Тэма, якая на працягу многіх гадоў нязьменна гучыць у пошце Свабоды, — беларуска-расейскія дачыненьні, хісткасьць і няўстойлівасьць беларускай незалежнасьці на тле агрэсіўнай вонкавай палітыкі Масквы.
Пачну сёньняшнюю размову з аднаго зь лістоў на гэтую тэму. Наш слухач Дзьмiтры Аўчыньнiкаў жыве ў расейскім Новасыбірску, але выдатна валодае беларускай мовай і цікавіцца ўсім, што адбываецца на Бацькаўшчыне. Ён піша:
«Беларуска-расейскія адносіны разьвіваюцца па сьпіралі, і пэўныя сюжэты ў іх раз-пораз паўтараюцца. Інфармацыйныя, эканамічныя, малочныя ды іншыя войны чаргуюцца з пэрыядамі замірэньня і сяброўства. Новы час, новыя абставіны, канешне, уносяць у гэтыя звыклыя сюжэты некаторыя новыя, адметныя рысы. Якія, зрэшты, не мяняюць сутнасьці.
Усё гэта, па вялікім рахунку, сьведчыць пра тое, што г.зв. братэрская інтэграцыя дзьвюх краінаў будуецца выключна на рацыянальнай ды прагматычнай падставе. Ніякай сэнтымэнтальнасьці ў ёй даўно няма. Прынамсі на вышэйшым узроўні. Сярод шараговых людзей сытуацыя трошкі іншая, аднак, як сьведчаць дадзеныя сацыялягічных апытаньняў беларусаў, у апошнія гады іх стаўленьне да Расеі збольшага вызначаецца бягучай каньюнктурай двухбаковых дачыненьняў. Гэта істотна адрозьніваецца ад сытуацыі 90-х гг., калі людзі шчыра імкнуліся да збліжэньня з РФ, бачылі ў гэтым магчымасьць рэінкарнацыі СССР. Цяпер прыязнае стаўленьне беларусаў да Расеі абумоўліваецца яе роляй галоўнага спонсара беларускай сацыяльнай мадэлі, яе фінансавай дапамогай, якая, прынамсі дагэтуль, мела вялізныя памеры, — піша ў сваім лісьце на Свабоду Дзьмітры Аўчыньнікаў з Новасыбірску. — Цяпер сытуацыя мяняецца. Расея паглыбляецца ў зацяжны крызіс, і ўжо відавочна ня ў стане марнаваць мільярды на падтрымку хаўрусьніка, які да таго ж па шэрагу пытаньняў вядзе сваю гульню, найперш у міжнароднай палітыцы. Гэтую тэзу цудоўна ілюструе нулявы вынік апошніх сочынскіх перамоваў Лукашэнкі з расейскім вышэйшым кіраўніцтвам. Між іншым, менавіта разьлік на эканамічныя даброты з расейскага боку быў галоўным чыньнікам уступленьня Беларусі ў шэраг інтэграцыйных праектаў пад патранатам Расеі. Найперш гаворка пра Эўразійскі эканамічны саюз, які запрацаваў зь першага студзеня 2015 г. і на які асабіста Аляксандар Лукашэнка меў вялізныя спадзевы. Але выглядае на тое, што гэты амбітны праект скончыцца пшыкам. Прынамсі, першы год яго функцыянаваньня выявіўся надзвычай няўдалым. І, улічваючы, што большасьць нэгатыўных фактараў, найперш падзеньне коштаў на нафту, — доўгатэрміновы трэнд, чакаць эканамічнага росквіту чальцам гэтага хаўрусу не выпадае.
Што ж цяпер рабіць Лукашэнку? Ягоная 20-гадовая палітыка па інтэграцыі з Расеяй мела два абгрунтаваньні. Па-першае, ён сам — носьбіт ідэалёгіі славутага «русского мира» з усімі ягонымі атрыбутамі ды каштоўнасьцямі. Па-другое, разумее, што апроч Расеі, больш няма адкуль чакаць значных эканамічных прэфэрэнцыяў. У Захаду шмат іншых праблемаў, а Кітай — занадта спэцыфічны партнэр, які выдае толькі г.зв. «зьвязаныя крэдыты», якія мала спрыяюць вырашэньню праблем айчыннай эканомікі. Так што, па сутнасьці, абшару для манэўру ў беларускага кіраўніцтва няма», —
— напісаў у сваім лісьце на Свабоду Дзьмiтры Аўчыньнiкаў з расейскага Новасыбірску.
Ніякага крутога развароту на Захад Лукашэнка ніколі за дваццаць два гады свайго прэзыдэнцтва не рабіў і яўна не зьбіраецца рабіць у той неакрэсьленай будучыні, якая яму яшчэ адведзена на гэтай пасадзе. Вядома, з грашыма ў Масквы цяпер туга, на шматмільярдныя пазыкі ды субсыдыі разьлічваць ня варта. А хіба лягчэй ёй было ў сярэдзіне ды напрыканцы 90-х? Але ж усё роўна дапамагала. Не грашыма — дык таннымі нафтай і газам, ня новымі пазыкамі — дык сьпісаньнем ці адтэрміноўкай старых. І нішто ня сьведчыць пра тое, што гэтая даўняя завядзёнка перастане дзейнічаць.
Аўтар наступнага ліста — наш сталы слухач Аляксей Былінскі з Рэчыцы — зьвяртае ўвагу на праблему імклівага абясцэньваньня беларускага рубля і росту камунальных тарыфаў. Ён піша:
«Цяперашняя цана на даляры ў Беларусі наўмысна завышана. Прычынай гэтага стала бязьдзейнасьць і няздольнасьць да кіраваньня дзяржавай тых людзей, якія ўжо доўгі час застаюцца ля руля краіны. Вярхушка ўлады панабірала валютных крэдытаў, надрукавала пад іх беларускіх рублёў, а цяпер спрабуе выняць іх з абароту шляхам падвышэньня камунальных тарыфаў. Свае праблемы перакладаюць на плечы простага народа.
Пастанову пра рост цэнаў на паслугі жыльлёва-камунальнай гаспадаркі рыхтавалі некампэтэнтныя асобы, якія слаба разьбіраюцца ў спэцыфіцы гэтай галіны. Калі ўзьнікла патрэба ў скарачэньні выдаткаў бюджэту, дык найперш чыноўнікі павінны скараціць свой апарат ды зьнізіць раздутыя аклады — іншага шляху няма», —
— напісаў у сваім лісьце на Свабоду Аляксей Былінскі з Рэчыцы.
Цяжка разьлічваць, спадар Аляксей, што беларускія чыноўнікі добраахвотна пойдуць на такую самаахвярнасьць. У дэмакратычных краінах у падобных сытуацыях праблему вырашаюць шляхам выбараў і зьмены ўлады. У аўтарытарнай Беларусі спадзяваньне хіба толькі на волю аднаасобнага валадара. Пакуль, аднак, на фінансавыя інтарэсы сваіх набліжаных ён замахвацца не адважваецца. Востра неабходныя ва ўмовах крызісу грошы можна было б здабыць, увёўшы падатак на раскошу (напрыклад, на тыя ж драздоўскія палацы) — але ўлада замест гэтага залазіць у кішэні да народа, падвышаючы камунальныя тарыфы і ўводзячы падаткі на «дармаедаў».
________________________________________________________Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by