Bloomberg піша пра прыгоды асабістага банкіра Максіма Бакіева, які цяпер арыштаваны і знаходзіцца ў ЗША. Гаворка ідзе і пра тое, якім чынам Яўгену Гурэвічу ўдалося ўцячы з Кіргізіі ў Беларусь, дзе бацька Бакіева атрымаў палітычны прытулак.
Гурэвіч грамадзянін ЗША, выпускнік унівэрсытэту Бэрклі, працаваў бізнэс-кансультантам у Нью-Ёрку, дзе пазнаёміўся з Максімам Бакіевым, сынам прэзыдэнта Кыргыстану. Яны заснавалі Кіргіскі інвэстыцыйны банк. За час далейшай працы ён стаў сьведкам шматлікіх выпадкаў атрыманьня хабараў. У тым ліку яго самога нібыта выкарыстоўвалі ў якасьці курʼера, які перавозіў пасылкі з наяўнымі.
У 2010-м спакойнае жыцьцё банкіра скончылася з-за перавароту, у выніку якога пазбавіўся ўлады бацька Максіма. Бакіевы змаглі пакінуць краіну, а Гурэвіч застаўся і апынуўся ў вышуку як набліжаны да сямʼі прэзыдэнта.
Гурэвіча, спачатку захапілі чачэнскія баявікі, якія затым за грошы прапанавалі выбрацца з Кіргізіі. Яўгеній перасек мяжу схаваны коўдрамі на заднім сядзеньні аўтамабіля і гэтак трапіў у Казахстан.
У рэшце рэшт, як апавядае Гурэвіч, яго выручыў Максім Бакіеў, які дазволіў паляцець у Беларусь на прыватным самалёце, прызначаным для вывазу членаў сямʼі былога прэзыдэнта Кыргыстану.
Супраца з уладамі ЗША
Праз пэўны час Гурэвічу захацелася выбрацца з Беларусі. Ён хацеў пазбавіцца ад Бакіевых, але знаходзіўся ў міжнародным вышуку, у тым ліку італьянскімі ўладамі. Гурэвіч вырашыў здацца амэрыканцам, пасьвяціўшы іх у дэталі зьдзелкі па інсайдарскім гандлі.
Паўгоду ён запісваў свае размовы з Бакіевым і партнэрамі, але ў нейкі момант сарваў расьсьледаваньне, перавёўшы 6 мільёнаў даляраў з рахунку Бакіева на свой. Праз тры месяцы Яўген прызнаўся ў гэтым амэрыканскім уладам і перадаў ім гэтую суму.
Па словах Гурэвіча, ён імкнуўся скампрамэтаваць сябе як сьведку і такім чынам нівэляваць сваю дапамогу ў справе супраць Бакіева. Бо быў удзячны таму за ўратаваньне ў Беларусі.