У пошце Свабоды ў гэтыя дні нямала допісаў на тэму рэальнага стану беларускай эканомікі. Напрыканцы чэрвеня і на пачатку ліпеня, падчас шматлікіх урачыстасьцяў з нагоды так званага Ўсебеларускага народнага сходу і наступнага сьвята незалежнасьці, улады часта і ахвотна хваліліся вынікамі сваёй дзейнасьці. Нашы слухачы да гэтых пераможных рэляцый ставяцца пераважна скептычна.
Вось што піша нам Юры Насевіч з Баранавічаў, зь ліста якога пачну сёньняшнюю размову:
Краіна сядзіць на крэдытнай іголцы, як наркаман. І вяртаць даўгі з кожным годам усё цяжэй. Даводзіцца выпрошваць, бо давер да такога пазычальніка — ніякі.
«1 ліпеня слухаў па радыё сьвяточную прамову Лукашэнкі. Вельмі ён хваліўся тым, што нейкую вялізную колькасьць валюты уклаў у беларускую эканоміку. Здаецца, 90 мільярдаў даляраў — у сельскую гаспадарку, прамысловасьць, ахову здароўя. А вось я хацеў бы пачуць іншае: у якія даўгі мы залезьлі дзеля гэтага? І колькі часу давядзецца шматмільярдныя пазыкі вяртаць? Наколькі я ведаю, мы ўжо цяпер ня здольныя своечасова плаціць усім, у каго пазычылі. Краіна сядзіць на крэдытнай іголцы, як наркаман. І вяртаць даўгі з кожным годам усё цяжэй. Даводзіцца выпрошваць, бо давер да такога пазычальніка — ніякі. Ужо і Масква не асабліва ідзе насустрач і ня хоча даваць грошы за так. Выглядае, што мядовыя гады скончыліся ня толькі для беларускай эканомікі, але і для самога Лукашэнкі».
Сапраўды, за апошнія 10 год улады, калі верыць афіцыйнай статыстыцы, уклалі ў сельскую гаспадарку каля 45 мільярдаў даляраў. Што адметна: сукупны замежны доўг Беларусі складае амаль такую ж лічбу — каля 40 мільярдаў даляраў. Іншымі словамі, кожны з грамадзянаў краіны (уключна зь немаўлятамі) вінен каля 4 тысяч даляраў. Для многіх беларусаў гэта вельмі істотная лічба — фактычна гадавы заробак. І хутка вярнуць гэтыя даўгі пры цяперашнім стане нацыянальнай эканомікі ня ўдасца: плаціць давядзецца і гэтым, і наступным пакаленьням беларусаў. Ну, ці можна разьлічваць на тое, што крэдыторы, пераканаўшыся ў няздольнасьці даўжніка абслугоўваць пазыкі, калі-небудзь пашкадуюць недарэку ды даруюць нясплачанае. Звычайна так паступаюць у дачыненьні да самых абяздоленых краінаў Афрыкі.
Аўтар наступнага ліста Аляксей Былінскі з Рэчыцы пра так званыя «дасягненьні» беларускіх уладаў доказна разважае на прыкладзе раёна, у якім жыве. Слухач піша:
Пакупніцкая здольнасьць насельніцтва зьменшылася на 10 працэнтаў. Дык чаму радавацца, чым хваліцца? Эканоміка ў заняпадзе, а яны хваляцца ды сьвяткуюць.
«З 1994 году толькі ў Рэчыцы і раёне ліквідаваныя практычна ўсе вядучыя прадпрыемствы. Сям-там фармальна яны існуюць, але фактычна пад іхнымі шыльдамі засталіся толькі ліквідацыйныя камісіі ды ахова, якія існуюць за кошт здачы ў арэнду часткі плошчаў. Такі лёс напаткаў, у прыватнасьці, завод электронікі «Рытм», гідролізны, піваварны, суднабудаўнічы (ён рэарганізаваны пад іншай назвай і цяпер гандлюе пяском), кераміка-трубны, цагельны, маслазавод, завод мастацкай керамікі, кансэрвава-гароднінны, птушкафабрыку...Магчыма, нешта я яшчэ і не згадаў. Працягваюць працаваць нафтавікі, метызны, газаперапрацоўчы, вінзавод... Але ці можна гэта параўнаць з тым, што страчана? Ды толькі дзеля таго, каб аднавіць усе гэтыя загубленыя прадпрыемствы нашага раёна, спатрэбілася б 50 тысяч новых працоўных месцаў, абяцаных Лукашэнкам для ўсёй краіны. А як жыць у іншых гарадах Беларусі? Пра гэта, выглядае, ніхто ня думае і не зьбіраецца думаць. Усё падмяняецца усеагульным захапленьнем і сьвяточнай мітусьнёй.
Вось чытаю ў абласной газэце «Гомельская праўда» за 9 чэрвеня хвальбу: агульны аб’ём даходаў насельніцтва вобласьці за першы квартал — 16, 3 трыльёна рублёў. Рост у параўнаньні з папярэднім годам — 2,4 працэнта. Ну добра, дык вы ж паглядзіце на іншую лічбу: спажывецкія цэны на тавары і паслугі за гэты час павялічыліся на 12,4 працэнта. Гэта значыць, пакупніцкая здольнасьць насельніцтва зьменшылася на 10 працэнтаў. Дык чаму радавацца, чым хваліцца? Эканоміка ў заняпадзе, а яны хваляцца ды сьвяткуюць.
Ці яшчэ адзін факт. У прэзыдэнцкай «Советской Белоруссии» за 17 чэрвеня — вынікі выкананьня Праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны за апошнія пяць год. Дык калі ўважліва ўчытацца — бачыш: з адзінаццаці найважнейшых паказьнікаў ня выкананы ніводзін (нават блізка). Валавы ўнутраны прадукт: заданьне — 162-168 працэнтаў, выкананьне — 105,9. Экспарт тавараў ды паслугаў: заданьне — 218-222, выкананьне — 112. І так — паўсюль».
Напэўна, ня ўсе з гэтых ліквідаваных прадпрыемстваў можна і трэба аднаўляць. Яны ствараліся і працавалі ў іншую эпоху, зь іншымі ўмовамі гаспадараньня і патрэбамі рынку. Віна ўлады, відавочна, ня ў тым, што яны збанкрутавалі, а ў тым, што доўгія гады іх утрымлівалі за кошт дзяржавы, не прадаючы і не рэфармуючы. Фармальна нібыта выконвалі загад Лукашэнкі: «Не дапусьціць разбазарваньня народнай уласнасьці!». Ну так, не дапусьцілі. І каму патрэбна цяпер гэта ўласнасьць: састарэлыя станкі, на якіх немагчыма выпускаць канкурэнтную прадукцыю; напаўразбураныя будынкі, якія лягчэй зьнесьці, чым аднавіць? Цяпер усё гэта і задарма гатовы аддаваць, абы знайшоўся гаспадар-інвэстар — ды нікому яны ўжо не патрэбныя...
___________________________________________________________________
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск−5, Паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by