Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сваіх манэт у нас не было з 1667 году: гісторыя беларускіх грошай ад віцебскага ізроя да літоўскіх «барацінак»


Першымі ўласна беларускімі грашыма ў сярэдзіне 12 стагодзьдзя стаў віцебскі ізрой — срэбны пруток, распаўсюджаная на той час «валюта» ў нашым рэгіёне. Калі на манэтах зьявілася «Пагоня» і дзе, акрамя Вільні, біліся манэты, высьветліла Свабода.

ІХ—Х стагодзьдзі — арабскія дырхэмы

Першымі масавымі манэтамі, што зьявіліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў ІХ стагодзьдзі нашай эры, былі арабскія дырхэмы. Іх ужываньне зьвязваецца з пашырэньнем гандлёвых сувязяў старажытнабеларускіх плямёнаў з краінамі Ўсходу. Найчасьцей на беларускіх землях сустракаюцца манэты, бітыя арабскімі дынастыямі Абасідаў, Саманідаў і Умаядаў.

Х -ХІ стагодзьдзі — эўрапейскія пенязі

З канца Х стагодзьдзя, калі Полацкае і іншыя старажытнабеларускія княствы пашыраюць гандлёвыя сувязі з краінамі Заходняй Эўропы, у нас пачынаюць ужывацца пенязі (дынары), бітыя ў княствах Нямеччыны, Чэхіі, Вугоршчыны, Францыі, Скандынавіі, Ангельшчыны й Італіі.

У гэты ж час у Кіеве пачынаюць біць свае манэты са срэбра й золата. Вядомыя манэты ад Уладзімера Сьвятаславіча, Сьвятаполка (як князя Кіеўскага) і Яраслава (Наўгародзкага).

Канец ХІ стагодзьдзя — срэбныя грыўні й рублі

Для аплаты ў буйным гандлі з канца ХІ стагодзьдзя на славянскіх землях пачынаюць выкарыстоўваць срэбныя пруткі. У Кіеве яны называліся грыўнямі, у Ноўгарадзе — рублямі. У Чарнігаве такія пруткі мелі рамбавідную форму. Былі свае пруткі й у татараў.

ХІІ стагодзьдзе — віцебскі ізрой, першыя беларускія грошы

Такія срэбныя пруткі называліся ізроямі. Ілюстрацыя з кнігі «Манэты беларускай даўніны» Зьмітра Гулецкага
Такія срэбныя пруткі называліся ізроямі. Ілюстрацыя з кнігі «Манэты беларускай даўніны» Зьмітра Гулецкага

У сярэдзіне ХІІ стагодзьдзя зьяўляецца першая беларуская грашовая адзінка — віцебскі ізрой. Віцебскія срэбныя пруткі, адзначаныя ў грамаце 1298 году, мелі адметную ад суседзкіх пруткоў мэтралёгію. Менавіта гэтая «валюта» стала першай грашовай адзінкай задзіночанага Вялікага Княства Літоўскага. Ізроі актыўна выкарыстоўваліся як асноўная валюта разам з праскімі грошамі да канца ХІV стагодзьдзя. У гэты час выпускаліся залатыя пруткі й літоўскія срэбныя пруткі трохкутнага сячэньня — рублі.

Полацка-віцебская вагавая сыстэма на аснове ізрояў спалучылася ў далейшым з пашырэньнем праскага гроша на тэрыторыі ВКЛ.

ХІV—XV стагодзьдзі: росквіт праскіх грошаў

Праскі грош. Ілюстрацыя з кнігі «Манэты беларускай даўніны» Зьмітра Гулецкага
Праскі грош. Ілюстрацыя з кнігі «Манэты беларускай даўніны» Зьмітра Гулецкага

У 1300 годзе ў Кутнай Горы чэскі кароль Вацлаў Другі пачынае эмісію праскіх грошаў. Выкананыя на высокім узроўні й выпушчаныя ў вялікай колькасьці, праскія грошы разышліся па ўсёй Эўропе. Асаблівую ролю яны адыгралі ў станаўленьні грашовай сыстэмы ВКЛ. У ХIV-м стагодзьдзі яны сталі асноўным сродкам унутранага й вонкавага гандлю ў Вялікім Княстве. Праскі грош выкарыстоўваўся ў ВКЛ да пачатку XVI стагодзьдзя.

Альгердавы манэты й «Пагоня» на Ягайлавых

Першыя ўласныя манэты ВКЛ, верагодна, былі выбітыя вялікім князем Альгердам у канцы княжаньня. На гэтай манэце зьмешчаны надпіс «ПЕЧАТЬ», а зь іншага боку — наканечнік дзіды і бізантыйскі крыж. Біць такія самыя манэты працягнуў Ягайла ў 1382 годзе. Пасьля прыняцьця Ягайлам каталіцтва пачынаюць біць манэты зь ягоным партрэтам.

Пенязь віленскі з «Пагоняй» і калюмнамі. Ілюстрацыя з кнігі «Манэты беларускай даўніны» Зьмітра Гулецкага
Пенязь віленскі з «Пагоняй» і калюмнамі. Ілюстрацыя з кнігі «Манэты беларускай даўніны» Зьмітра Гулецкага

Першыя манэты ВКЛ былі выкананыя на даволі нізкім мастацкім узроўні. На Ягайлавых манэтах паміж 1387 і 1392 гадамі зьяўляецца выява «Пагоні». Называліся першыя манэты Вялікага Княства грошыкамі й пенязямі.

