Упраўленьне Сьледчага камітэту Цэнтральнага раёну Менску зноў завяло крымінальную справу супраць Дзьмітрыя Лукашэвіча, які быў асуджаны 16 кастрычніка 2014 году на 2 гады 8 месяцаў пазбаўленьня волі за нанясеньне цяжкіх цялесных пашкоджаньняў па неасьцярожнасьці гею Міхаілу Пішчэўскаму.
Карэспандэнт Свабоды ўзяў камэнтар у Тацяны, сястры памерлага Міхаіла Пішчэўскага.
Мы ў разгубленасьці. Маці праплакала ўвесь дзень, і цяпер яшчэ ня можа апамятацца. Як яна вытрымае новы працэс, калі справа дойдзе да суду, ня ведаю, бо яе здароўе вельмі слабае.
«Мы з маці пра завядзеньне новай крымінальнай справы даведаліся ўчора, а сёньня маці была ў сьледчага, расьпісалася, дзе трэба, што прызнаная ў справе пацярпелай. Але мы ў разгубленасьці. Маці праплакала ўвесь дзень, і цяпер яшчэ ня можа апамятацца. Як яна вытрымае новы працэс, калі справа дойдзе да суду, ня ведаю, бо яе здароўе вельмі слабае».
Карэспандэнт: «А ці жадаеце вы, каб быў новы суд?»
Тацяна: «Так, бо тое пакараньне, якое панёс Лукашэвіч, яўна не адпавядае ягонаму ўчынку. Міша ж у выніку памёр ад удару Лукашэвіча, а той быў прызнаны толькі хуліганам і адбыў за кратамі якія 10 месяцаў. Усё».
Карэспандэнт: «Летась у жніўні Дзьмітры Лукашэвіч выйшаў на волю паводле амністыі. З таго часу ён ці ягоныя сваякі мелі з вамі кантакт?»
Наконт суду — мы спадзяёмся, што нешта атрымаецца, але пакуль усе кажуць, каб не абнадзейваліся. Паглядзім.
Тацяна: «Не, ад яго і ягоных сваякоў ніякай спробы не было. А наконт суду — мы спадзяёмся, што нешта атрымаецца, але пакуль усе кажуць, каб не абнадзейваліся. Паглядзім. Яшчэ важна, як мама будзе сябе адчуваць. Як памёр Міша, не было дня, каб яна ня плакала, і не было выходных, каб не наведвала ягоную магілу. Гэта вельмі цяжка».
25 траўня 2014 году каля менскай кавярні Underworld, у якой праходзіла гей-вечарынка, Міхаіл Пішчэўскі быў моцна зьбіты. Наведнікаў, якія выходзілі з кавярні, пачалі абражаць маладыя людзі, што знаходзіліся побач. Здарыўся канфлікт, Лукашэвіч моцна ўдарыў Пішчэўскага, той упаў і ўдарыўся галавой аб бэтон.
Лукашэвіч уцёк і з аркі суседняга дома назіраў за прыездам хуткай дапамогі й міліцыі. Адзін зь відавочцаў заўважыў злачынцу, самастойна затрымаў яго і перадаў супрацоўнікам міліцыі.
Пішчэўскі праляжаў у коме каля месяца ў 5-й клінічнай бальніцы, потым дома. З комы так і ня выйшаў.
А Лукашэвіч адседзеў толькі 10 месяцаў — падпаў пад амністыю. Яго выпусьцілі 20 жніўня 2015 году, за два месяцы да сьмерці Пішчэўскага.
І вось толькі цяпер Сьледчы камітэт аднавіў крымінальную справу ў дачыненьні да Лукашэвіча. Як напісала на сваёй старонцы ў фэйсбуку афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэту Юлія Ганчарова, «крымінальная справа адноўленая ў сувязі з больш цяжкімі наступствамі ў выглядзе сьмерці пацярпелага. Расьсьледаваньне пачалося па нанава адкрытых акалічнасьцях. Сьледзтва прызначыла і атрымала вынікі пасьмяротнай судова-мэдычнай экспэртызы, якая вызначыла, што сьмерць наступіла ад атрыманых цялесных пашкоджаньняў. Такім чынам, устаноўлена прычынна-выніковая сувязь паміж дзеяньнямі абвінавачанага і сьмерцю пацярпелага».
Праваабаронца Тацяна Равяка паведаміла Свабодзе, што адноўленая крымінальная справа па ініцыятыве пракуратуры:
«Учора патэлефанавала сястра Міхаіла Тацяна і распавяла, што маці выклікалі ў Сьледчы камітэт і паведамілі, што яна прызнаная пацярпелай па справе. Справа ўжо перададзеная ў пракуратуру і хутка паступіць у суд. Пакуль інфармацыі мала. Вядома толькі, што Дзьмітрый Лукашэвіч зараз знаходзіцца пад падпіскай аб нявыезьдзе, гэта пацьвердзіла Юлія Ганчарова. Але ў новай справе зноў ня ўлічваецца матыў злачынства — што зьбіваў Лукашэвіч Міхаіла Пішчэўскага па прычыне нянавісьці, а не з хуліганскіх памкненьняў. Паводле прысуду, дзеяньні Лукашэвіча кваліфікаваныя толькі як злоснае хуліганства і нанясеньне пашкоджаньняў здароўю пацярпелага па неасцярожнасьці. Але істотнае значэньне мае матыў, па якім зроблена гэтае гвалтоўнае злачынства — нянавісьць».