5 моўных спраў, якія зрабіў для нас Зьміцер Саўка

Зьміцер Саўка

9 красавіка ня стала вядомага беларускага філёляга Зьмітра Саўкі. Ён памёр ад анкалягічнай хваробы.

Апошнія гады ён узначальваў моўную службу незалежнага тэлеканала «БелСат».

Стварыўшы прафэсійную каманду моўных кансультантаў, Зьміцер Саўка пільна сачыў за правільнасьцю выкарыстаньня мовы як на сайце, так і ў эфіры тэлеканала.

«Белсат» дзякуючы актыўнай працы Зьмітра і ягоных калегаў мае высокі ўзровень пісьменнасьці. Як кажуць калегі Зьмітра Саўкі, усе моўныя моманты, якія часам выклікалі зьдзіўленьне, ён тлумачыў вельмі грунтоўна. У працы з мовай ён нічога ня браў з паветра, усе нормы, якімі карыстаецца моўная служба «Белсату», грунтуюцца на правілах адаптоўваньня.

1. «Беларускія слоўнікі й энцыкляпэдыі. Бібліяграфія»

Зьміцер Саўка быў суаўтарам выданьня «Беларускія слоўнікі й энцыкляпэдыі. Бібліяграфія» (у суаўтарстве зь Вітаўтам Кіпелем; Нью-Ёрк — Менск, 2002).

2. «Беларускі клясычны правапіс»

У калектыве зь Юрасём Бушляковым, Вінцуком Вячоркам і Зьмітром Санько ўпарадкаваў сучасны варыянт тарашкевіцы. Кніга «Беларускі клясычны правапіс. Збор правілаў. Сучасная нармалізацыя» стала настольнай для многіх рэдактароў і журналістаў.

3. «Добрапіс» — сэрвіс праверкі правапісу

У 2015 годзе разам з моўнай службай «Белсату» і пры чыннай дапамозе валянтэраў стварыў моўны онлайн-сэрвіс «Добрапіс», які дапамагае спраўджваць правапіс наркамаўкай і клясычным правапісам, а таксама канвэртаваць кірылічнае напісаньне ў беларускую лацінку.

4. «Моўнік» — лінгвістычная праграма на «Белсаце»

Зьміцер быў адным з аўтараў праграмы «Моўнік», якая выходзіла на тэлеканале «Белсат». «Моўнік» скіраваны на тых, хто хацеў бы палепшыць свае веды ў роднай мове, і тых, каму цікавыя розныя аспэкты гісторыі ды сучаснасьці беларускай лінгвістычнай думкі. Гледачы могуць зьвяртацца ў рэдакцыю «Моўніка» і прапаноўваць свае тэмы і пытаньні.

5. Адаптацыя іншамоўных найменьняў

Разам з камандай філёлягаў моўнай службы «Белсат» Зьміцер Саўка распрацоўваў сыстэму асваеньня беларускай мовай іншамоўных найменьняў. Складзеныя табліцы адаптацыяў іншамоўных слоў зь дзясяткаў моваў.