Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Ганна Канапацкая стала дэпутатам, а Тацьцяна Караткевіч — не


Якое ўнутрыпалітычнае значэньне будуць мець сёлетнія выбары?

Удзельнікі: Уладзімер Глод, Юры Дракахруст, Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Думаю, без перабольшваньня можна сказаць, што гэтыя выбары сталі пэўным рубіконам, пачаткам нейкай новай палітычнай рэальнасьці. Па-першае, чыста фармальна, упершыню ад 2004 году ў палаце прадстаўнікоў зьявіцца прадстаўнік апазыцыйнай партыі — актывістка АГП Ганна Канапацкая.

Калі казаць пра гэты канкрэтны выпадак, то зроблена гэта было, я б сказаў, — «з асаблівым цынізмам». Уладам настолькі трэба было гучна «апусьціць» Тацьцяну Караткевіч, што яны нават вырашылі аддаць перамогу на яе акрузе іншай апазыцыянэрцы. Маўляў, хто такая ваша Караткевіч? Глядзіце, яе нават мала каму вядомая (да гэтага моманту) актывістка АГП перамагла.

Калі ж казаць пра больш стратэгічны сэнс пропуску ў парлямэнт Канапацкай, то гэта было зроблена, відавочна для таго, каб мець свой контраргумэнт на заявы апазыцыі пра фальсыфікацыю выбараў. Маўляў, якая фальсыфікацыя, калі вось у адной акрузе ваша прадстаўніца прайшла? Ніякіх фальсыфікацыяў, вы проста не перамаглі.

Апазыцыйная актыўнасьць, выступы, заявы і пікеты не ўзрушылі, не абудзілі людзей

2-3 апазыцыйныя чалавекі — гэта максымум, які вырашыліся прапусьціць улады. Пры гэтым, вядома, прапусьцілі яны людзей не самых вядомых і не самых зацятых, скажам так. Нават у выпадку з Аленай Анісім прапусьцілі яе як намесьніцу старшыні ТБМ, а не прапусьцілі самога старшыню таварыства Алега Трусава.

Наступная выснова. Каб ніхто не сумняваўся (ані ўнутры краіны, ані за мяжой), улады далі зразумець і пераканацца, што машына фальсыфікацыяў і забесьпячэньня патрэбных вынікаў галасаваньня па-ранейшаму дзейнічае эфэктыўна і бяз збояў. Каб нехта не падумаў, што зьявіўся нейкі шанец, што ўлада аслабла, выявіла слабіну.

Яшчэ адна важная выснова. Зараз многія апазыцыйныя кандыдаты якраз даказваюць, што ў іх акругах выбары на самой справе не адбыліся, бо людзі не прыйшлі на выбары. Але што гэта азначае? Сярод іншага, гэта азначае, што апазыцыйная актыўнасьць, выступы, заявы і пікеты не ўзрушылі, не абудзілі людзей, не прымусілі іх прыйсьці на выбарчыя ўчасткі і прагаласаваць за апазыцыю. То бок нават ва ўмовах эканамічнага крызысу, і відавочнага нездавальненьня насельніцтва сваім жыцьцём гэта, аднак, масавага не павялічыла палітычную актыўнасьць людзей.

Глод: Уначы, калі я даведаўся вынікі выбараў, я задаў сабе пытаньне: чаму Канапацкая, а не Караткевіч? Чаму Анісім, а не Трусаў? І знаходжу адказ. Гэтыя людзі невыпадкова патрапілі ў склад парлямэнту. Гэтыя дзьве жанчыны безумоўна прытрымліваюцца дэмакратычных поглядаў. Аднак яны нічым не «заплямілі» сябе ў вачах улады, найперш радыкальнымі выказваньнямі. Таму іх так свабодна прапусьцілі.

У Канапацкай і Анісім палітычнага мінулага амаль няма.

Улада добра падрыхтавалася да гэтай выбарчай кампаніі. І ўсё разьлічыла. Уявіце, дэпутатамі сталі б Караткевіч і Трусаў. І што далей? І спадарыня Тацьцяна, і спадар Алег маглі б рэзка выступіць падчас сэсіяў супраць улады. Такі паварот падзеяў выключаць абсалютна нельга. І ўлада атрымала б двух вельмі моцных апанэнтаў.

А ў Канапацкай і Анісім палітычнага мінулага амаль няма. Ім трэба яшчэ толькі пачынаць раскручваць свае імёны. А гэта зойме пэўны час. Да таго ж у палаце прадстаўнікоў цяпер раскруціцца дастаткова складана. Гэта не пачатак 90-х гадоў, калі пасяджэньні Вярхоўнага Савету без купюраў паказвала беларускае тэлебачаньне. І гэта не прэзыдэнцкія выбары, дзе фактычна ўсе выбаршчыкі ведалі спадарыню Караткевіч. Так што тут улады са свайго пункту гледжаньня зрабілі ўсё правільна. Яны паказалі Захаду, што ў парлямэнце праз 12 год зьявіліся дэпутаты дэмакратычнай арыентацыі. Але гэтыя людзі пакуль уладам нічым сур’ёзным не пагражаюць.

Дарэчы, назіральнікі кажуць, што Ганну Канапацкую менавіта прапусьцілі ў палату. Яны адсочвалі сытуацыю на двух участках у яе акрузе і заявілі, што сумленнага падліку галасоў на гэтых участках не было. Магчыма, такога справядлівага падліку не было і ва ўсёй акрузе.

Дзьве жанчыны ад дэмакратычнага лягеру — гэта дазвол на вузенькую шчыліну. У магчымым разьліку праўладных аналітыкаў, што жанчыны стомяцца ваяваць з парлямэнцкім асяродзьдзем бальшыні.

Дарэчы, уначы падчас тэлефоннай размовы са спадарыняй Анісім я запытаўся ў яе пра гэтую вэрсію дзеяньняў улады. Дэпутатка, будзем спадзявацца, што яна ёй застанецца і пасьля таго, як будуць падведзеныя ня толькі папярэднія, але і канчатковыя вынікі галасаваньня, адказала, што гэта не так. Паводле яе жанчыны ня больш лагодныя, а больш настойлівыя. Жанчыны не адступаюць. Яны заўжды дамагаюцца свайго. Нездарма ж кажуць: чаго хоча жанчына, таго хоча Бог.

Як бы там не было, Алена Анісім і Ганна Канапацкая, будуць прадстаўляць у палаце прадстаўнікоў прыхільнікаў дэмакратычных пераменаў і беларускамоўнага электарату. І гэта, што б хто ні казаў, перамога апазыцыі. Зразумела, гэта паляпшае дачыненьні з Захадам. Таму, я думаю, што гэтае прызначэньне своеасаблівы рэвэранс на патрабаваньні Захаду. І спадзяваньне, што ад гэтага жэсту ўлады нешта атрымаюць.

Дракахруст: Цікавае супадзеньне: учора Лукашэнка на выбарчым участку адказваў на пытаньне журналістаў, загаварыў пра амэрыканскія выбары і сказаў, Клінтан — моцная, але амэрыканскае грамадзтва не сасьпела для жанчыны-прэзыдэнта, ну а беларускае — тым больш. Але ў падтэксьце: беларускае грамадзтва не сасьпела для жанчыны-лідэра. І два чалавекі, якіх прапускаюць у палату — жанчыны. То бок тут разьлік быў і на тое, што жанчына не стане ў Беларусі лідэрам нават у пэрспэктыве.

Чым сыстэма робіцца больш складанай, тым больш у ёй узьнікаюць усякага кшталту нечаканасьцяў.

Што да помсты Караткевіч, я мяркую, тут не столькі перасьцярога, што калі б яна стала дэпутатам, дык нешта б небясьпечнае рабіла і казала, колькі помста — летась жа з перамогай Лукашэнку не павіншавала.

Вось Улаховіч павіншаваў, Гайдукевіч таксама, і ўлада іх аддзячыла, адзін у палаце, другі — ў Савеце рэспублікі. А Караткевіч не. Ну яна не, дык і ёй — не.

Ну і цікавая зьява — дэпутаты ад фэйкавых партый, ад КПБ і ЛДП. Па сутнасьці гэта, зразумела, проста такая разбудова «пацёмкінскіх вёсак». Але наша гісторыя, у тым ліку і найноўшая, паказвае, што чым сыстэма робіцца больш складанай, тым больш у ёй узьнікаюць усякага кшталту нечаканасьцяў. У свой час Вячаслаў Кебіч таксама думаў, што ён будзе лёгка маніпуляваць кіраўніком камісіі па барацьбе з карупцыяй дэпутатам Аляксандрам Лукашэнкам. Але не зусім гэта ў Кебіча атрымалася.

Так што на мой погляд зьяўленьне ў палаце прадстаўнікоў чальцоў нават фэйкавых партыяў — усё ж такі больш плюс, чым мінус.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG