Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: прадпрымальнікі страйкуюць, рынкі амаль пустыя


Рытарычнае пытаньне на адным з шапікаў
Рытарычнае пытаньне на адным з шапікаў

Берасьцейскія прадпрымальнікі перадалі ў аблвыканкам ліст да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай адмяніць ягоны ўказ № 222, з-за якога многія ІП ня могуць працаваць. На берасьцейскіх рынках цяпер лічаныя гандляры, зьніклі і пакупнікі.

20 студзеня каля 200 берасьцейскіх прадпрымальнікаў перадалі ў аблвыканкам пэтыцыю да Аляксандра Лукашэнкі. Чыноўнікі прынялі гандляроў, выслухалі, але нічога не паабяцалі, растлумачыўшы, што ня могуць зьмяніць указ Лукашэнкі.

Гандляры сышлі з аблвыканкаму, заявіўшы, што страйкаваць будуць нявызначаны тэрмін, пакуль указ № 222 ня будзе адменены.

Пакуль жа на берасьцейскім рынку за ЦУМам зь некалькіх соцень прадпрымальнікаў працуюць пару дзясяткаў. Гэта тыя, хто мае неабходныя дакумэнты, якіх патрабуе ўказ № 222. Кажуць, што пры жаданьні здабыць дакумэнты, сэртыфікаты на тавар у Маскве магчыма:

«Вельмі цяжка — страчваеш у асартымэнце, страчваеш у цане і гэтак далей. Можна зрабіць, але вельмі цяжка, і не на кожны тавар зробіш. А ў выніку — страчвае пакупнік, народ», — кажа спадар, які гандлюе шапкамі ды іншай вопраткай.

Зь некалькіх соцень ІП на берасьцейскім рынку за ЦУМам працуюць пару дзясяткаў
Зь некалькіх соцень ІП на берасьцейскім рынку за ЦУМам працуюць пару дзясяткаў

Гандляры кажуць, што ня створаныя нават тыя гандлёвыя базы, якія ўлады ім абяцалі, каб закупляць тавар з дакумэнтамі ў Беларусі. Да таго ж беларускі тавар часта даражэйшы:

«Мы гатовыя гандляваць і беларускім. Але калі ў „Контэ“ прапануюць такі тавар, які я знаходжу таньнейшы польскі ў Маскве з усімі дакумэнтамі...» — кажа гандляр.

«Як яны накручваюць цэны ў Беларусі, незразумела...» — дадае спадарыня.

Прадпрымальнікі кажуць, што цяпер «будзе на працэнтаў 70 аднолькавы тавар, будзе меней выбару».

Рэдкія берасьцейцы прыходзяць зьдзівіцца зачыненым ралетам на рынку
Рэдкія берасьцейцы прыходзяць зьдзівіцца зачыненым ралетам на рынку

Пакупнікоў на рынку адзінкі, гандляры кажуць, што, бывае, за дзень угандляваць нічога не ўдаецца. Наведнікаў рынку рэзка паменела пасьля закрыцьця большасьці шапікаў. Зрэшты, тыя ІП, якія засталіся, кажуць, што ўжо больш як год людзі ўсё менш і менш ходзяць на рынак. Зьвязваюць суразмоўцы гэта найперш з падзеньнем пакупніцкай здольнасьці.

Пытаюся ў гандляра, што ж ён будзе рабіць, калі большасьць яго калегаў ды пакупнікі ня вернуцца на рынак. Спадар кажа, што ня мае адказу, куды падзенуцца тысячы берасьцейскіх прадпрымальнікаў:

«Ну, гэта ж нікога не хвалюе. Было ж ужо ў нас, калі адмянілі прадаўцоў, забаранілі наймаць. І юрысты, і эканамісты — усе працавалі ў прадпрымальнікаў прадаўцамі. І калі іх выганялі, ніхто ня думаў, дзе яны знойдуць працу. А хто думае пра нас? Усе ж лічаць, што мы такія ўжо гарбы вярблюджыя сабе панажывалі тут. А насамрэч атрымліваецца, што ледзь-ледзь цягнем. Я б з радасьцю пайшоў на працу, атрымліваў бы годны заробак і працаваў бы. А куды цяпер пайсьці? Зь біржы занятасьці гоняць высьпяткамі», — распавёў спадар.

На некаторых гандлёвых радах — ніводнага ІП
На некаторых гандлёвых радах — ніводнага ІП

Пахадзіўшы па рынку, пагутарыўшы з прадпрымальнікамі, знайшоў усё ж адну спадарыню, якая сказала, што пазакрываныя ІП самі вінаватыя, што зацягнулі зь пераходам на новыя правілы:

«Я бяру на фірме ўсё афіцыйна. Так, цяжка паводле дакумэнтаў працаваць, вельмі цяжка. Але ж гэта лепей, чым застацца ў наш час бяз працы».

Абвестку пра «шырокі асартымэнт» спраўдзіць ня ўдасца, бо на дзьвярах гандлёвай кропкі замок
Абвестку пра «шырокі асартымэнт» спраўдзіць ня ўдасца, бо на дзьвярах гандлёвай кропкі замок

На пытаньне, як, на погляд суразмоўніцы, разьвяжацца сытуацыя, ці вернуцца большасьць зачыненых ІП на рынак, гандлярка адказала так:

«Выжывуць мацнейшыя. Перамогуць мацнейшыя. Я ня ведаю, не магу сказаць. Хто захоча працаваць — той будзе працаваць. Таму што ў нас працы ў краіне няма, вы самі бачыце, што робіцца».

Калі гандляры-страйкоўцы ня вернуцца ўжо на рынак, спадарыня кажа, што і ёй давядзецца тут згарнуцца і ісьці арандаваць месца ў гандлёвым цэнтры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG