Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея і я — 17 лютага прэм’ера на Свабодзе (трэйлер)


Для зьнешняга сьвету палітыка і намеры Крамля — ад Украіны да Сырыі — застаюцца непрадказальнымі. Каб зразумець, як весьці справы з Расеяй, Ганна Соўсь зьвярнулася да тых, хто ведае яе блізка: да постсавецкіх лідэраў. 12 былых кіраўнікоў дзяржаваў — у спэцыяльным праекце Свабоды «Расея і я».

Прэм'ера 17 лютага. Глядзіце відэа:

«Загадка ахутаная таямніцай, схаванай у неспасьціжнасьці». Так ахарактарызаваў Расею, краіну з абсалютна непрадказальнымі паводзінамі, брытанскі палітык Уінстан Чэрчыль. Многія зь ім пагодзяцца, аднак непасрэдным суседзям Расея зусім не здаецца загадкавай — яны бачаць у ёй магутную, але з унутранымі праблемамі краіну, прычым краіну цалкам ім зразумелую.

У сэрыі інтэрвію «Расея і я» дванаццаць былых кіраўнікоў постсавецкіх дзяржаваў распавядаюць пра сваё стаўленьне да Расеі і яе палітыцы. Інтэрвію, якія на працягу паўгода зьбірала карэспандэнтка беларускай службы Радыё Свабода Ганна Соўсь, дэманструюць увесь спэктар эмоцый у адносінах да Масквы — ад гневу і цьвярозага прагматызму да шчырай любові і прыхільнасьці. Рэдка калі пачуеш столькі кампэтэнтных меркаваньняў пра Расею, паводзіны якой у гады прэзыдэнцтва Ўладзіміра Пуціна — а на гэтым сыходзяцца ўсе апытаныя — усё больш нагадваюць дзеяньні Савецкага Саюзу.

«Філязофія Расеі заключаецца ў тым, што Ўкраіна павінна быць толькі з Расеяй, дакладней пад Расеяй. Украіны як асобнай дзяржавы для іх не існуе», — кажа першы прэзыдэнт Украіны (з 1991 па 1994 год) Леанід Краўчук. Ён згадвае, як моцна ціснула Масква асабіста на яго, патрабуючы, каб Украіна і пасьля роспуску Савецкага Саюзу заставалася ў расейскай арбіце — пры тым, што на словах усе постсавецкія рэспублікі атрымлівалі права самастойна вызначаць сваю будучыню.

Многія з былых кіраўнікоў постсавецкіх краінаў з горыччу кажуць аб жорсткім расчараваньні: з прыходам да ўлады Пуціна ні ў каго не засталося надзей, што і Расея калі-небудзь стане свабоднай і дэмакратычнай краінай — надзеяў, якія нарадзіліся ў гады гарбачоўскай перабудовы і захоўваліся падчас прэзыдэнцтва Барыса Ельцына.

«Гэта былі часы, якія абнадзейвалі, — кажа Вітаўтас Ландсбергіс, абраны старшынём Вярхоўнага Савету Літвы адразу пасьля абвяшчэньня яе незалежнасьці ў 1990 годзе. — Мне вельмі шкада, што сілы бальшавіцкага рэваншу і імпэрыялізму аказаліся мацнейшыя». Як і многія, ён з цеплынёй успамінае Ельцына. «У яго было пачуцьцё гонару і годнасьці. Я гэта бачыў на нашых перамовах у тыя моманты, калі яго паплечнікі спрабавалі падштурхнуць яго на нядобрасумленны шлях», — успамінае Ландсбергіс. Сёньня ж, на яго думку, «чалавек у Расеі ня варты нічога, а тэрыторыя і ўлада — вышэй за ўсё».

Аднак далёка ня ўсе кіраўнікі постсавецкіх дзяржаваў гэтак крытычна настроены ў адносінах да Масквы. Шмат хто кажа, што разумеюць Пуціна ў яго спробах захаваць недатыкальнасьць савецкага сьвету, а ваенныя і палітычныя канфлікты, якія ўзьнікаюць на гэтай прасторы, тлумачаць няздольнасьцю дамаўляцца з Расеяй.

Ніно Бурджанадзэ, якая двойчы выконвала абавязкі прэзыдэнта Грузіі, абараняе расейскую анэксію Крыма. Паводле яе, «ніхто рэальна не ставіць пад сумнеў», што жыхары Крыма хацелі гэтай анэксіі, «таму што практычна 90% насельніцтва бралі ўдзел» у рэфэрэндуме аб далучэньні да Расеі, арганізаваным прарасейскімі ўладамі паўвострава. Бурджанадзэ дае гэтаму рэфэрэндуму заведама няслушную характарыстыку: на ім не прысутнічалі міжнародныя назіральнікі, а рэальная яўка нікому не вядомая. Тым ня менш, яе словы выдатна паказваюць, якія жарсьці спараджаюць ў рэгіёне спробы Масквы маніпуляваць постсавецкім сьветам, — хай нават сама Бурджанадзэ кажа, што з Расеяй неабходна весьці дыялёг, заснаваны на пошуку ўзаемных інтарэсаў. У 2008 годзе Грузія таксама перажыла вайну з Расеяй, хоць Бурджанадзэ запэўнівае, што гэты канфлікт можна было прадухіліць.

Аскар Акаеў, прэзыдэнт Кіргізстану ў 1990 — 2005 гадах, — яшчэ адзін палітык, які мяркуе, што з Расеяй можна і трэба працаваць. На пытаньне аб тым, чым зьяўляецца для яго Расея, ён адказвае, што гэта яго «другая радзіма», таму што ён нарадзіўся і вырас у Савецкім Саюзе. Паўтараючы ці ледзь не даслоўна афіцыйныя заявы Крамля аб недатычнасьці расейскай арміі да канфлікту на ўсходзе Ўкраіны, Акаеў запэўнівае: «Расея не зьяўляецца ўдзельнікам ваенных дзеяньняў ні ў паўднёва-ўсходняй Украіне, ні ў якім-небудзь іншым пункце сьвету». (Інтэрвію запісвалася ў чэрвені 2015 году, яшчэ да пачатку расейскай ваеннай апэрацыі ў Сырыі.) Аднак захапленьне, якое Акаеў дэманструе ў адносінах да Пуціна як да чалавека, які «цьвёрда абараняе сувэрэнітэт Расеі», павінна б прымусіць іншых сусьветных лідэраў спытаць сябе, ці добра яны разумеюць, што значыць для Крамля слова «сувэрэнітэт» і ў чым расейская вярхушка бачыць расейскія нацыянальныя інтарэсы.

Часам кіраўнікі прылеглых да Расеі дзяржаваў выказваюць глыбокае зьдзіўленьне тым, наколькі моцна містыфікуюць Маскву іх калегі з далёкіх ад Расеі дзяржаваў. «Мяне часта амэрыканцы пытаюцца: ну раскажы што-небудзь пра Расею, а то мы яе дрэнна ведаем», — кажа прэзыдэнт Латвіі ў 1993 — 1999 гадах Гунтыс Улманіс. «Але колькі вы можаце іх дрэнна ведаць, я пытаюся? Ідзе стагодзьдзе за стагодзьдзем, а вы ўсё дрэнна ведаеце расейцаў? Вывучайце іх, сустракайцеся з расейцамі» — каб зразумець Расею ня горш, чым яе непасрэдныя суседзі. Толькі тады, мяркуе Улманіс, Захад зможа прадбачыць дзеяньні расейскіх уладаў і адэкватна рэагаваць на іх.

Сэрыя «Расея і я» — крок менавіта ў гэтым кірунку. Акрамя ўжо згаданых былых кіраўнікоў постсавецкіх дзяржаваў, у падборцы прадстаўлены інтэрвію з Робэртам Качаранам, які двойчы абіраўся прэзыдэнтам Армэніі, Пэтру Лучынскім, прэзыдэнтам Малдовы ў 1996 — 2001 гадах, Раландасам Паксасам, прэзыдэнтам Літвы ў 2003 — 2004 гадах, Арнольдам Руйтэлям, прэзыдэнтам Эстоніі ў 2001 — 2006 гадах, першым постсавецкім лідэрам Беларусі Станіславам Шушкевічам, які ўзначальваў краіну да 1994 году, Уладзімірам Вароніным, прэзыдэнтам Малдовы ў 2001 — 2009 гадах, і Віктарам Юшчанкам, прэзыдэнтам Украіны з 2005 па 2010 год.​

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG