Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбарчая кампанія: сумесь лібэралізацыі і бруталізацыі


Якімі асаблівасьцямі вызначыліся сёлетнія выбары?

Удзельнікі: Уладзімер Глод, Юры Дракахруст, Віталь Цыганкоў

Глод: Я хацеў бы, калегі, зьвярнуць найперш вашу ўвагу на прынцыпова розную ацэнку выбараў у Беларусі з боку міжнародных назіральнікаў і арганізатараў выбараў. Глядзіце, што атрымліваецца. Вось Юры Дракахруст распавёў пра сёньняшнюю рэакцыю місіі АБСЭ. Аднак старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі сёньня ж заявіла, што значная частка рэкамендацыяў АБСЭ была выкананая. У той жа час назіральнікі ад Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ), а гэта структура, якая дзейнічае ў рамках АБСЭ, заяўляюць, што бальшыня прапановаў, якія вылучаліся да пачатку парлямэнцкай кампаніі, беларускія ўлады праігнаравалі.

Паколькі я ўжо далёка ня першы год адсочваю выбары ў Беларусі, магу заявіць: рацыю тут маюць прадстаўнікі БДІПЧ. Спадарыня Ярмошына тлумачыць: не былі выкананы тыя рэкамэндацыі, якія патрабавалі ўнясеньня зьмяненьняў у выбарчае заканадаўства. Маўляў, для гэтага не хапіла часу. Але тут старшыня ЦВК, на мой погляд, хітруе.

Беларусі яшчэ трэба прайсьці вялікі шлях да вольных і дэмакратычных выбараў.

Прынцыповыя заўвагі з боку БДІПЧ вядомыя ўжо не адзін год. І калі б у беларускіх уладаў было жаданьне іх рэалізаваць, то можна было б спакойна аформіць зьмены і дапаўненьні праз парлямэнт, не адкладаючы гэтага на няпэўны час. Тым болей, што АБСЭ не вылучае нейкіх абсалютна новых і нечаканых пажаданьняў. Кожны раз размова ідзе пра адно і тое ж. Але беларускія ўлады ўхіляюцца ад іх разгляду, спасылаючыся пазьней на тое, што ім нібыта не хапіла часу, каб юрыдычна бездакорна аформіць прапановы. За гэтым хаваецца нежаданьне да кардынальных зьменаў як у заканадаўстве, так і ў выбарчай практыцы.

Думаю, што гэта цудоўна разумеюць і назіральнікі ад БДІПЧ АБСЭ. Таму яшчэ да іх заключэньня, я быў упэўнены ў агульнай ацэнцы імі беларускіх выбараў. Так, будзе заяўлена, што ёсьць пэўны прагрэс параўнальна зь мінулымі выбарамі, якія праходзілі чатыры гады таму. Аднак іх недастаткова, каб прызнаць, што сёлетнія выбары цалкам адпавядалі стандартам АБСЭ. Думаю, афіцыйны Менск хацеў больш ляяльнай ацэнкі.

І, мабыць, самае галоўнае ў гэтай справаздачы — гэта тое, што не выконваюцца ранейшыя рэкамэндацыі БДІПЧ. Высновы ўкладаюцца ў формулу — Беларусі яшчэ трэба прайсьці вялікі шлях да вольных і дэмакратычных выбараў. Але я не думаю, што гэтая справаздача паўплывае на цяперашні трэнд нармалізацыі дачыненьняў Беларусі з Захадам. Міжнародная каньюнктура складваецца на карысьць Лукашэнкі, бо Эўропе сёньня не да яго. І я думаю, што кіраўнік Беларусі хоча гэтым скарыстацца.

Цыганкоў: Пра «піраву перамогу» для ўлады ці пра «маральную перамогу» для апазыцыі мы чуем дастаткова доўга, і тут я б не стаў пагаджацца з Сяргеем Калякіным, паколькі не бачу нічога такога, што зьмяніла б і аслабіла пазыцыю ўлады ў выніку гэтай выбарчай кампаніі.

Улада дзейнічала так, каб нехта не падумаў, што ў грамадзтва, у незалежных кандыдатаў зьявіўся нейкі шанец. Тых два ўмоўных апазыцыянэры, якія зьявяцца ў новым складзе палаты прадстаўнікоў, гэта не слабіна — гэта спэцапэрацыя. І, прапускаючы гэтых дваіх, улада тым самым па ўсіх астатніх прыкметах дае зразумець, што яна па-ранейшаму дзейнічае дастаткова эфэктыўна.

Сыстэма забесьпячэньня патрэбных вынікаў галасаваньня працуе без збояў. Такое пасланьне грамадзтву несла ўся гэтая выбарчая кампанія ад пачатку да канца. Трэба ацэньваць ад самага першага этапу кампаніі, магчыма, там адбылося самае важнае, калі амаль нікога з апазыцыі не пусьцілі ў выбарчыя камісіі. Тады ўжо стала зразумела, што нягледзячы на наіўныя ілюзіі беларускіх ці замежных назіральнікаў, улада прывядзе гэтыя выбары як заўсёды.

Сыстэма забесьпячэньня патрэбных вынікаў галасаваньня працуе без збояў.

І далейшая хада гэтых выбараў пераканаўча даказала, што такая мэта і стаяла. А тое, што прапусьцілі дваіх — гэта вынік для Захаду, які запамінаецца, які можа шмат чаго пераламіць і даказаць. Не самая хада кампаніі, якая ішла некалькі месяцаў, а гэты канкрэтны вынік — дзьве апазыцыйныя дэпутаткі. Гэта тое, што ўлады будуць выкарыстоўваць ва ўсіх сваіх далейшых дыскусіях як унутры краіны, так і за мяжой, і гэта тая дробязь, якая б’е іншыя моманты, пра якія вы, Уладзімер, сказалі.

Дракахруст: Так званыя «цудоўныя» выбары адбываюцца з-за таго, што грамадзтва перажывае пад’ём, а ўлада крызыс. Гэта амаль ленінская формула: " Нізы не хочуць жыць па-старому, вярхі не могуць кіраваць па-старому«. Наколькі беларускія нізы не хочуць? Магчыма, не настолькі і не хочуць. А калі вось гэтага ціску было, то, зразумела, што ўлада магла займацца палітычным «дызайнам».

Ну вось прайшлі дзьве апазыцыянэркі. А маглі не прайсьці. А маглі і не яны. Пры ўсёй павазе да іх і іх выбаршчыкаў, так выглядае, што не яны гэтае пытаньне вырашалі. Хоць некаторыя асаблівасьці таго, што атрымалася, сьведчаць пра тое, што нейкія дзіўныя цікавыя працэсы ў беларускай уладзе ўсё ж такі ідуць.

Ну вось прайшлі дзьве апазыцыянэркі. Выглядае, што не яны гэтае пытаньне вырашалі.

Прыгадаем нашы з вамі ўласныя прагнозы. Ды не дапусьціць Лукашэнка ніводнага апазыцыянэра ў парлямэнт, ды не трэба яму гэта. З 2004 году, 12 гадоў, не было і цяпер ня будзе. І жывы ён быў без апазыцыі ў палаце прадстаўнікоў, і зараз жывы і ў будучыні гэтак жа жыць будзе. Не — не так.

Можна спрачацца пра пэрсаналіі, але тая ж Канапацкая — прадстаўніца Аб’яднанай Грамадзянскай партыі, яна відавочна і бясспрэчна апазыцыйная.

Дызайн праўладнага блёку — другі цікавы момант кампаніі. У мінулым скліканьні палаты было толькі 5 партыйцаў, 5 камуністаў. Зараз партыйцаў 18 — амаль у 4 разы болей. Адна сапраўдная апазыцыянэрка з АГП, адзін дэпутат ад ЛДП, 8 дэпутатаў маюць праўладныя камуністы і яшчэ 8 — ад фантомных партыяў кшталту Патрыятычнай партыі і Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці. Гэтыя людзі не «чыноўнікі», не «вэртыкальшчыкі».

Гэта нейкія людзі кшталту Мікалая Ўлаховіча. Дарэчы, ад ЛДП яшчэ адзін чалавек, гледзячы па ўсім, патрапіць у Нацыянальны сход, толькі ў верхнюю палату — старшыня партыі Сяргей Гайдукевіч. На мой погляд, гэта прынамсі азначае, што ва ўладзе спрабуюць экспэрымэнтаваць, разважаць пра тое, што, зразумела, любоў да начальства па службе — рэч добрая, але давайце паспрабуем якую яшчэ намацаць грамадзкую падтрымку. І вось гэтая зьмена з 5-ці да 18-ці, калі ацэньваць яе з пункту гледжаньня дэмакратычных стандартаў, то яна ніякая — як той казаў, ноччу ўсе коткі шэрыя. Але калі казаць пра пэрспэктыву беларускай палітычнай сыстэмы, гэта ўсё крыху больш складана.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG