Прадпрымальнікаў ля гарвыканкаму ў Полацку сустрэла сьнегаўборачная тэхніка і міліцыянты ў цывільным. Чыноўнікі іх зварот прынялі, але нічога не паабяцалі.
Прадпрымальнікі Полацку і Наваполацку правялі мітынг ля полацкага гарвыканкаму, каб абмеркаваць шляхі змаганьня зь дзеяньнем прэзыдэнцкага ўказу нумар 222, які ад 1 студзеня 2016 году забараняе дробным гандлярам працаваць без сэртыфікатаў на прадукцыю.
Як паведаміў Свабодзе адзін зь лідэраў прадпрымальнікаў у Полацку Генадзь Бердзянёў, адначасна прадпрымальнікі перадалі ў гарвыканкам зварот з просьбай адмяніць прэзыдэнцкі ўказ:
«Мы заплянавалі сустрэчу каля гарвыканкаму Полацку на 12.00, і калі прыйшлі, то там ужо стаяла тэхніка, нібыта для прыбіраньня сьнегу. Усяго было каля сотні чалавек з Полацку і Наваполацку, таксама міліцыянты пераапранутыя, але людзей не чапалі.
Разам зь іншымі я пайшоў да чыноўнікаў, каб перадаць патрабаваньні. Я, у прыватнасьці, да пісьмовай заявы дадаў чыноўнікам, што, калі яны жадаюць стварыць роўныя ўмовы для буйнога і дробнага бізнэсу, то няхай яны створаць таксама роўныя ўмовы ў атрыманьні заробкаў для сябе і для прыбіральшчыкаў, дворнікаў і іншых працаўнікоў. Нас выслухалі і адказалі, што яны толькі выканаўцы і рашэньняў у такіх пытаньнях, якія закранаюць прадпрымальнікаў, яны не прымаюць. Мы ўсё паведамілі людзям, якія чакалі нас на вуліцы, і нашы настроі такія, што мы гатовыя ехаць у Менск, гатовыя выходзіць на плошчу, каб дамагацца сваіх правоў на працу і годнае жыцьцё».
Як паведаміў Генадзь Бердзянёў, прадпрымальнікі Полацку таксама зьвярнуліся ў суд з пазовам да кіраўніцтва адміністрацыі рынку, якая, на іх думку, незаконна спаганяе дадатковую плату за карыстаньне арандаваным месцам. Таксама ў суд зьвярнулася прадпрымальніца, якую пазбавілі гандлёвага месца за зьбіраньне подпісаў супраць незаконных пабораў.