Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБСЭ: «Мы засмучаныя, бо чакалі ўбачыць больш значны прагрэс»


Belarus — Gisela Wurm, Kent Harstedt, Ivana Dobešova, Tana de Zulueta of OSCE during press-conference in Minsk, 12sep2016
Belarus — Gisela Wurm, Kent Harstedt, Ivana Dobešova, Tana de Zulueta of OSCE during press-conference in Minsk, 12sep2016

Якія наступствы будуць мець высновы наконт беларускіх выбараў, зробленыя назіральнікамі АБСЭ?

Удзельнікі: Уладзімер Глод, Юры Дракахруст, Віталь Цыганкоў

Дракахруст: Напярэдадні выбараў улады зрабілі шэраг абяцаньняў па ўдасканаленьні заканадаўства і выкананьню рэкамэндацый БДІПЧ АБСЭ, але ў выніку «выканалі іх часткова, але недастаткова поўна» — заявіў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі каардынатар АБСЭ ў Беларусі Хэрштэдт Кент.

Паводле яго «Беларусі трэба будзе яшчэ прайсьці шлях для выкананьня дэмакратычных абавязацельстваў, дзесьці мы бачылі прагрэс, а недзе — не. Варта было б выканаць усе свае абяцаньні. Мы засмучаныя, бо мы чакалі ўбачыць больш значны прагрэс. І за гэты год можна было зьмяніць шмат» — працягнуў каардынатар АБСЭ.

Спадар Кент пералічыў заўвагі, якія агучваліся і раней, у прыватнасьці, адсутнасьць апазыцыі ў выбарчых камісіях, адсутнасьць роўных умовах для кандыдатаў і шэраг іншых.

Калі адлічваць нават не ад ідэалу, а ад стандарту — вынік тэсту адмоўны, стандарт не выкананы

Прадстаўніца групы міжнародных назіральнікаў Івана Добешава адзначыла на прэсавай канфэрэнцыі, што ў парлямэнт патрапілі два апазыцыйныя кандыдаты. Аднак, сказала яна, у краіне адсутнічае «неабходная для адкрытых дыскусіяў галоснасьць».

Поўная справаздача місіі назіральнікаў будзе абнародаваная пазьней, але выснова відавочная — выбары не былі дэмакратычнымі, улады выканалі ня ўсе свае абавязацельствы, прагрэс недастатковы. Але ёсьць. Ну і адзначанае абраньне двух апазыцыянэрак.

Напярэдадні сёлетніх выбараў заходнія прадстаўнікі гаварылі, што яны стануць тэстам для працягу працэсу нармалізацыі адносінаў паміж Беларусьсю і Захадам.

Але, працягваючы мэтафару, вынікі тэсту можна трактаваць па-рознаму. Калі адлічваць нават не ад ідэалу, а ад стандарту — вынік тэсту адмоўны, стандарт не выкананы.

Калі ацэньваць праз параўнаньне, то пэўны прагрэс ёсьць. І ня толькі ў сфэры працэдураў, але і вынікаў — раней у палаце прадстаўнікоў не было ніводнага апазыцыянэра, зараз — цэлых дзьве прадстаўніцы апазыцыі, што і адзначыла спадарыня Добешава.

Няшмат, мякка кажучы, але, скажам, у якім-небудзь азэрбайджанскім парлямэнце і таго няма. Што не перашкаджае яму быць прадстаўленым, скажам, у Парлямэнцкай асамблеі «Ўсходняга партнэрства». Іншымі словамі, заходнія ўрады маюць магчымасьць на падставе высноваў назіраньня АБСЭ праводзіць амаль што любую палітыку. Могуць і не даваць шмат Беларусі, нават прыпыніць ці спыніць працэс нармалізацыі — іспыт не зданы. А могуць і сказаць, што нешта ўсё ж зроблена, што дыялёг варта працягваць, каб спрыяць наступным крокам па дэмакратызацыі.

Пакуль цяжка сказаць, які выбар будзе зроблены. Я мяркую, што пэўныя крокі насустрач Менску ўсё ж зробленыя будуць. Скажам, прымуць Нацыянальны сход у парлямэнцкую асамблею Ўсходняга партнэрства, заходнія парлямэнцкія дэлегацыі будуць часьцей наведваць Менск і сустракацца з дэпутатамі палатаў. Шлях ужо адчыніў віцэ-сьпікер Сэйму Польшчы, сустрэўшыся з кіраўнікамі нават цяперашняга Нацыянальнага сходу. Ну вось па максымуму так. А як вы мяркуеце, калегі?

Глод: Калі сыходзіць з вынікаў галасаваньня на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў шостага скліканьня, то зьнешне выглядае — улады паставіліся да гэтай кампаніі больш памяркоўна, чым раней. Упершыню пасьля 2004 году ў парлямэнце зьявіліся прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасьці — Ганна Канапацкая зь Аб’яднанай грамадзянскай партыі і Алена Анісім з Таварыства беларускай мовы.

Наагул, калі параўноўваць з папярэднімі парлямэнцкімі выбарамі 2012 году, то палітычная атмасфэра зьнешне зьмянілася ў лепшы бок. Улады не разганялі пікеты і нават невялікія шэсьці. Так, яны па-ранейшаму складалі пратаколы, штрафавалі ўдзельнікаў акцыяў. Але ўсё ж іх не зьбівалі, як гэта было на папярэдніх выбарах. Болей за тое, зафіксаваны прыклад, калі міліцыянтаў у Гомельскай вобласьці пазбавілі прэміяльных за месяц, паколькі тыя недабразычліва паставіліся да пікетаў пад бел-чырвона-белым сьцягам.

Вось, бадай, і ўсе зьмяненьні да лепшага. Усё астатняе засталося, на ранейшым роўні. Болей за тое, шмат дзе сытуацыя пагоршылася. Сёньня нацыянальны каардынатар кампаніі «За справядлівыя выбары — 2016» Валер Ухналёў адзначаў, што ўлады пачалі паводзіць сябе больш нахабна. Калі раней зь 19 чальцоў участковай камісіі адзін і той жа працоўны калектыў прадстаўлялі 14-15 чалавек, то сёлета зафіксавана шмат прыкладаў, калі ўчастковая камісія фармавалася толькі з чальцоў аднаго працоўнага калектыву.

Сутнасны зьмест беларускіх выбараў не зьмяніўся, яны праходзяць па звычайнаму сцэнару.

Па-ранейшаму апазыцыю пакінулі за бортам выбарчых камісіяў усіх узроўняў. Хоць фармальна ўлады заяўлялі пра прагрэс у працэдурных момантах. Маўляў, фармаваньне выбарчых камісій выканкамы сёлета рабілі адкрыта, а не таемна, як раней. Аднак, як адзначаюць незалежныя назіральнікі, гэта была выключна фармальная працэдура. Кандыдатам задавалі адно-два пытаньні, але адказы на іх ніяк не ўплывалі на выбар сябраў камісіі. Дэмакратычных прэтэндэнтаў проста адкідвалі, як бы добра яны не адказвалі.

Лідзія Ярмошына публічна паабяцала, што назіральнікі будуць знаходзіцца не далей за тры мэтры да стала, дзе будуць лічыць бюлетэні. Аднак рэальныя падзеі паказалі, што нават такая дыстанцыя не дазволіла шмат дзе пабачыць сапраўдныя вынікі галасаваньня. Карацей, сутнасны зьмест беларускіх выбараў не зьмяніўся, яны праходзяць па звычайнаму сцэнару.

Піравай перамогай для ўлады назваў вынікі фармаваньня палаты прадстаўнікоў 6-га скліканьня старшыня партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін. Сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ён сказаў, што «партыя ўлады» заганяе людзей у цяжкае становішча і гэта можа ўрэшце рэшт прывесьці да грамадзянскай вайны ў Беларусі. Ён зьвярнуў увагу на выбары ў 105-й акрузе. Там балятаваліся эканаміст Віктар Цярэшчанка і сьпявачка Ірына

Дарафеева. Зразумела, што ў той складанай сытуацыі, якая цяпер існуе ў эканоміцы Беларусі, перамагчы павінен быў бы эканаміст, а раптам перамагае сьпявачка. Гэта не азначае, што ў галовах беларусаў усё зьмяшалася ці зьмянілася. Беларусы нармальныя людзі, але ўлада вырашыла правесьці свайго кандыдата, нягледзячы на думкі людзей. І таму, Сяргей Калякін думае, што такая перамога цалкам стане піравай.

А ці пагаджаецеся вы з гэтым меркаваньнем, калегі?

Цыганкоў: Беларускія ўлады цягам апошніх месяцаў паказалі, што яны дастаткова навучыліся рабіць нейкія перамены ў выбарчай рэгуляцыі, якія не маюць ніякай палітычнай вагі. Напрыклад, большае забесьпячэньне правоў інвалідаў на выбарах. Але некаторыя іншыя паляпшэньні, напрыклад, празрыстыя скрыні, якія ў некаторых акругах былі ўжо ўведзеныя, прывялі да аднаго з самых буйных скандалаў у гэтай выбарчай кампаніі, калі ў Каліноўскай акрузе адзін з назіральнікаў у празрыстай скрыні ўбачыў стос укінутых бюлетэняў, сфатаграфаваў іх, і было відавочна, што гэтыя бюлетэні немагчыма ўкінуць па аднаму, а яны былі туды ўкладзеныя шчыльным стосам.

Прагрэс будзе прызнаны, як і тое, што выбары па-ранейшаму зьяўляюцца несвабоднымі.

Але ў цэлым агульны вынік тэсту адмоўны. Беларусь не захацела палепшыць выбарчыя рэгуляцыі, практыку і заканадаўства. Вядома, пэўны прагрэс ёсьць, і такое прызнаньне прагрэсу будзе агульным рашэньнем Захаду. І яно задаволіць афіцыйны Менск. Захад баіцца, што калі зусім не прызнаць ніякага прагрэсу, ніякія спробы нешта палепшыць, то Менск можа спалохацца і адвярнуцца ад далейшых паляпшэньняў і стане ў нэгатывісцкую пазыцыю: калі вы не прызнаеце нічога, не будзе нічога нават спрабаваць. Таму прагрэс будзе прызнаны, як і тое, што выбары па-ранейшаму зьяўляюцца несвабоднымі.

Наколькі Менску ўдасца рэпрэзэнтаваць гэты прагрэс як нешта важнае — гэта мы пабачым, наколькі актыўна беларускія ўлады будуць чапляцца ў сваіх перамовах з Захадам за нейкія дробныя паляпшэньні. Ну але вось такі вынік, агучаны назіральнікамі АБСЭ, дае падставы для палітычных рашэньняў наконт афіцыйнага Менску як у той, так і ў іншы бок. Самі выбары адназначнага рашэньня не далі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG