Аляксандр Лукашэнка падтрымлівае ідэю павышэньня пэнсійнага ўзросту для ўсіх. Пра гэта піша БелТА.
«Але трэба ўлічваць усё: розьніцу працягласьці жыцьця мужчын і жанчын, спэцыфіку гораду і вёскі, умовы працы ў некаторых сфэрах і іншыя фактары», — сказаў Лукашэнка на нарадзе, прысьвечанай абмеркаваньню пытаньняў разьвіцьця пэнсійнай сыстэмы. Ён адзначыў, што сярэдняя працягласьць жыцьця ў краіне павялічылася ў параўнаньні з 90-мі гадамі мінулага стагодзьдзя.
«Таму 55–60 гадоў — гэта нармальны ўзрост. І скажы жанчыне, што яна старая ў 55 гадоў або пэнсіянэрка! Слухайце, пакрыўдзіцца! А калі мы прапануем: калі ты не старая, не пэнсіянэрка, давай папрацуй — іншае нейкае меркаваньне. Тое ж самае і пра мужыкоў можна сказаць. Яны дэманстратыўна ня крыўдзяцца, але ў душы. У 60 гадоў мужык — гэта конь, на якім можна яшчэ араць і плугам не ў адзін корпус, а ў тры корпусы зачапіць, і пацягне», — сказаў ён.
«Не хачу ўжо тут казаць пра нашых славутых прадстаўнікоў сілавых структур, якія сёньня, у прынцыпе, у 45 гадоў могуць сысьці на пэнсію. 90% зь лішнім могуць сысьці ў 45 гадоў на пэнсію. І што ж гэта за пэнсіянэр у 45 гадоў?! Думаю, будзе справядліва, калі пытаньне павышэньня пэнсійнага ўзросту закране ўсіх», — лічыць ён.
Лукашэнка адзначыў, што знаходзіцца паміж двума меркаваньнямі: прапановамі ўраду па павышэньні пэнсійнага ўзросту, заснаванымі на эканоміцы, і меркаваньнем народу — з другога боку.
Былы міністар працы Аляксандар Сасноў перакананы — замест комплекснага рэфармаваньня пэнсійнай сыстэмы ўлады хочуць падвысіць пэнсійны ўзрост, каб хоць на кароткі тэрмін уратаваць бюджэт краіны:
«Трэба рэфармаваць пэнсійную сыстэму. І гэта трэба было рабіць дваццаць з гакам гадоў таму. Улады нічога ў гэтым кірунку не зрабілі, але ўчапіліся толькі за пэнсійны ўзрост. Падвышэньне пэнсійнага ўзросту — гэта не рэфармаваньне, а адцягваньне праблемы на год-два. Гэта ня мае нічога агульнага з рэфармаваньнем, гэта захад, каб на кароткі тэрмін выратаваць бюджэт».