Зьява, якую цяжка не заўважыць у сёньняшняй Беларусі, — масавая працоўная міграцыя за межы краіны. Прычым зьяжджаюць, як правіла, найбольш працавітыя, здольныя, маладыя. Якраз супраць іх улада ўвяла нядаўна падатак на так званае «дармаедзтва», але ён гэтую плынь наўрад ці стрымае.
Пачну сёньняшнюю размову з аднаго з допісаў на гэтую тэму. Наш слухач Аляксей Казей зь Менску піша:
«Дзіўна, што ўлада зусім не зьвяртае ўвагі на тое, што зь Беларусі масава зьяжджае моладзь. Ня дзіва, што давялося падвышаць пэнсійны ўзрост. Адкуль жа ў бюджэце будуць грошы, калі гэтулькі працаздольных людзей паўцякалі за мяжу?
Няўжо нельга перакрыць межы так, каб працавітыя і здольныя заставаліся на радзіме? Вось у СССР з гэтым было проста.
Лічу, што з гэтай зьявай трэба неадкладна нешта рабіць. Няўжо нельга перакрыць межы так, каб працавітыя і здольныя заставаліся на радзіме? Вось у СССР з гэтым было проста. Захацеў за мяжу — а табе трэба сабраць гэтулькі дазволаў, што да пэнсіі не зьбярэш. Замежных пашпартоў не выдавалі, мяжа была на замку. І ўсе ціха сядзелі дома, ня рыпаліся.
Калі гэтак будзе працягвацца, у нас хутка моладзі зусім не застанецца. У мяне ў самога дачка ў Канадзе, а сын у Расеі. І вяртацца не зьбіраюцца. І амаль ва ўсіх знаёмых гэтак жа. Хто ж будзе паднімаць заняпалую эканоміку?».
А хто ж давёў эканоміку да такога стану, спадар Аляксей? Можа, ім і варта прад’яўляць прэтэнзіі?
Цяперашняя ўлада, можа, і хацела б аднавіць жалезную заслону на сваіх межах — на ўзор той, якой быў адгароджаны ад астатняга сьвету СССР — ды толькі зрабіць гэта ва ўмовах фактычнай адсутнасьці мяжы з Расеяй немагчыма. А ставіць памежныя кардоны пад Воршай і Клімавічамі — дык Масква ж не зразумее і ня ўхваліць...
Насамрэч, ёсьць просты і зразумелы рэцэпт — як зрабіць так, каб моладзь не зьяжджала з краіны. Для гэтага тут павінны быць добрыя працоўныя месцы. На жаль, апошнія два дзесяцігодзьдзі аўтарытарны беларускі рэжым патраціў пераважна на тое, каб захаваць у недатыкальнасьці састарэлыя гіганты савецкай індустрыі, якія ня здольныя выпускаць канкурэнтную прадукцыю, а значыць, ня могуць плаціць працаўнікам прывабныя заробкі. І куды ў такім выпадку падзецца беларускай моладзі?
Аўтар наступнага ліста Юры Корзун з Гомеля таксама спрабуе разабрацца ў прычынах сёньняшніх эканамічных праблемаў Беларусі. Слухач піша:
«Не пагаджаюся з тымі, хто лічыць цяперашняе эканамічнае становішча катастрафічным. Былі ў нас часы і больш складаныя. Дастаткова згадаць пачатак 90-х гадоў: і тавараў не было, і з харчамі перабоі, і бязладзьдзе паўсюль... Але тады ўсе жылі цяжка. І нейкая надзея на лепшае дапамагала. Усё ж на двары была дэмакратыя, свабода. Вярхоўны Савет аж трашчаў ад спрэчак. Было відавочна, што ў краіне адбываюцца імклівыя зьмены, і хацелася верыць, што зьмены тыя — у лепшы бок.
Улада дае народу толькі адну параду: зацягніце тужэй паясы і згуртуйцеся вакол яе ж, улады. Але ж як вакол яе гуртавацца, калі менавіта яна і давяла нас да такога стану?
Цяпер жа ў паветры лунае нейкая безнадзейнасьць. Большасьць людзей жыве цяжка, але ёсьць і тыя, што жывуць у палацах за высокімі агароджамі — гэта чыноўнікі і прыкормленыя імі алігархі. А самае сумнае — ніякай надзеі на паляпшэньне і блізка няма. Улада дае народу толькі адну параду: зацягніце тужэй паясы і згуртуйцеся вакол яе ж, улады. Але ж як вакол яе гуртавацца, калі менавіта яна і давяла нас да такога стану? Чаму ў яе не ўзьнікае зусім лягічнае жаданьне: саступіць месца іншым, раз у самой нічога не атрымалася за 22 гады?».
Аўтарытарныя рэжымы рэдка сыходзяць па ўласным жаданьні, спадар Юры. Быць пры ўладзе — стан камфортны, прыбытковы, многім цешыць самалюбства... Ці дзеля таго гэтыя людзі 22 гады перапісвалі пад сябе законы і Канстытуцыю, ухілялі і зьнішчалі апанэнтаў, зачышчалі палітычнае поле, каб цяпер ад усяго адмовіцца і паслухмяна сысьці? Не, самахоць яны ніколі ня сыдуць...
Пётар Дырында зь вёскі Хілімонаўцы Сьвіслацкага раёну — адзін з тых актыўных слухачоў, якія атрымалі ў якасьці падарунка нядаўна выдадзеную ў нашай бібліятэчнай сэрыі кнігу «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Спадар Пётар так апісвае момант атрыманьня бандэролі з кнігай на пошце (цытую ліст):
«На пошце, убачыўшы зваротны адрас, зацікавіліся: „Адкуль гэта табе пасылку прыслалі?“
Расказаў я ім пра Свабоду, пра Сьвятлану Алексіевіч, пра тэмы, на якія яна піша (вайна, Чарнобыль, Аўганістан, „чырвоны чалавек“). Добра, што вы прыслалі разам з кнігай каляндарыкі: раздаў іх і паштарцы, і прысутным. Кажу: слухайце Радыё Свабода, чытайце свабодаўскі сайт — будзеце ў курсе ўсіх навінаў. А то ж вы толькі лукашэнкаўскі тэлевізар гледзіцё.
А яны адказваюць: „Нам цяпер і тэлевізар няма калі глядзець...“
Вось так закопваюцца людзі ў зямлю і нават ня бачаць, што робіцца на сьвеце. А яшчэ горшая бяда, што многія і ня хочуць нічога бачыць ды чуць.
Яно і праўда. На вёсцы, калі толькі ты не лайдак ды п’яніца, то мусіш працаваць з раніцы да цямна. (Ці, як піша Андрусь Горват у „Нашай Ніве“, не працаваць, а гараваць.) Вось так закопваюцца людзі ў зямлю і нават ня бачаць, што робіцца на сьвеце. А яшчэ горшая бяда, што многія і ня хочуць нічога бачыць ды чуць».
Што адметна, спадар Пётар, якраз сярод гэтых людзей асабліва шмат тых, якія часта любяць наракаць на цяжкае жыцьцё і ніяк ня могуць даўмецца: чаму ж, нягледзячы на штодзённую зьнясільваючую працу, ня могуць выбрацца зь бядотнага стану і безграшоўя.
_________________________________________________________
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by