Хто стаў дэпутатам
Найбольшы адсотак ЦВК дае за дзейнага старшыню Палаты прадстаўнікоў Уладзімера Андрэйчанку — 86,8% (нават больш, чым было ў Лукашэнкі на выбарах-2015). За ім па адсотках памочнік Лукашэнкі Дзьмітры Гобараў з 82,7% і намесьніца міністра сельскай гаспадаркі Людміла Ніжэвіч з 80,3%.
Яшчэ 41 кандыдат мае больш за 70%, а менш за 50% маюць толькі 10 пераможцаў (для перамогі дастаткова адноснай перавагі).
Найменшы адсотак ЦВК дае за сябра АГП Ганну Канапацкую, толькі 23,7%. Праўладны кандыдат, якога СМІ называлі верагодным пераможцам, Аляксандар Дрожжа мае 21%, а кандыдатка ў прэзыдэнты на выбарах-2015 Тацяна Караткевіч («Гавары праўду») — толькі 14,4%.
Другая з канца — сьпявачка Ірына Дарафеева з 39,3%. На ейнай акрузе другое месца паводле ЦВК мае кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010 Віктар Цярэшчанка з 17,6%. І трэцяя з канца — Алена Анісім (ТБМ), якой даюць 40,5%. А яе галоўная канкурэнтка па акрузе, дырэктарка дзіцячага садку-школы Натальля Маслоўская — 22,2%.
Сьледам за імі з канца сьпісу пераможцаў — амбасадар у Аўстрыі Валер Варанецкі, у яго 40,7%. На ягонай акрузе другое месца даюць Алегу Гайдукевічу (ЛДПБ) з 19%. Недалёка ад канца і Мікалай Улаховіч (БПП) з 56,7%.
Хто ня стаў дэпутатам
Сярод незалежных кандыдатаў, якія не перамаглі, найбольшы адсотак даюць Ільлю Дабратвору (БНФ), які быў адзіным канкурэнтам Улаховіча на акрузе. У яго 19,3%. Наступны сярод апазыцыі — Аляксандар Мех (БНФ) з 17,2%, які прайграў дырэктару палітэхнічнага каледжу Васілю Дземідовічу (у таго 61,9%). За імі Андрэй Дзьмітрыеў з «Гавары праўду», якому даюць 15,5% (прайграў дырэктару «Дарбудындустрыі» Юрыю Лобачу, у якога 67,1%).
Сябру АГП Паўлу Стэфановічу, які запомніўся выступам за легалізацыю марыхуаны і зброі, далі 8,3% (прайграў дырэктару Вагонарамонтнага заводу Ігару Камароўскаму, у якога 49%). Старшыню партыі БНФ Алесю Янукевічу далі 4,4% (прайграў дырэктару МАЗа Валерыю Курсевічу, у якога 57,2%).
Яго супартыйцу Юрыю Губарэвічу далі 4% (нечаканы пераможца на акрузе — Максім Місько з «Фонду міру», у якога 44%). Старшыню ТБМ, кандыдату ад БСДП(Г) Алегу Трусаву далі столькі ж (ён прайграў дэпутатцы мінулага скліканьня, камуністцы Натальлі Клімовіч, у якой 53%).
Кандыдатцы ад АГП Тацяне Севярынец, якая запомнілася рэпам, далі 2,7%, яе суперніку па акрузе Аляксандру Ільінцу з БНФ далі 1,6% (перамог на ўчастку выкладчык-гінэколяг Сяргей Занько з 79,4%).
Найлепшыя лічбы з кандыдатаў ад БСДП(Г) у Ірыны Вештард — 13,2% (прайграла старшыню Астравецкага райвыканкаму Адаму Каваленку, у якога 62,6%), ад «Зялёных» у пазаштатнага карэспандэнта Tut.by Юрыя Глушакова — 12,2% (прайграў дэпутату мінулага скліканьня Алегу Леўшунову, у якога 59,6%), ад «Справядлівага сьвету» у Аляксандра Вінаградава — 11,8% (прайграў дырэктарцы раённага цэнтру сацабслугоўваньня Тацяне Старынскай, у якой 73,3%).
Мікраскапічныя лічбы даюць сябру БНФ, кандыдату ў прэзыдэнты на выбарах-2010 Алесю Міхалевічу — толькі 0,5% (прайграў начальніку Вайсковай акадэміі Сяргею Бобрыкаву, у якога 67%). На прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году Міхалевічу давалі болей — 1,02%.
І яшчэ меней, 0,4%, далі сябру АГП Юрыю Хашчавацкаму (прайграў згаданаму вышэй амбасадару ў Аўстрыі). Хашчавацкі запомніўся тэлевыступам, у якім казаў: «Гэта не апазыцыя слабая — гэта вы, дарагія мае суайчыньнікі, слабыя».
Ці верыць гэтым лічбам?
Незалежныя назіральнікі і місія АБСЭ адзначалі разнастайныя парушэньні ў галасаваньні і падліку галасоў, махінацыі зь яўкай.
На пытаньне Свабоды, ці можна давяраць вынікам выбараў і зьвесткам па яўцы, кіраўнік місіі БДІПЧ АБСЭ Кент Гэрстэт сказаў:
«Гэта ні ў якім разе не былі свабодныя і справядлівыя выбары, было так шмат парушэньняў, што яны не адпавядалі міжнародным стандартам свабодных і справядлівых выбараў ні ў якім разе. Як прадстаўнікі АБСЭ мы даем рэкамэндацыі, як выправіць сытуацыю, каб адпавядаць гэтым стандартам».
Зь іншага боку, выбары прызналі шматлікія назіральнікі ад праўладных і бюджэтных арганізацыяў, а таксама назіральнікі ад Садружнасьці Незалежных Дзяржаў і Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.