Прызначаны на 25 студзеня ў Менску эканамічны форум індывідуальных прадпрымальнікаў перанесены на 1 лютага. Форум зьвязаны з увядзеньнем з 1 студзеня ўказу № 222, у выніку якога апусьцелі рынкі ў гарадах і мястэчках Беларусі. І за кожным з тысяч пустых месцаў — чалавек, прадпрымальнік, мужчына альбо жанчына, часам і цэлыя сем’і. Зь няпэўнай будучыняй.
Сьвятлана: Нас душаць як канкурэнтаў вялікаму бізнэсу
На гомельскі рынак прадпрымальніца Сьвятлана трапіла дваццаць гадоў таму — у 1996 годзе. Прыйшла ня з вуліцы, а з будаўнічай арганізацыі, якая, ня маючы заказаў, стала развальвацца. Сьвятлана пачынала там працу інжынэрам па каштарысе:
Бацькі мае былі ў шоку, яны доўга не ўспрымалі мяне як працаўніцу рынку. Пагаджаліся толькі з тым, што неяк трэба выжываць.
«Я скончыла Беларускі інстытут інжынэраў чыгуначнага транспарту (цяпер — Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту), факультэт кіраваньня працэсамі перавозак. Працавала ў будаўнічай арганізацыі інжынэрам па каштарысе, потым перайшла ў кадры, была начальніцай аддзелу кадраў. Паводле адукацыі я інжынэр. А пасьля, калі пачалі закрывацца ды скарачацца нашы прадпрыемствы, заводы, фабрыкі, газэты ды параходы, мне нічога не заставалася, як падацца на рынак. Бацькі мае былі ў шоку, яны доўга не ўспрымалі мяне як працаўніцу рынку. Пагаджаліся толькі з тым, што неяк трэба выжываць».
Сьвятлана займалася пераважна дастаўкай у Беларусь і продажам жаночага адзеньня, іншых патрэбных жанчынам рэчаў. Яна не замыкалася, як кажуць, у сваёй шкарлупіне. Калі трэба было, ішла разам зь іншымі неабыякавымі калегамі адстойваць інтарэсы прадпрымальнікаў у гарвыканкам, аблвыканкам. Езьдзіла на прадпрымальніцкія форумы ў Менск. Яе абралі сябрам рады прадпрымальнікаў гандлёвага цэнтру «Сакрэт».
Колькі гадоў таму ўлада забараніла індывідуальным прадпрымальнікам мець найманых працаўнікоў. Памагатымі маглі быць у іх толькі блізкія сваякі. І Сьвятлана вырашыла ўзяць у свой бізнэс дачку, якая скончыла ВНУ. А сьледам прыйшоў у памагатыя і зяць. Так што цяпер ад рынку залежыць сям’я ня толькі самой Сьвятланы, але й дачкі.
Паводле ўказу № 222 з новага году прадпрымальнікі абавязаныя мець на кожнае найменьне тавару сэртыфікаты якасьці, адпаведныя патрабаваньням Мытнага саюзу Беларусі, Расеі й Казахстану, а таксама таварна-транспартныя накладныя. Гэтае патрабаваньне й спаралізавала працу дробных гандляроў. У гарадах пачаліся стыхійныя сходы.
14 студзеня ў Гомелі звыш трохсот прадпрымальнікаў прыйшлі да будынку аблвыканкаму і скандавалі: «Дайце нам працу!»
Your browser doesn’t support HTML5
Да гэтага на адным з стыхійных сходаў прадпрымальніца Сьвятлана так фармулявала патрабаваньні дробных бізнэсоўцаў да беларускіх уладаў наконт пакета дакумэнтаў:
«Ня мы іх павінны рабіць, а вытворцы ды імпартэры. А мы, дробныя бізнэсоўцы, прыехаўшы ў Менск ці Маскву да сваіх пастаўшчыкоў, можам толькі ўзяць поўны пакет дакумэнтаў — накладныя і сэртыфікаты, адпаведныя патрабаваньням Мытнага саюзу. Гэта павінна быць у адным пакеце дакумэнтаў, пад адной пячаткаю. З гэтага павінна пачынаць дзяржава, калі такое патрабаваньне краіна выстаўляе нам. Мы добрасумленна спрабавалі атрымаць увесь запатрабаваны пакет дакумэнтаў і прывезьці яго сюды. Нам яго ў той жа Маскве на закупах не даюць. Правільна? ( „Правільна!“ — падтрымліваюць Сьвятлану многія прадпрымальнікі.) Вось у чым загваздка. Паважаная наша ўлада, мы ня можам прывезьці ўвесь пакет дакумэнтаў, як вы патрабуеце. Масква ад нас пачала адкарасквацца — ім не патрэбны наш галаўны боль. І атрымліваецца, што ўвесь прывезены тавар цяпер падлягае канфіскацыі».
Сьвятлана дадае, што спадзеў у прадпрымальнікаў цяпер толькі на нейкі здаровы сэнс у дзеяньнях уладаў. Пакуль жа, каб дагадзіць буйным фірмам, яны душаць дробных прадпрымальнікаў як канкурэнтаў, выкідваючы пры гэтым на вуліцу дзясяткі тысяч людзей.
Раіса: «Нават ня ведаем, куды падзецца»
У Раісы прадпрымальніцкі стаж — дзевятнаццаць гадоў. Сама яна настаўніца біялёгіі ды хіміі, скончыла Гомельскі ўнівэрсытэт імя Францішка Скарыны.
Пра свой прыход на Цэнтральны рынак Раіса расказвае гэтак:
«Дзіця было малое, працы па спэцыяльнасьці не было. А тут прадпрымальнікі адкрывалі сваю справу і сёе-тое яшчэ зараблялі».
Раіса прадае на рынку касмэтыку, прылады для галеньня, наборы лёзаў.
Рэчавая частка Цэнтральнага рынку з пачаткам студзеня апусьцела. Толькі асобныя прадпрымальнікі, пераважна тыя, хто гандлюе футравымі шапкамі, адважыліся адкрыць свае шапікі. Пакупнікоў амаль няма, няма й выручкі. Раіса таксама дапрацоўвае апошні тыдзень — закрывае свой дробны бізнэс. Але куды падацца, пакуль ня ведае. Да пэнсіі ёй далёка, а нейкіх прыймальных вакансіяў у горадзе бракуе.
Нават ня ведаем, куды падзецца. Трэба было б куды-небудзь уладкавацца. Але куды, ня ведаю, бо нідзе працы няма, нягледзячы ні на адукацыю, ні на што.
«Нават ня ведаем, куды падзецца. Трэба было б куды-небудзь уладкавацца. Але куды, ня ведаю, бо нідзе працы няма, нягледзячы ні на адукацыю, ні на што. Нідзе ніхто не бярэ», — кажа прадпрымальніца.
Нейкай вялікай карысьці ня бачыць Раіса і ад форумаў прадпрымальнікаў, прынамсі, кшталту таго, які зладзіла 11 студзеня ў Менску аб’яднаньне «Пэрспэктыва». Такія форумы маюць сэнс толькі пры ўмове, калі на іх прысутнічаюць надзеленыя паўнамоцтвамі дзяржаўныя службоўцы, якія могуць нешта вырашаць. Іначай — пустая гаварыльня.
«Сабраліся, пабалбаталі. Гэта ўсё бяз толку. Ніхто ж зь імі не размаўляе. Прыходзяць на сходы нібыта дзяржаўныя людзі, якія нічога не вырашаюць. Нават нешта сказаць па сутнасьці ня могуць. Нейкі бандытызм і рэкет з боку дзяржавы. Я ўжо й ня ведаю, што рабіць», — скрушна заключае Раіса, ня маючы веры, што з гэтага тупіку будзе нейкае цывілізаванае выйсьце.
Сяргей: «Паедзем, хутчэй за ўсё, у Расею гастарбайтэрамі»
Да прадпрымальніцтва Сяргей працаваў на адным з заводаў Гомеля. За плячыма ён мае ня толькі дыплём машынабудаўнічага тэхнікуму, але й рабочую спэцыяльнасьць токара-фрэзэроўшчыка.
На Прудкоўскі рынак Сяргей прыйшоў звыш паўтара дзясятка гадоў таму, калі на прадпрыемствах пачаліся скарачэньні. Заняўся продажам вязаных шапак, пальчатак, некаторых спартовых тавараў. Як кажуць, тлушчу асаблівага не нагульваў, але й з працягнутай рукою ні сам, ні сям’я не стаялі. Наадварот, дзяржаве плаціў і адзіны падатак, і ў фонд сацыяльнай абароны, а ўласьніку рынку — арэнду, частка якой таксама адлічваецца ў бюджэт.
Цяпер ні Сяргей, ні тысячы іншых дробных гандляроў, спыніўшы працу не па сваёй ахвоце, перасталі папаўняць дзяржаўную казну:
Справа ня ў тым, хочаш ты ці ня хочаш працаваць. Справа ў тым, што ня можаш.
«Справа ня ў тым, хочаш ты ці ня хочаш працаваць. Справа ў тым, што ня можаш. І навошта я буду плаціць падаткі, калі я не магу працаваць?»
Сяргей мяркуе, што наўрад ці прадпрымальнікі змогуць арганізавацца на нейкія адмысловыя акцыі пратэсту. Усе раздробленыя, слаба арганізаваныя. Бракуе звычайнай салідарнасьці:
«Пэўна, асаблівага пратэсту ня будзе, закрыюцца — і ўсё. Людзям надакучыла — пратэсты і ўсё такое. Настроі пэсымістычныя. Людзі проста стаміліся».
46-гадовы прадпрымальнік асабіста для сябе вызначыў лінію паводзін. Калі дзяржава бліжэйшым часам не ўрэгулюе сытуацыю з індывідуальнымі прадпрымальнікамі, нічога не застанецца, як толькі згарнуць свой невялічкі бізнэс і наймацца на працу да суседзяў.
Калі мы сваёй краіне не патрэбныя, паедзем іншую падымаць.
«Ня бачна сьвятла ў канцы тунэлю. Паедзем, хутчэй за ўсё, у Расею гастарбайтэрамі. Калі мы сваёй краіне не патрэбныя, паедзем іншую падымаць», — кажа Сяргей як пра нешта ўжо вырашанае.
Тым часам Аляксандар Лукашэнка, наведваючы прадпрыемства «Мінатор-Сэрвіс» ужо пасьля акцыяў пратэсту прадпрымальнікаў у Гомелі, Віцебску, Магілёве, заяўляў, што дзяржава, урад, кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў «не павінны бачыць у прыватніках нейкіх ворагаў, супернікаў, а павінны ставіцца да іх, як і да дзяржаўных прадпрыемстваў».
Але дробныя бізнэсоўцы, такія, як індывідуальныя прадпрымальнікі, выглядае, ня ўпісваюцца ў канцэпцыю эканамічнага разьвіцьця краіны, бо, паводле таго ж Лукашэнкі, для іх «мядовыя гады скончыліся».