Футбольныя заўзятары і падлеткі-кадэты выклікаюць хвалю ў мэдыях. Адны праз затрыманьне на стадыёне за «Пагоню», другія – за фатаграфаваньне з «Пагоняй». Хваля, у сваю чаргу, прыводзіць да арганізацыі важнага дзяржаўнага мерапрыемства, сутнасьць якога можна зьвесьці да спрадвечнага пытаньня: «Што рабіць з моладзьдзю?» Як адвабіць ад нацыянальнай, і прывабіць да дзяржаўнай сымболікі?
Абмеркаваньне ролі сымболікі выйшла на агульнадзяржаўны ўзровень – упершыню за апошнія дваццаць гадоў. Чаму, навошта?
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў і рэктар Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь Марат Жылінскі:
– Зрабіць афіцыйную сымболіку папулярнай і шанаванай, асабліва сярод маладых людзей.
Начальнік катэдры філязофіі і ідэалягічнай работы Акадэміі МУС Сяргей Масьлячэнка пра аналіз водгукаў на партале Tut.by пра перасьлед кадэтаў і футбольных заўзятараў:
– На тры пазытыўныя камэнтары на адрас дзяржаўных органаў прыпадае каля 97 адмоўна-нэгатыўных.
Супрацоўнік Інстытуту філязофіі НАН Аляксей Дзерман пра нацыянальную сымболіку:
– Гэта сымболіка няўдачнікаў. Тых, хто ня здолеў пераканаць беларускі народ у сваёй рацыі і давесьці сталасьць у дзяржаўным кіраваньні. Гэта сымбалі лузэраў.
Настолькі «лузэраў», што «філёзафы ў пагонах» з трывогай канстатуюць неабходнасьць змагацца за імідж дзяржаўнай сымболікі? І гэта пасьля дваццаці гадоў перасьледу нацыянальных сымбаляў і прапаганды дзяржаўных.
«Пасьпяховыя» прачнуліся: «Параду, як навучыць моладзь шанаваць афіцыйны сьцяг і герб, прапанаваў амаль кожны. Вадзім Дзевятоўскі рэкамэндаваў больш актыўна працаваць у сацыяльных сетках. Аляксей Дзерман – здымаць сюжэты пра патрыётаў. Акадэмія МУС параіла ў якасьці нефармальнага сымбалю разгледзець бусла альбо валошку. А Вадзім Гігін – крыж Эўфрасіньні Полацкай».
Для вызначэньня сапраўднасьці якой-кольвек ідэі існуе вельмі просты крытэр – час. За штучна створаным гербам савецкай Беларусі стаіць магутны адміністрацыйны і рэпрэсіўны рэсурс. За старадаўняй «Пагоняй» – самастойны выбар чалавека.
Нягледзячы на крымінальныя, адміністрацыйныя, маральныя рэпрэсіі і прымусы, «Пагоня» жыве і разьвіваецца найперш сярод моладзі. Прычым, моладзьдзю ў свой час былі тыя, каму цяпер па сорак-пяцьдзясят з плюсам. Геамэтрычная прагрэсія за апошнюю чвэрць стагодзьдзя.
Мне было б цікава пачытаць сацыялягічнае дасьледаваньне на тэму выбару сымболікі, хоць я і ня надта давяраю сацыялёгіі ў запужаных грамадзтвах. Але мне дастаткова факту, што галоўныя ідэолягі Адміністрацыі прэзыдэнта, Міністэрства інфармацыі, і – што вельмі важна! – Міністэрства ўнутраных справаў шукаюць шляхоў папулярызацыі дзяржаўнай сымболікі. Праз дваццаць гадоў «посьпеху»: калясальных магчымасьцяў для распаўсюду сваёй рацыі. Дык хто лузэр?
«Пагоня» даўно ўзаконеная як нематэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасьць, і легалізаваная ў якасьці герба Віцебскай вобласьці. Дый з гербаў некаторых беларускіх гарадоў яна ніколі не зьнікала. Бел-чырвона-белы сьцяг афіцыйна міліцыяй абазначаны як цалкам легальны. Улады не замінаюць «Дню вышыванкі», і самі актыўна выкарыстоўваюць нацыянальны арнамэнт.
Дык у чым справа, навошта круглы стол на такім прадстаўнічым афіцыйным узроўні: міністар, дэпутат Верхняй Палаты, міліцэйскія кіраўнікі?
Магчымы адказ, на мой погляд, хаваецца за словамі рэктара прэзыдэнцкай Акадэміі кіраваньня Марата Жылінскага, які пачаў круглы стол са згадкі пра тое, што «вайскоўцы прысягнулі на вернасьць Аляксандру Лукашэнку менавіта на плошчы Дзяржаўнага сьцягу».
Толькі не прысягнулі, а далі клятву «беларускаму народу і прэзыдэнту». І не «вайскоўцы», а прадстаўнікі ўсіх сілавых структураў. СМІ не асабліва зьвярнулі ўвагу на факт клятвы людзьмі ў пагонах пасьля інаўгурацыі. Што за клятва? Юрыдычнай сілы яна ня мае. Ані ў Канстытуцыі, ані ў іншых законах слова «клятва» не існуе.
Для мяне відавочна, што гэтая неафіцыйная «клятва» – сымбалічны ход, дзе словы «народ» і «прэзыдэнт» тое самае. Чаму кіраўніку краіны спатрэбіўся гэты сымбалічны жэст? Мы можам толькі здагадвацца. Напрыклад, пра тое, што спадар Лукашэнка няўпэўнена адчувае сябе найперш у адносінах зь беларускімі сілавікамі.
Таксама для мяне відавочна, што сучасную дзяржаўную сымболіку Аляксандар Лукашэнка ўспрымае як сваю асабістую. Зрэшты як і ўсю краіну – гаспадар на падворку.
Таму, шукаючы спосабы прывучыць моладзь паважаць дзяржаўную сымболіку, прадстаўнікі ўлады шукаюць магчымасьць выклікаць у моладзі павагу да Аляксандра Лукашэнкі. Як і ў выпадку зь сілавікамі, не зразумела – навошта? Калі ты ўпэўнены, што цябе падтрымлівае больш за 80% насельніцтва. Значыць, ты ведаеш нейкія іншыя лічбы?
У кожным выпадку, дзьве адрозныя паводле зьместу падзеі Марат Жылінскі зьвязаў у адно: «клятву» і круглы стол пра дзяржаўную сымболіку. У абедзьвюх падзеях мне бачная няўпэўненасьць, і пошук выйсьця на новыя далягляды, на карэкціроўку існай ці стварэньне новай сытуацыі ў краіне.
Я ня ведаю рэальныя лічбы, якімі валодаюць аналітыкі ўладаў. Але мне бачыцца спроба захаваць твар у сытуацыі, калі працягваць забараняць нацыянальную сымболіку ў больш-менш блізкай пэрспэктыве ўжо ня мае сэнсу. Як і прымушаць паважаць штосьці ці кагосьці сіламоц.