Дзе на новых рублях «Пагоня» і савецкія сымбалі?

На новых купюрах ёсьць яшчэ некалькі адметнасьцяў, акрамя подпісу Пятра Пракаповіча і памылкі ў слове «пяцьдзясят». Свабода сабрала некалькі невідавочных назіраньняў.

Практычна адразу беларусы заўважылі на новых дэнамінаваных рублях дзьве цікавосткі. Па-першае, банкноты падпісаныя не цяперашнім, а былым старшынём Нацбанку — Пятром Пракаповічам. Па-другое, з пункту гледжаньня новых правілаў правапісу яны ўтрымліваюць артаграфічную памылку — «пяцьдзесят» замест «пяцьдзясят». Абедзьве асаблівасьці зьвязаныя з тым, што рублі друкаваліся яшчэ ў 2009 годзе — пры старых правілах і старым старшыні Нацбанку, які цяпер і не згадае, чаму дэнамінацыю не правялі тады.

Як эўра, ды не зусім

Лукашэнка ў 2014 годзе заяўляў, што новыя грошы беларусаў будуць падобныя да эўра. Пэўнае падабенства ёсьць, як адзначаюць і апытаныя Свабодай мінакі. Што цікава, поўнае падабенства ёсьць у наміналах: і беларускі рубель, і эўра прадстаўленыя купюрамі ў 5, 10, 20, 50, 100, 200 і 500 адзінак, манэты маюць наміналы ў 1, 2, 5, 10, 20, 50 капеек-цэнтаў і 1-2 рублі-эўра.

Як і эўра-манэты, беларускія 2 рублі маюць падвойны колер: серабрысты ўсярэдзіне, залацісты звонку. Толькі ў эўра колеры наадварот: звонку серабрыстая нікелевая лятунь, усярэдзіне залацісты медна-нікелевы сплаў. Манэта ў 1 рубель у Беларусі чыста серабрыстая, хоць 1 эўра, як 2 беларускія рублі, серабрысты ўсярэдзіне і залацісты звонку. А вось манэты меншых наміналаў супадаюць па колерах: 1, 2 і 5 адзінак — бронзавага колеру, 10, 20 і 50 — залацістага. Адно што на авэрсе няма «Пагоні», як на літоўскіх эўра.

Купюры агулам паўтараюць каляровую гаму эўра, але парадак зьбіваецца. У эўра: шэры — ружовы — блакітны — аранжавы — зялёны — жоўты — фіялетавы; у рублёў: ружовы — блакітны — жоўты — зялёны — блакітны (зноў!) — фіялетавы — блакітна-фіялетавы. Па колеры можна зблытаць 10 і 100 рублёў, а 500 — адначасова пераблытаць і з 200, і з 500 рублямі.

Праўда, калі эўра маюць агульную тэму — вокны і брамы на авэрсе і масты на рэвэрсе — то на беларускіх купюрах цяжка прасачыць лёгіку, паводле якой Нацыянальная бібліятэка апынулася побач з царквой ці палацам. Акрамя таго, можна заўважыць падабенства па каляровай гаме і да літоўскіх літаў. А традыцыю прысьвячаць асобныя купюры асобным абласьцям можна прасачыць і на расейскіх рублях.

Хрысьціянства замест СССР

Новыя грошы захавалі традыцыі старых: замест выбітных гістарычных дзеячаў ці ўласьцівых Беларусі зьвяроў — на іх будынкі і каляжы. Засталіся і некаторыя будынкі са старых купюраў: Мастацкі музэй у Магілёве, палац Румянцавых-Паскевічаў у Гомелі, Нясьвіскі і Мірскі замкі. А савецкія будынкі зьніклі.

Акадэмія навук, старая Нацыянальная бібліятэка, Нацбанк, Брэсцкая крэпасьць, Опэрны тэатар, Палац культуры прафсаюзаў, Мастацкі музэй, Палац спорту, спарткомплекс «Раўбічы» і віцебскі амфітэатар — усё савецкае засталося на старых грошах. На новых Брэсцкую крэпасьць замяніла Белая вежа, замест амфітэатру — Спаса-Праабражэнская царква, замест савецкай Нацыянальнай бібліятэкі — новы ромбакубаактаэдар. Тэма Вялікай Айчыннай не раскрытая ніяк.

Аўтэнтычны выгляд царквы паводле М. Брунова, які беспасярэдне дасьледаваў помнік

Праўда, Спаса-Эўфрасіньнеўская царква на купюры мае сучасны купал-цыбуліну, уласьцівы маскоўскім цэрквам і надбудаваны ў 2000-х «пад XIX стагодзьдзе», а не аўтэнтычны раманскі купал, вядомы з гістарычных малюнкаў да перадачы царквы ў маскоўскі патрыярхат. А вось ці ёсьць «маскоўская» цыбуліна на Нясьвіжы на 100 рублях — невядома. Вежа, празь якую было нямала спрэчак гісторыкаў з рэстаўратарамі, далікатна прыкрытая лічбай 1.

#пагоняпобач

На новых купюрах можна заўважыць і «Пагоню» — афіцыйна не забаронены, але нялюбы некаторым прадстаўнікам улады герб Беларусі пачатку 90-х, ён жа герб Віцебскай вобласьці. На «віцебскай» купюры «Пагоні» няма, але ёсьць на «магілёўскай» — у складзе гербу Магілёва.

Сымбаляў жа савецкіх на купюрах не засталося: замест пяціканцовых зорак цяпер праваслаўныя крыжы і калядныя зоркі.

Чужы альфабэт

Новыя беларускія рублі прысьвечаныя асобным абласьцям Беларусі і яе сталіцы. 5 — Берасьцейская, 10 — Віцебская, 20 — Гомельская, 50 — Гарадзенская (Гродзенская школьным правапісам), 100 — Менская (Мінская), 200 — Магілёўская, 500 — сталіца, горад Менск.

Яны выдатна адсартаваныя паводле альфабэту — але расейскага: спачатку «Минская», потым «Могилёвская», а не наадварот, як было б па-беларуску.

Зноў дзьвюхмоўная купюра?

Банкнота ў 500 рублёў 1992 году, на якой была выяўленая плошча Перамогі ў Менску, мела надпісы на дзьвюх мовах, што ня часта здараецца ў сьвеце. Хоць усе службовыя надпісы былі на беларускай, але прысутнічаў расейскі надпіс на будынках на плошчы — «Подвиг народа бессмертен».

На новых купюрах таксама можна заўважыць дзьве мовы, хоць і з нацяжкай. На 500 рублях каля Нацыянальнай бібліятэкі нанесены тэкст. Прачытаць яго пры цяперашняй якасьці ўзораў-выяваў цяжка, але, мяркуючы па шрыфце, ён можа быць на старарускай альбо старабеларускай мовах, адметных ад сучаснай беларускай.

Коласу слава, слава Купалу

Выбітныя асобы Беларусі ўсё ж згадваюцца на беларускіх грошах. На той самай купюры з Нацыянальнай бібліятэкай з адваротнага боку можна знайсьці імя Янкі Купалы, фрагмэнт вокладкі кнігі «Сымон-музыка» Якуба Коласа і «Вянок», адзіны прыжыцьцёвы зборнік вершаў Максіма Багдановіча. Ёсьць ускосныя памяткі і пра іншых асобаў: на 10 рублях — знак Скарыны і крыж Эўфрасіньні Полацкай, на 20 рублях — Тураўскае Эвангельле, стваральнік якога, праўда, невядомы.

Менш відавочна нехта згаданы на «гарадзенскіх» 50 рублях. На зваротным боку ёсьць ноты неназванага твору. Калі прыгледзецца, у іх можна пазнаць урывак з палянэзу Агінскага — «Разьвітаньне з Радзімай».