Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары-2016: Эўрарамонт «пятага кола»


Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Палітычная канструкцыя ўсё ж мяняецца. Хай нават гаворка ідзе і пра эўрарамонт «пятага кола».

На першы погляд, выбары ў палату прадстаўнікоў шостага скліканьня не прынесьлі ніякіх нечаканасьцяў. Грамадзкага ўздыму ў краіне, нягледзячы на гнятлівае эканамічнае становішча, не назіралася, крызісу ўлады — таксама. Ну і з чаго выбарам быць не такімі, як раней? Пры гэтым у орган улады, рэальныя паўнамоцтвы і значэньне якога ня надта зразумелыя. Навошта яшчэ і парлямэнт, калі ёсьць прэзыдэнт? Нейкае такое «пятае кола» у вазку айчыннай дзяржаўнай улады.

Але ўсё ж пара сюжэтаў заслугоўвае ўвагі.

Першы — гэта абраньне дэпутатамі, дакладней, дэпутаткамі, дзьвюх апазыцыянэрак — Алены Анісім і Ганны Канапацкой. Ну, апазыцыянэрка уласна адна Канапацкая. Але і Анісім — прадстаўніца незалежнай грамадзкай арганізацыі, якая нярэдка крытыкуе дзяржаўную палітыку.

Не настолькі важна ці адбылося фактычна прызначэньне іх дэпутаткамі — насамрэч важней тое, што яны там апынуліся.

Зразумела, што абедзьве яны надвор’я ў палаце ня зробяць і нават прынцыпова ня зьменяць. Але ў палаце прадстаўнікоў цяперашняга скліканьня не было і такіх. І ў папярэдняга скліканьня — не было. А цяпер будуць. Ужо не настолькі важна ці была настольки магутнай іх народная падтрымка, што ўлада нічога не магла з гэтым зрабіць, ці адбылося фактычна прызначэньне іх дэпутаткамі — насамрэч важней тое, што яны там апынуліся.

Чаму ў палату прадстаўнікоў прапусьцілі менавіта Ганну Канапацкую, якая ішла па адной акрузе з экс-кандыдатам у прэзыдэнты Тацянай Караткевіч? Вядомасьць экс-кандыдата была несувымерна вышэйшая, чым яе пакуль мала каму вядомай канкурэнткі. Палітычная пазыцыя Аб’яднанай грамадзянскай партыі больш рашучая і апазыцыйная, чым кираванай Караткевіч кампаніі «Гавары праўду».

Можна, вядома, убачыць у гэтым загадкавую прыхамаць народнага волевыяўленьня. А можна і палітычны разьлік.

Пасьля мінулых выбараў Караткевіч не павіншавала Аляксандра Лукашэнку з перамогай.

Пасьля мінулых выбараў Караткевіч не павіншавала Аляксандра Лукашэнку з перамогай. Сяргей Гайдукевіч і Мікалай Улаховіч павіншавалі, а яна — не. Паток праклёнаў ў яе адрас, абвінавачваньняў у прыкормленасьци уладай ад гэтага кроку ня абмялеў, але сама ўлада, так бы мовіць, затаіла ў душы некаторую крыўду. Да таго ж немаленькі працэнт галасоў, якія набрала ў мінулым годзе Караткевіч (па дадзеных незалежных апытаньняў — дык і вельмі немаленькі) у выпадку яе трапляньня ў парлямэнт рабіў яе патэнцыйна небясьпечнай фігурай. Не цяпер, зразумела, а ў будучыні.

Ну і нарэшце намаганьні калегаў з апазыцыі па дыскрэдытацыі «Гавары праўду» зрабілі сваю справу. У вачах немалой колькасьці і беларускай публікі, і заходніх палітыкаў Караткевіч і Андрэй Дзьмітрыеў — як бы не зусім апазыцыя. Або зусім не апазыцыя.

Ну і вось апынулася б у парлямэнце, скажам, Караткевіч. Бяды не здарылася б, але клопату ўладзе дадалося б. А ў чым выйгрыш? Ну некаторы быў бы. Але размовы пра фэйкавую, прыкормленую апазыцыю гэты выйгрыш некалькі паменшылі б.

А так усё прыгожа. Апазыцыйнасьць АГП выклікае сумневы ў вельмі нешматлікіх. Геапалітычныя памкненьні партыі адназначныя. АГП — ледзь не самая ўплывовая і актыўная апазыцыйная партыя. Яна ў парлямэнце прадстаўленая. Якія пытаньні?

Пры гэтым наносіцца ўдар па Караткевіч, па яе папулярнасьці і палітычных пэрспэктывах. Якая такая папулярнасьць — прайграла нікому не вядомай таксама апазыцыянэрцы? Не чыноўніку, ня стаўленіку ўлады, што можна было б патлумачыць фальсыфікацыямі. Можна і ў дадзеным выпадку, але прагучыць менш пераканаўча.

Абраньне Канапацкай безумоўна ўзмацніць разлад у апазыцыі.

Абраньне Канапацкай безумоўна ўзмацніць разлад у апазыцыі. Што цяпер Караткевіч рабіць — аспрэчваць абраньне канкурэнткі і тым самым губляць сябе? Яна ўжо заявіла, што ня будзе гэтага рабіць, але цяпер абвінавачваньні ў фэйкавасьці, у тым, што ўлада правяла за ручку ў палату прадстаўнікоў зручнага ёй прадстаўніка апазыцыі, «Гавары праўду» зможа вярнуць яе рашучым крытыкам з АГП. Ну а ўлада за гэтым высьвятленьнем адносінаў будзе з задавальненьнем назіраць.

Абраньне Канапацкай можа прывесьці і да зьмены кіраўніцтва АГП. Анатоль Лябедзька стаіць на чале партыі ўжо вельмі даўно. Роўнай яму па палітычным вазе і досьведу фігуры ў партыі не праглядаецца. А тут у яе шэрагах апынецца дэпутат парлямэнту. Ну так, зразумела, якога парлямэнту, але вось Лябедзька ніякага не дэпутат. Праблема «зьмены варты» ў партыі можа ўзьнікнуць, што наўрад ці яе ўзмоцніць.

Для замежжа прысутнасьць у парлямэнце нават аднаго прадстаўніка выразнай, бясспрэчнай апазыцыі моцна паўплывае на ацэнкі.

Ну і для замежжа прысутнасьць у парлямэнце нават аднаго прадстаўніка выразнай, бясспрэчнай апазыцыі моцна паўплывае на ацэнкі. Раней назіральнікі АБСЭ, адзначаючы прагрэс у правядзеньні выбараў, казалі пра рэчы ўскосныя і працэдурныя. Цяпер гаворка ідзе пра іншы вынік — было нуль апазыцыянэраў, стала адна. Ці нават дзьве.

Прагрэс, прама скажам, сьціплы, але ў параўнаньні з чым і з кім? Вось, напрыклад, Азэрбайджан, таксама ўдзельнік праграмы ЭЗ «Усходняе партнэрства», дэпутаты азэрбайджанскага парлямэнту засядаюць і ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, і ў парлямэнцкай асамблеі таго самага «Партнэрства». Пры гэтым апазыцыя тыпу АГП у азэрбайджанскім парлямэнце не прадстаўленая ўвогуле, нуль такіх дэпутатаў. Прадстаўленыя партыі накшталт беларускай ЛДП, калі праводзіць аналёгію.

А ў беларускім парлямэнце АГП цяпер прадстаўленая будзе. Дык чаму ж беларускаму парлямэнту, дзе апазыцыя ёсьць, ня даць таго ж, што мае азэрбайджанскі, дзе апазыцыі няма?

Варта адзначыць, што рашэньне аб гэтым будуць прымаць не назіральнікі АБСЭ, а палітыкі краінаў ЭЗ. Пра тое, што ў іх ёсьць розныя думкі на гэты конт, сьведчаць розныя падзеі. Напрыклад, нядаўна Беларусь наведаў віцэ-сьпікер Сэйму Польшчы Рышард Тэрлецкі. Ён апынуўся першым за шмат гадоў высокім прадстаўніком парлямэнту вядучай заходняй краіны, які сустрэўся з кіраўніцтвам палаты прадстаўнікоў. І гэта з тым, дзе апазыцыі не было. Ну а ў новым будзе.

Зразумела, ніхто ні ў Эўропе, ні ў ЗША, знаходзячыся ў цьвёрдым розуме і пры памяці, ня прыме і Нацыянальны сход Беларусі новага скліканьня за паўнавартасны парлямэнт. Але ізаляцыя можа быць аслабленая і сустрэчы, такія як сустрэча з Тэрлецкім, могуць стаць рэгулярнымі, могуць запрасіць Нацыянальны сход у парлямэнцкую асамблею «Ўсходняга партнэрства».

Рэчы гэта больш прэстыжныя, чым практычныя, але і прэстыж — не апошняя рэч ў міжнароднай палітыцы.

Прэстыж — не апошняя рэч ў міжнароднай палітыцы.

А беларускім уладам насамрэч большага і ня трэба. Надта самастойны і прызнаны ў Эўропе парлямэнт — гэта пэўная пагроза, а раптам галава закружыцца і дэпутаты і праўда падумаюць, што яны і ёсьць ўлада? А ўдзел у рознага роду міжпарлямэнцкіх вячорках — гэта ў самы раз. Ніякага іншага прызнаньня, уласнага кажучы, і не існуе.

Яшчэ адзін цікавы вынік цяперашніх выбараў — прыкметнае павелічэньне ў дэпутацкім корпусе «партыйнай праслойкі». У цяперашнім парлямэнце ўсяго 5 камуністаў і адзін прадстаўнік Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці (РППС). У ізноў абраным чальцоў КПБ будзе 8, адзін дэпутат ад ЛДП, адна, як ужо было сказана, з АГП, і яшчэ 8 — ад Патрыятычнай партыі (ПП) і РППС. Агулам 18 — рост «партыйнай праслойкі», так бы мовіць, у тры разы.

Беларуская ўлада не гатовая пайсьці шляхам Расеі і Казахстану.

Ну можа народ выбраў, можа, партыі так неймаверна нарасьцілі сваю моц і папулярнасьць. Можа і так. Але можна меркаваць, што гэта — вынік, скажам так, палітычнага мадэляваньня. Беларуская ўлада не гатовая пайсьці шляхам Расеі і Казахстану, дзе, па-першае, ўтвораныя афіцыйныя «партыі ўлады», а па-другое, аўтарытарная сыстэма ў куды большай ступені маніпуляцыйная. КПРФ і ЛДПР ня кідаюць выклік Крамлю, але ўсё ж яны ня чыстыя марыянэткі Крамля.

Але чаму б не паспрабаваць?

Вядома, нечаканасьцяў ўладзе не хочацца. Але тут даводзіцца выбіраць з двух ліхаў. Паслухмянасьць цяперашняга парлямэнту — рэч прыемная, але ў сьвеце Бог ведае, што робіцца, а любоў да начальства паводле абавязку службы ня вельмі надзейная, калі што здарыцца. Ну а чаму б і не паэкспэрымэнтаваць, не набраць нейкіх іншых людзей, не надаць сыстэме нейкую дадатковую гнуткасьць?

Праўда, рызыкоўны любы выбар. У 1993 годзе тагачасны прэм’ер Вячаслаў Кебіч таксама думаў, што зможа кіраваць цалкам ляяльным яму старшынём камісіі па барацьбе з карупцыяй Аляксандрам Лукашэнкам. А вось як яно атрымалася ў выніку.

Палата прадстаўнікоў 2016 году — не Вярхоўны Савет 1993 году, так што рызыка невялікая. Але важна адзначыць, што палітычная канструкцыя ўсё ж мяняецца. Хай нават гаворка ідзе і пра эўрарамонт «пятага кола».

Перадрук з парталу TUT.BY

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG