Ці магчыма ўявіць, што кіраўніцтва Аўстрыі стане называць суайчыньнікаў немцамі са знакам якасьці? Шатляндцаў начальства ў Эдынбургу — англічанамі са знакам плюс? Каталёнцаў улада ў слаўнай Барсэлёне — гішпанцамі з адпаведным знакам? Прычым называць публічна, настойліва, з паўторамі?
Адкуль гэта? З Савецкага Саюзу. Які ж беларус у савецкія часы ня марыў быць рускім?! І сёньня патаемная мара не дае спакою. Хочацца ў горад, хочацца пазбыцца акцэнту вясковага! Як усе нармальныя людзі хочацца: мой адрас ня дом і ня вуліца, мой адрас Савецкі Саюз. А яго за мяжой па традыцыі называлі Расеяй. Russia! І кропка.
Аўтар выказваньня няздольны ўсьвядоміць хібу, бо ня можа паглядзець на сябе збоку. Сваімі дзяржаўніцкімі словамі ён касуе імя беларусаў. Яны ў яго ўжо «рускія». І ніякіх гваздоў. Забудзьце сваё імя, забудзьце!
Вынік прыгнечанага розуму, ня творчага, не свабоднага. Гэта адтуль, з тых часоў, калі «кто был ничем, тот станет всем». Быў амаль нікім, а стане ажно рускім! Прычым, пачуйце гэта: такім рускім, што ім самім ня сьнілася! Што рускія пазайздросьцяць русаку беларускай вытворчасьці. Ці гадоўлі.
Не ўсьведамляе чалавек што гаворыць. Што беларус, які ён ёсьць, зроблены насамрэч рукамі Масквы. Каб не называў сябе інакш, каб не глядзеў па баках, а толькі на ўсход, на крамлёўскія зоркі і каб спраўджваў гадзіньнік па аднайменных курантах. Савецкі беларус быў зроблены ў прабірцы правадырамі. Наіўна думаць, што ў іхніх плянах было стварыць дасканалага чалавека, лепшага з найлепшых. Не. Яны падкормлівалі яго як труса ў клетцы. Няхай сетка ў ёй была драцяная, але не ўцячэш. Рускім не патрэбныя былі роўныя зь імі. Ні ў якім разе! А малодшыя браты — калі ласка. На галаву меншыя. Сьціплыя, няўпэўненыя ў сабе. Заўсёды ўдзячныя руцэ Масквы.
Гэта ўсё ідзе ад мары растварыцца ў рускім моры. Але, каб зараз цябе ня зжэрлі, назвацца са знакам плюс. Наіўна. Рыхтык — найвышэйшая праява комплексу беларускай непаўнавартасьці.
«Вам жа рускім языком сказана!» — любяць раздражнёна абурацца беларусы, калі іх не разумеюць. Унутраны гонар, што яны такія ж рускамоўныя, як усе рускія. Як сапраўдныя рускія, дзевяцісотай пробы. Бо толькі дзьве ёсьць, ці чуеце?! Дзьве мовы галоўныя ў сьвеце! І адной зь іх свабодна і ня толькі свабодна, але з радасьцю, з сатысфакцыяй карыстаюцца беларусы. І каго хочаш навучаць.
Наша традыцыя – адусюль запрашаць замежнікаў, каб навучаць іх рускай мове. Не беларускай, а менавіта рускай. Такое навучаньне адбываецца і ў Горадні. Маскоўскі «Фонд падтрымкі правоў суайчыньнікаў, якія пражываюць за мяжой» з задавальненьнем паведаміў, што пры ўнівэрсытэце імя Янкі Купалы ўпершыню працавала летняя школа рускай мовы. Прыяжджала моладзь: палякі, аўстрыйцы, італьянцы, амэрыканцы, бэльгійцы «і прадстаўнікі іншых краін». Канец паведамленьня: паводле «інфармацыйнай службы фонду “Рускі мір”, курсы рускай мовы прапануюць і ў іншых краінах».
Ну вось што мне асабіста рабіць з гэтым знакам плюс? Нібыта лепш адназначна, чым мінус, праўда? І з самім рускім імем, якое мне навязваецца? А вы што для сябе вырашылі? Не зьвяртаць увагі? Зрабіць выгляд, што нічога не было, нічога ня чулі?
Хаця сапраўды можна не зважаць. Бо што такое рускі са знакам плюс? Калі цьвяроза? Гэта беларус са знакам мінус. Беларус, якому беларускага не шкада, які ня здолеў зьдзейсьніцца як беларус. Або не пажадаў. Словам, той, хто ня цэніць тое, што нас адрозьнівае. Ня толькі ад рускіх. Можа гэта наогул своеасаблівыя людзі, якім нават сёньня, калі існуе асобная краіна Беларусь, мала быць беларусамі. І наогул ня хочацца. Дык флаг ім у рукі. А мы застанемся дома самімі сабой.