Старшыня Партыі БНФ лічыць, што дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім і Ганна Канапацкая маюць магчымасьці ініцыяваць прыманьне важных для краіны законаў, і спадзяецца, што цяпер у Палаце прадстаўнікоў нарэшце загучыць беларуская мова.
Пра тое, ці можна называць Алену Анісім і Ганну Канапацкую апазыцыяй і як іх актыўнасьць паўплывае на імідж беларускіх дэмакратычных сілаў, Аляксей Янукевіч сказаў у інтэрвію Свабодзе.
— Назіральнікі зафіксавалі парушэньні ў тым ліку на акрузе Ганны Канапацкай — яўка там, паводле назіральнікаў, склала толькі 30 працэнтаў. Атрымліваецца, што прадстаўніца АГП стала дэпутатам у выніку падтасоўкі. Прызнаючы яе мандат, апазыцыя легітымізуе выбары ў цэлым? Увогуле дэпутацтва сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганны Канапацкай і адной з кіраўнікоў Таварыства беларускай мовы Алены Анісім — гэта плюс ці мінус для дэмакратычных палітычных сілаў?
— Пра ўключэньне Алены Анісім і Ганны Канапацкай у склад парлямэнту можна гаварыць выключна як пра палітычнае рашэньне ўладаў, а не як пра тое, што ў дзьвюх акругах раптам сумленна палічылі галасы. Выбарчы працэс цалкам застаецца пад кантролем. Гэта працягвае нішчыць грамадзкую сьвядомасьць і будучыню Беларусі. Але, нягледзячы на гэта, я лічу, што знаходжаньне дзьвюх асобаў у Палаце прадстаўнікоў і іх магчымасьць ініцыяваць прыняцьцё законаў, зьвяртацца ў Канстытуцыйны суд, гаварыць з гучнай трыбуны для таго, каб прасоўваць важныя ідэі, — гэта добра. Паглядзім, ці ня будзе ўлада перашкаджаць рэалізоўваць гэтыя правы. Мы ж памятаем сумны досьвед парлямэнцкай групы «Рэспубліка». Аднак дэпутаты «Рэспублікі» праходзілі ў парлямэнт не як апазыцыянэры, яны ўжо ў працэсе знаходжаньня там памянялі сваё стаўленьне. А пазыцыі спадарынь Анісім і Канапацкай былі заяўленыя вельмі ясна і выразна падчас самой выбарчай кампаніі. Гэта дае надзею, што мы пачуем у сьценах Палаты прадстаўнікоў і больш беларускай мовы, і больш здаровага сэнсу.
— Наколькі ясна і выразна гучалі пазыцыі Алены Анісім і Ганны Канапацкай? Першая — беспартыйная, наконт другой ужо цяпер ідуць дыскусіі, ці выйдзе яна з АГП. Увогуле, Алена Анісім і Ганна Канапацкая — ці апазыцыя яны?
— І спадарыня Канапацкая, і спадарыня Анісім, відавочна, прадстаўляюць прадэмакратычную плынь у палітыцы. Яны не належаць да праўладнай большасьці, якая будзе сфармаваная ў складзе Палаты прадстаўнікоў. Маё меркаваньне такое: яны належаць да апазыцыі. І я лічу, што тытульная апазыцыя павінна спакойна паставіцца да дэпутацтва Анісім і Канапацкай. Таму што няма аднаго офіса, дзе чалавек можа атрымаць ліцэнзію, якая сьведчыць, што ён апазыцыянэр. Калі чалавек мае альтэрнатыўны погляд і выходзіць з альтэрнатыўнай пазыцыяй, ён аўтаматычна апазыцыянэр.
— Папярэдні парлямэнт за чатыры гады працы ініцыяваў толькі тры законы. Калі сытуацыя паўторыцца і Анісім з Канапацкай ня зробяць «прарываў», ці будзе гэта падставай для крытыкі апазыцыі — маўляў, і ў парлямэнце нічога зрабіць ня могуць?
— Так, безумоўна. Шмат будзе залежаць ад таго, як будуць працаваць прадстаўніцы АГП і ТБМ у складзе Палаты прадстаўнікоў. Я перакананы, што яны будуць актыўныя, што будуць ініцыяваць прыманьне важных для Беларусі законаў. Але менавіта па гэтых дзьвюх асобах будуць ацэньваць беларускую апазыцыю міжнародная супольнасьць і частка беларускай грамадзкасьці. Тое, як праходзяць выбары — а яны праходзяць фактычна без удзелу саміх выбарнікаў, — сее апатыю ў грамадзтве, таму зьяўленьне альтэрнатыўнай думкі ў такім абмежаваным аб’ёме ня здольнае падняць цікаўнасьць грамадзтва да гэтай Палаты. Але калі новыя дэпутаткі спрацуюць актыўна і якасна, гэта будзе плюсам для ўсёй дэмакратычнай супольнасьці, для ўсёй апазыцыі, дый для ўсёй Беларусі.
— А калі не атрымаецца «актыўна і якасна»? Можа, улады адмыслова не прапусьцілі, напрыклад, кіраўнікоў апазыцыйных структураў, з разьлікам, што адносна неактыўныя дэмакратычныя прадстаўнікі сябе мала праявяць і гэткім чынам дыскрэдытуюць усю апазыцыю?
— Я ня думаю, што быў такі разьлік уладаў. Было відавочна адразу, што ніхто з кіраўнікоў дэмакратычных арганізацыяў ня будзе прапушчаны ў парлямэнт. Забясьпечваючы апазыцыю ў Палаце, улады перастрахаваліся шматкроць. Але наўрад ці быў разьлік, што канкрэтна гэтыя дзьве асобы ніякім чынам сябе ў Палаце ня выявяць і праз гэта дыскрэдытуюць апазыцыю. Для такой ролі можна было б знайсьці іншых кандыдатаў, якіх улада змагла б назваць дэмакратычнымі.