Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіргізстан намякнуў Беларусі на выдачу Бакіева


Курманбек Бакіеў
Курманбек Бакіеў

Наўпрост прозьвішча экс-прэзыдэнта не называецца, але пра іншых асобаў, якія жывуць у Беларусі і якіх шукае Кіргізстан, невядома.

У сталіцы Кіргізстану Бішкеку 26 траўня адбыліся перамовы дырэктара Дэпартамэнту консульскай службы МЗС Кіргізіі Рэспублікі Эркіна Асангулава з начальнікам Галоўнага консульскага ўпраўленьня МЗС Рэспублікі Беларусь Ігара Фісенка па консульскіх пытаньнях, паведамляе МЗС Кіргізстану.

На сустрэчы абмяркоўвалася пытаньне «выдачы грамадзян Кіргізстану, якія знаходзяцца ў міжнародным вышуку за розныя правапарушэньні, зьдзейсьненыя на тэрыторыі Кіргіскай рэспублікі, і якія знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь».

Канкрэтныя імёны ў паведамленьні ня згадваюцца, але можна меркаваць, што гаворка ідзе пра экс-прэзыдэнта Кіргізстана Курманбека Бакіева і ягоных родзічаў, якіх Кіргізстан намагаўся абвесьціць у міжнародны вышук праз Інтэрпол.

Беларуская пракуратура заяўляе, што ня выдасьць сваіх грамадзянаў іншым краінам — і пытаньне выдачы грамадзяніна Беларусі Курманбека Бакіева не стаіць.

Курманбек Бакіеў атрымаў беларускі пашпарт яшчэ ў жніўні 2010 году, у 2015-м пасьля пяці гадоў маўчаньня прэзэнтаваў у Менску свае мэмуары «Боль, любоў і надзея: мой Кіргізстан». Ягонага брата Жаныбека Бакіева абвінавачваюць у замаху на жыцьцё журналіста Сыргака Абдылдаева, таксама Кіргізстан патрабаваў ад Менску разгледзець сьледчыя даручэньні адносна сына Курманбека Марата Бакіева, які нібыта жыве ў дарагім катэджы ў Раўбічах, і іншых родзічаў экс-прэзыдэнта.

Зрынуты прэзыдэнт Кіргізстану Курманбек Бакіеў жыве ў пасёлку Дразды, недалёка ад рэзыдэнцыі Аляксандра Лукашэнкі. Ахоўвае Бакіева служба бясьпекі прэзыдэнта Беларусі. З Лукашэнкам Бакіеў кантактуе рэдка — не жадае «злоўжываць сяброўствам і лішні раз тузаць прэзыдэнта».

Кіргіскі актывіст Андуруш Тактанасыраў рэгулярна патрабуе экстрадыцыі былога прэзыдэнта Курманбека Бакіева праз акцыі пад беларускай амбасадай у Кіргізстане — ён раней прыносіў пад амбасаду «крыж Лукашэнку», «камяні для Лукашэнкі», спальваў пудзіла Лукашэнкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG