Ганна Канапацкая заявіла, што ў яе прыярытэтах як дэпутата — зьмена выбарчага заканадаўства — «Гэта задача нумар адзін», адмена артыкулу КК аб ілжэпрадпрымальніцтве, адмена дэкрэту аб дармаедзтве.
«Ганна за год можа зрабіць больш, чым усе 110 дэпутатаў мінулага скліканьня», — заявіў лідэр АГП Анатоль Лябедзька.
«У нас не было назіраньня на маёй акрузе, таму казаць пра сумленны падлік галасоў цяжка. Але я з упэўненасьцю магу сказаць, што мы гатовыя да перамогі на сумленных і свабодных выбарах», — заявіла Канапацкая ў адказ на пытаньне, ці перамагла яна па колькасьці галасоў.
Лябедзька: «Нам быў патрэбен час для кансультацыі. Мы павінны былі адказаць на пытаньне. Ганна Канапацкая — адна, сама па сабе ці частка вялікай каманды? Большасьць сябраў партыі, большасьць нашых сьпікераў і лідэры правацэнтрысцкай кааліцыі выказаліся за тое, што мы мусім выкарыстаць мандат Ганны Канапацкай каб стварыць новы парадак дня. Па-першае, вярнуць права выбару — свабодныя, сумленныя выбары. Па-другое, новы эканамічны курс. Трэці пункт — эўрапейскі выбар Беларусі».
Ганна Канапацкая не выключае свайго ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах, калі парлямэнцкая праца ў яе атрымаецца.
Канапацкая кажа, што яшчэ ня вызначылася з памочнікамі. Лябедзька таксама ня ведае, ці будзе ён памочнікам дэпутата.
Канапацкая бачыць сваім саюзьнікам у Палаце прадстаўнікоў Алену Анісім — у прыватнасьці па пытаньнях разьвіцьця беларускай культуры і мовы. Яна таксама не выключае, што знойдзе аднадумцаў па эканамічных пытаньнях сярод дэпутатаў, якія называюць сябе «гаспадарнікамі».
«Мы паспрабуем, выкарыстоўваючы мандат Ганны, вярнуць людзям цікавасьць да палітыкі», — сказаў Анатоль Лябедзька.
«Людзі сёньня не гатовыя паўтарыць Плошчу, усе баяцца паўтору ўкраінскага сцэнару. Але людзі гатовыя гаварыць. Гэта дае веру ў тое, што мы можам нешта зьмяніць. Людзі сапраўды хочуць перамен», — перакананая Канапацкая.