У Латвіі памочнікі ўсіх пяці былых прэзыдэнтаў маюць адзін офіс. І калі трэба заплянаваць інтэрвію з былым лідэрам краіны, яны рэзэрвуюць у прэзыдэнтуры кабінэт для запісу размову. З памочніцай былога прэзыдэнта Эвай Эйхманэ мы вырашылі, што лепей усё ж запісаць інтэрвію ў загарадным доме Гунтыса Ўлманіса. Эва працуе з прэзыдэнтам каля 20 гадоў, падчас дзьвюх кадэнцый была ягонай перакладчыцай. Яе пунктуальнасьць, прафэсіяналізм, добразычлівасьць і адданасьць свайму прэзыдэнту ўражвалі.
На двух машынах разам з Эвай Эйхманэ і здымачнай групай мы накіроўваемся да загараднага дому былога прэзыдэнта Латвіі, гэта каля 60 кілямэтраў ад Рыгі. Заяжджаем у густы хвойны лес, пасьля асфальтавай дарогі некалькі кілямэтраў едзем грунтовай дарогай. Сапраўды сьціплы былы прэзыдэнт, не дамогся, каб да ягонага дому дарогу праклалі, — думаю я, згадаўшы зусім іншыя звычкі беларускіх урадоўцаў.
І вось мы пад’яжджаем да маёнтку былога прэзыдэнта. Над вялікім драўляным домам лунае чырвона-бела-чырвоны латыскі сьцяг. Побач з домам вялікі сад, лазьня і штучнае азярцо. На мастках у крэсьле-качалцы — прэзыдэнт Улманіс у сонечных акулярах. Я не магла не сфатаграфаваць, бо гэта фантастычны кадр. І думаю, што вопытны палітык таксама гэта разумеў.
Мае апэратары, літоўцы, прыехалі разам са мной зь Вільні, практычна адразу пасьля інтэрвію зь першым кіраўніком Літвы Вітаўтасам Ландсбергісам. «У Латвіі не маглі знайсьці апэратараў?», — жартуе Ўлманіс і прапаноўвае прайсьці ў падрыхтаваную загадзя драўляную альтанку.
Кіраўнік здымачнай групы Лютаўрас Стрымайціс просіць знайсьці іншае месца, бо ў альтанцы будзе складана добра выставіць сьвятло. «Вось так усё прэзыдэнцкае жыцьцё, — працягвае жартаваць Улманіс, — кіруеш краінай, прымаеш важныя геапалітычныя рашэньні, а падчас здымак кіруюць табой».
Свой дом Гунтыс Улманіс пабудаваў у 2000 годзе пасьля сыходу з найвышэйшай пасады. Гаспадарчых клопатаў у яго шмат — газон, сад, кветкі — практычна ўсё робіць сам і зь вялікім задавальненьнем. «Прыяжджаюць госьці, захапляюцца тут усім, і толькі мой сябар Райманд Паўлс разумее, колькі трэба працы дзеля такой прыгажосьці», — тлумачыць былы прэзыдэнт.
Ён адразу ж пытаецца пра Беларусь і кажа, што перакананы ў эўрапейскай будучыні маёй краіны, нягледзячы ні на што.
Прэзыдэнт Улманіс — спрактыкаваны суразмоўца, адразу запытаўся, пашыраныя ці кароткія адказы ад яго патрабуюцца. Падышоў да камэры, праверыў, як выстаўленыя пляны. Я дасылала папярэднія пытаньні да гутаркі, і па адказах бачная была падрыхтоўка да размовы.
Мы запісвалі інтэрвію напачатку чэрвеня. У Чэхіі толькі скончыўся чэмпіянат сьвету па хакеі і быў на слыху скандал, калі расейскія хакеісты пасьля паразы канадцам пакінулі поле і праігнаравалі гімн пераможцаў. Галоўны трэнэр зборной Расеі Алег Знарок калісьці быў і галоўным трэнэрам зборнай Латвіі па хакеі. А Гунтыс Улманіс — член праўленьня рыскага хакейнага клюба «Дынама». Я запыталася, ці ня лічыць ён, што Расея, як у палітыцы, так і ў спорце дэманструе непавагу да міжнародных правілаў, што зьнешняя палітыка Расеі праецыруецца і на іншыя сфэры? Гунтыс Улманіс лічыць сыход спартоўцаў падчас выкананьня гімна пераможцаў недапушчальным, але мяркуе, што лепей «пакінуць гэты момант на асуджэньне самой Расеі... Так, вялікая адказнасьць за гэта на новым трэнэры, ён доўгі час працаваў у Латвіі, і мог бы вынесьці адсюль самае добрае. Аказваецца, штосьці забыўся дома».
Унучаты пляменьнік прэзыдэнта Латвіі Карліса Ўлманіса, які правёў дзяцінства у сыбірскай ссылцы, які гаворачы пра расейцаў, згадвае не катаў, а людзей, якія не далі ягонай сям’і памерці з голаду. Прэзыдэнт, падчас кіраваньня якога з Латвіі былі выведзены расейскія войскі, Латвія стала сябрам Рады Эўропы, былі пададзеныя заяўкі на ўступленьне ў НАТА і ЭЗ і адмененае сьмяротнае пакараньне. Латыш, для якога няма нічога больш сьвятога на сьвеце, чым ягоная родная мова. Кіраўнік дзяржавы, які ня быў замешаны ў ніводным скандале, які падчас кадэнцыі адмовіўся ад падвышэньня заробку і пакінуў усе падарункі ў Рыскім замку. Былы прэзыдэнт, які кожную раніцу ўлетку чуе птушыныя сьпевы і адчувае сябе шчасьлівым у сваёй краіне, ва ўласным доме.
Такім я пабачыла першага постсавецкага прэзыдэнта Латвіі Гунтыса Улманіса. А ягоныя адказы на пытаньні для праекту Свабоды «Расея і я» прапаную кожнаму ацаніць самаму.
Поўнае вэрсія інтэрвію.