На лаве падсудных зноў апынецца Дзьмітрый Лукашэвіч, які ужо быў асуджаны за зьбіцьцё і нанясеньне траўмаў Пішчэўскаму на 2,8 год калёніі, адбыў з гэтага тэрміну больш за год і выйшаў на волю датэрмінова паводле амністыі.
Судзьдзя — Вікторыя Шабуня. Суд яшчэ не пачаўся, падсудны Лукашэвіч абурыўся тым, што яго пачалі здымаць журналісты. Сакратар Ліпай папрасіў спыніць здымкі.
Маці Пішчэўскага Валянціна заявіла Лукашэвічу новы пазоў аб кампэнсацыі ў сувязі са сьмерцю сына памерам 100 тысяч рублёў (новымі). Гэта ў 4 разы болей за пазоў, які ўжо быў задаволены Цэнтральным судом. Па першаму прысуду Лукашэвіч сплаціў маральную і матэрыяльную шкоду памерам 213 мільёнаў рублёў (старымі). Суд адносна новага памеру пазову вырашыў вызначыцца пасьля судовага сьледзтва. Лукашэвіч новы памер пазову не прызнаў, пагадзіўся толькі з тым памерам, які ўжо быў ім сплочаны.
Міхаіл Пішчэўскі быў геем. Шмат хто ў Беларусі і за межамі краіны мяркуе, што яго гібель была зьвязаная зь ягонай нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыяй, але ў 2015 годзе суд не выявіў ў дзеяньнях Дзьмітрыя Лукашэвіча матываў гамафобіі, а прызнаў яго вінаватым ў нанясеньні цяжкіх цялесных пашкоджаньняў па неасьцярожнасьці ў выніку злоснага хуліганства.
Цяпер Дзьмітрыю Лукашэвічу прадʼяўленае абвінавачваньне паводле часткі 1 артыкулу 144 (прычыненьне сьмерці па неасьцярожнасьці) і частцы 1 артыкулу 339 (забойства) Крымінальнага кодэксу. Абвінавачваны знаходзіцца пад падпіскай аб нявыезьдзе.
Крымінальная справа адноўленая пасьля сьмерці Пішчэўскага ад атрыманых цялесных пашкоджаньняў, у сувязі з новымі абставінамі.
25 траўня 2014 году каля менскай кавярні Underworld, у якой праходзіла гей-вечарынка, Міхаіл Пішчэўскі быў моцна зьбіты. Наведнікаў, якія выходзілі з кавярні, пачалі абражаць маладыя людзі, якія знаходзіліся побач. Здарыўся канфлікт, Лукашэвіч моцна ўдарыў Пішчэўскага, той упаў і ўдарыўся галавой аб бэтон.
Пішчэўскі праляжаў у коме каля месяца ў 5-й клінічнай бальніцы, потым дома. З комы так і ня выйшаў і памёр ў кастрычніку 2015 году.
Дзьмітрый Лукашэвіч цалкам сплаціў грошы, якія суд прызначыў для сваякоў Пішчэўскага ў якасьці кампэнсацыі.
Праваабаронцы не выключаюць, што Дзьмітрый Лукашэвіч атрымае новае пакараньне.