Пасьля прыходу да ўлады Вітаўта пачынаецца масавы выпуск пенязяў. Ягоныя пенязі з выявай Калюмнаў (асабістым гербам Вітаўта) на адным баку й наканечніка дзіды з крыжам (сымбаль мітрапаліта Кіеўскага і ўсяе Русі Кіпрыяна) адразу атрымалі распаўсюд. Манэты біліся Вітаўтам у Вільні й Луцку — уладаньні Вітаўта, дзе, як ён лічыў, біць манэты было больш бясьпечна, чым у Вільні. Пасьля атрыманьня ў 1401 годзе афіцыйнага тытулу Вялікага князя Літоўскага Вітаўт пачынае біць манэты з «Пагоняй».

Рэформа Аляксандра Казіміравіча й полацкія фальшыўкі

Паўгроша Аляксандра. Ілюстрацыя з кнігі «Манэты беларускай даўніны» Зьмітра Гулецкага
Паўгроша Аляксандра. Ілюстрацыя з кнігі «Манэты беларускай даўніны» Зьмітра Гулецкага

Пры Аляксандру Казіміравічу праскі грош саступіў ролю асноўнага грашовага сродку на рынках краіны новаму літоўскаму паўгрошу, выкананаму на заходнеэўрапейскі кшталт і па сучаснай тэхніцы біцьця. Свае першыя манэты Аляксандар пачаў біць у Вільні, дзе на пачатку 1490-х гадоў атрымаў права адкрыць манэтны двор.

Пры манэтнай рэформе Аляксандра ў ВКЛ сталі біць ня толькі літоўскія пенязі, але й паўгрошы, ці пятакі. На паўгрошах Аляксандра зьяўляюцца доўгія легенды на лаціне — мове міжнародных зносінаў. На манэце была выява «Пагоні» на адным баку, Ягайлаўскага арла без кароны — на другім.

У гэты ж час у Полацку білі медныя і так званыя білёнавыя манэты Лівонскага ордэна. Гэта была добра арганізаваная сыстэма фальсыфікацыі. Верагодна, у Полацку выбілі пад мільён фальшывых манэт Лівонскага ордэна.

Найпрыгажэйшыя манэты Эўропы

Росквіт манэтнай справы ў ВКЛ прыпадае на часы панаваньня Жыгімонта Аўгуста. У 1565 годзе адбылася рэформа, і зьявіліся новыя наміналы. Рэформа мела на мэце аб’яднаць грашовыя сыстэмы ВКЛ і Польскай Кароны. Дызайн літоўскіх манэт часоў Жыгімонта Аўгуста лічацца адным з самых дасканалых у Эўропе. Напрыклад, малюнак манэты пад назвай чворак быў пазычаны манэтнымі дварамі Сылезіі й П’емонту. Папулярная гэтая манэта была й у Нямеччыне.

Талеры — як сучасныя даляры

Калі ў канцы XV стагодзьдзя ў Чэхіі й Тыролі паадкрывалі багатыя радовішчы срэбра, у Заходняй Эўропе набывае папулярнасьць новы буйны намінал манэты — талер. Як паказваюць археалягічныя раскопкі, шмат эўрапейскіх і польскіх талераў хадзіла й па тэрыторыі Беларусі. Былі ў нас і ўласныя талеры, але вельмі ў невялікай колькасьці.

У 1580 годзе кароль Стэфан Баторы выдаў ардынацыю аб біцьці новых наміналаў на польскі ўзор, у тым ліку талераў. У Вільні іх выбілі абмежаваным накладам толькі ў 1585 годзе.

Паўнавартаснай валютай талеры сталі ў XVII стагодзьдзі, калі іх пачалі біць на манэтным двары ў Быгдашчы. У гэты ж час актыўна ўжываюцца на нашых землях і заходнеэўрапейскія талеры.

«Барацінкі» й канец эпохі ўласных манэт

Барацінкі — апошнія манеты ВКЛ. Ілюстрацыя з кнігі «Манэты беларускай даўніны» Зьмітра Гулецкага
Барацінкі — апошнія манеты ВКЛ. Ілюстрацыя з кнігі «Манэты беларускай даўніны» Зьмітра Гулецкага

У 1659 годзе зьнясіленая Паўночнай вайной і расейскай акупацыяй Рэч Паспалітая стала выпускаць мядзяныя шэлягі, якія ў народзе атрымалі назву «барацінкі» — па імені аўтара грашовага праекту Тыта Лівія Бараціні. Аднак велізарная колькасьць медных грошай не прывяла да аздараўленьня эканомікі, а наадварот, спрычынілася да яе глыбейшага заняпаду. У гэты час мядзяныя грошы білі ў тым ліку ў Вільні й Берасьці. Апошнія манэты на тэрыторыі ВКЛ былі выпушчаныя ў Вільні ў 1667 годзе. Пасьля гэтага біць літоўскую манэту было забаронена.

Аднак праз 40 год былі выпушчаныя ўжо зусім апошнія манэты ВКЛ. Пры Аўгусту Другім у Маскве й Караляўцы білі літоўскія шастакі й траякі. Раней лічылася, што яны маглі быць выбітыя ў Гародні.

Фактычна, з 1667 году ў Беларусі не было сваіх манэт, пацьвердзіў Свабодзе Зьміцер Гулецкі, нумізмат, дырэктар інтэрнэт-аўкцыёну ay.by. Калі насамрэч у нас будуць выпускаць манэты з наступнага году, гэта будзе гістарычнай падзеяй. Гэта будуць першыя беларускія манэты за апошнія 349 год.

Пры напісаньні артыкула выкарыстаныя матэрыялы й ілюстрацыі з кніг «Манэты беларускай даўніны» Зьмітра Гулецкага й «Манэты Беларусі да 1707 года».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG