ганна Канапацкая заявіла, што ў яе прыярытэтах як дэпутата — зьмена выбарчага заканадаўства («гэта задача нумар адзін»), адмена артыкула КК аб ілжэпрадпрымальніцтве, адмена дэкрэту аб дармаедзтве.
«Мы будзем таксама імкнуцца зьвесьці да мінімуму колькасьць кантралюючых і рэгулюючых органаў. Мы будзем рабіць усё, каб зрабіць наш рынак адкрытым і сумленным».
«Ганна за год можа зрабіць больш, чым усе 110 дэпутатаў мінулага скліканьня», — дадаў старшыня АГП Анатоль Лябедзька.
Лябедзька паабяцаў, што Канапацкая хутка прэзэнтуе пакет законапраектаў (некалькі дзясяткаў), якія будуць прапанаваныя на першую сэсію Палаты прадстаўнікоў.
Your browser doesn’t support HTML5
Канапацкая — партыйны дэпутат
«Нам быў патрэбен час для кансультацыі. Мы павінны былі адказаць на пытаньне. Ганна Канапацкая — адна, сама па сабе ці частка вялікай каманды? Большасьць сябраў партыі, большасьць нашых сьпікераў і лідэры правацэнтрысцкай кааліцыі выказаліся за тое, што мы павінны выкарыстаць мандат Ганны Канапацкай, каб стварыць новы парадак дня. Па-першае, вярнуць права выбару — свабодныя, сумленныя выбары. Па-другое, новы эканамічны курс. Трэці пункт — эўрапейскі выбар Беларусі», — сказаў Лябедзька.
«Безумоўна, я буду партыйным дэпутатам. Я ішла на выбары зь вялікай камандай Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Я не адна», — падкрэсьліла Канапацкая.
«Усё, відаць, будзе вырашацца ў першыя паўгода: наколькі мы будзем эфэктыўныя, наколькі Ганна зможа быць голасам прыхільнікаў перамен. Мы ёй будзем у гэтым дапамагаць», — запэўніў Лябедзька.
Старшыня АГП таксама распавёў, як вылучалі Ганну Канапацкую кандыдатам у дэпутаты:
«Ініцыятарам удзелу Ганны ў гэтай кампаніі быў асабіста я. Вялікай матывацыі ўдзельнічаць у кампаніі бяз правілаў ня так і шмат. Рашэньне было прынята ў апошні момант і было прынята такім чынам, што для Ганны не заставалася акругі — яны ўсе былі падзеленыя сярод прадстаўнікоў правацэнтрысцкай кааліцыі, акрамя той, дзе яна ў выніку прайшла. Больш вакансіяў не было. І яна сказала так: калі гэта трэба для каманды, калі гэта трэба для партыі, я гатовая ісьці ў любую выбарчую акругу — і ў Менску, і ня ў Менску».
Пра тое, ці перамагла Канапацкая насамрэч
«У нас не было назіраньня на маёй акрузе, таму казаць пра сумленны падлік галасоў цяжка. Калі ў назіральнікаў ёсьць факты фальсыфікацыі на маёй выбарчай акрузе або нейкіх іншых, то мы выкарыстоўваем усё, каб гэтыя факты былі расьсьледаваныя. Але я з упэўненасьцю магу сказаць, што мы гатовыя да перамогі на сумленных і свабодных выбарах», — сказала Канапацкая ў адказ на пытаньне, ці перамагла яна па колькасьці галасоў.
Пра патэнцыйных саюзьнікаў у Палаце прадстаўнікоў
Канапацкая бачыць сваім саюзьнікам у Палаце прадстаўнікоў Алену Анісім — у прыватнасьці, што да пытаньняў разьвіцьця беларускай культуры і мовы. Яна таксама не выключае, што знойдзе аднадумцаў у эканамічных пытаньнях сярод дэпутатаў, якія называюць сябе «гаспадарнікамі».
Лябедзька ня выключыў, што Канапацкая знойдзе падтрымку і сярод намэнклятурных дэпутатаў:
«Усе залежыць ад таго, наколькі падрыхтаваная апазыцыя. Я нагадаю гісторыю: у Вярхоўным Савеце 13 скліканьня 18 дэпутатаў фракцыі „Грамадзянскае дзеяньне“ рабілі прапановы, якія падтрымлівала большасьць. Таму, вядома, мы разьлічваем на пэўны рацыяналізм што да эканамічнага і сацыяльнага пакета, які можна знайсьці і сярод прызначаных дэпутатаў. Дагэтуль гэта было фактычна 110 чалавек, які выконвалі функцыі чыноўнікаў Адміністрацыі прэзыдэнта. Калі побач будзе голас чалавека, які імкнецца быць сапраўдным парлямэнтарыем, можа, гэта і іх падштурхне да выкананьня іншых функцыяў».
Пра прэзыдэнцкія амбіцыі, памочнікаў і Плошчу
Ганна Канапацкая не выключае свайго ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах, калі парлямэнцкая праца ў яе атрымаецца.
Канапацкая кажа, што яшчэ ня вызначылася, хто будзе памочнікамі ў яе як у дэпутата Палаты прадстаўнікоў. Лябедзька таксама ня ведае, ці будзе ён памочнікам дэпутата.
На думку Канапацкай, да Плошчы сёньня беларусы не гатовыя.
«Людзі сёньня не гатовыя паўтарыць Плошчу, усе баяцца паўтору ўкраінскага сцэнару. Але людзі гатовыя гаварыць. Гэта дае веру ў тое, што мы можам нешта зьмяніць. Людзі сапраўды хочуць перамен», — перакананая Канапацкая.
«Мы паспрабуем, выкарыстоўваючы мандат Ганны, вярнуць людзям цікавасьць да палітыкі», — сказаў Анатоль Лябедзька.
Пра супрацоўніцтва з Тацянай Караткевіч
«Я ня буду асабіста адмаўляцца ад яе дапамогі. Але, на жаль, нашы погляды на палітычную сытуацыю ў рэспубліцы адрозьніваюцца, адрозьніваюцца кардынальна, таму цеснага і плённага супрацоўніцтва можа не атрымацца», — заявіла Канапацкая.
На ўдакладняльнае пытаньне журналістаў, у чым палягае гэтае «кардынальнае адрозьненьне», Канапацкая сказала наступнае:
«У нас ёсьць прынцыповая пазыцыя, і мы ні на якіх умовах ня згодныя яе мяняць».