Сьвечкі, генэратары, паліцаі ў засадзе — як выжываюць крымчане ў час энэргетычнай блякады

Свабода пацікавілася ў жыхароў Крыму, як у іх мяняецца жыцьцёвы лад з-за энэргетычнай блякады Крыму і каго яны лічаць вінаватымі.

Гэтага чакалі, таму набылі электрагенэратар і спадарожнікавы інтэрнэт

Па словах Аляксандра, які жыве ў Сымфэропалі, у нядзелю й панядзелак сьвятло, а разам зь ім і інтэрнэт, у яго дома ўвесь час было.

А вось увечары ў аўторак яно было толькі ў частцы раёнаў. У горадзе адключылі ўсё асьвятленьне й ілюмінацыю. У кавярнях пакінулі толькі самыя неабходныя асьвятляльныя прылады.

«У горадзе стала нашмат менш машын, — сказаў Аляксандар. — Пасьля веерных адключэньняў некаторыя сьвятлафоры перасталі працаваць, а паліцаі зьявіліся толькі на асноўных вуліцах для рэгуліроўкі трафіку».

Скарыстаўшы нагоду, паліцэйскія сталі ў засады, каб штрафаваць кіроўцаў за адмененыя ўкраінскія правілы дарожнага руху. Так тут робяць дзеля «папаўненьня бюджэту». Справа ў тым, што старыя знакі не прыбралі, але за язду паводле іх даюць штрафы.

У цэнтры Сімфэропаля, 22 лістапада 2015 году

Адключэньне сьвятла для большасьці жыхароў Крыму не было сюрпрызам: яго даўно ўжо чакалі. А таму людзі пасьпелі падрыхтавацца. Напрыклад, на працы ў Аляксандра загадзя паставілі генэратар і наладзілі спадарожнікавы інтэрнэт на выпадак, калі зьнікне электрыка.

«Працоўны рытм зьбіўся толькі ў панядзелак. У аўторак-сераду ўсе дзеяньні былі адладжаныя, і ўсё ідзе як заўсёды. Хто й што робіць пры адключэньні, я ня ведаю. Калі няма сьвятла, я харчуюся й кладуся спаць».

Па словах Аляксандра, на вуліцы і ў маршрутках асабліва не абмяркоўваюць, хто ў гэтым вінаваты.

«Амаль усе разумныя з Крыму ўжо звалілі, а „патрыёты“ ўпэўненыя, што як толькі дацягнуць кабэль зь Вялікай зямлі, адразу зажывем. А потым і мост пабудуюць, і наагул усё наладзіцца. Але ўсё адно асаблівай агрэсіі або актыўных абвінавачаньняў не чуваць».

Зьявіліся чэргі на запраўках і час на чытаньне кніг

«Гэта не адключэньне, а тэракт і распальваньне нянавісьці, — сказаў Свабодзе яшчэ адзін жыхар Сімфэропаля Дзьмітры. — „Сьвядомым“ братам-украінцам неабходна сур’ёзна задумацца над тым, што яны сабе дазваляюць, пакуль ня стала зусім позна».

Па яго словах, на працягу дня ўчора пэрыядычна адключалі сьвятло на 2–3 гадзіны, што крыху ўскладніла перамяшчэньне ў горадзе й стварыла дэфіцыт некаторых тавараў у крамах. На запраўках зьявіліся чэргі па паліва: купляюць для электрагенэратараў.

«Хтосьці пакутуе больш, хтосьці — менш, у залежнасьці ад роду дзейнасьці й звычак. Але горад жыве сваім жыцьцём».

Ёсьць перабоі з мабільнай сувязьзю і інтэрнэтам, ад якога шмат што залежыць. Увечары, аднак, сьвятло не адключалі.

У адной з Сімфэропальскіх крамаў

Цяжэй у вёсках

Горшая сытуацыя ў крымскіх вёсках: электрыкі амаль не даюць, мабільнай сувязі наагул няма. У вёсках, што ў нізінах і на ўзьбярэжжы, можна патэлефанаваць, калі толькі ўзабрацца на пагорак.

«Калі ўсё вырашыцца ў бліжэйшыя дні, дык асабіста я асаблівых праблемаў у гэтым ня бачу, — сказаў Дзьмітры. — Ёсьць нават пазытыўныя бакі: зьявілася больш часу на чытаньне».