Беларусь набывае ў Расеі новыя БТРы. Якая яшчэ тэхніка састарэла ў беларускай арміі?

БТР-82А на вайсковым парадзе ў Казахстане

Учора расейскія СМІ паведамілі, што Расея паставіць Беларусі 32 новыя бронетранспартэры «БТР-82А». На думку экспэртаў, гэтая тэхніка павінна пайсьці на ўзбраеньне беларускіх Сіл спэцыяльных апэрацый.

Пагадненьне наконт паставак БТРаў было падпісана на выставе Russia Arms Expo-2015, якая прайшла ў Ніжнім Тагіле ў верасьні. Сума пагадненьня не выдаецца.

«БТР-82А» быў прыняты на ўзбраеньне ў расейскай арміі ў 2013 годзе.

Расейскія БТРы — для Сіл спэцыяльных апэрацый.

Вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін у інтэрвію Радыё Свабода адзначыў: неабходнасьць набыцьця расейскіх «БТР-82А» абумоўлена тым, што парк беларускіх бронетранспартэраў сур’ёзна састарэў. На ўзбраеньні беларускай арміі застаецца досыць шмат яшчэ савецкіх «БТР-60» і «БТР-70».

Аляксандар Алесін

«Парк БТР мае патрэбу ў істотным абнаўленьні. Уся гэтая тэхніка старая, савецкай вытворчасьці, і стваралася паводле іншых патрабаваньняў і для іншай вайны. Цяпер патрабаваньні істотна зьмяніліся да тэхнікі, вельмі разьвілася мінная зброя, у патэнцыйных праціўнікаў зьявілася вялікая колькасьць буйнакалібэрных кулямётаў 12,7 мм і 14 мм, і нават 20 мм гармат, што патрабуе новай ступені абароны. Зь меркаваньняў рухомасьці неабходныя больш магутныя, трывалыя рухавікі. Акрамя таго, эрганоміка ўнутраных аб’ёмаў, больш зручнае разьмяшчэньне пэрсаналу ўнутры, новае электроннае і аптычнае прыцэльнае абсталяваньне. Але галоўнае — незаселеныя баявыя модулі, калі ў вежы няма стралка і яна кіруецца дыстанцыйна. „БТР-82А“ можа ўтрымліваць як буйнакалібэрны кулямёт, так і гармату 30 мм у баявым модулі. Гэта значыць, яго баявыя якасьці істотна вышэйшыя, чым у старых сыстэм», — тлумачыць экспэрт.

Алесін пры гэтым падкрэсьлівае, што 32 бронетранспартэры — гэта вельмі мала, іх ня хопіць нават на батальён. А ўсяго, паводле дадзеных экспэрта, парк бронетранспартэраў у беларускім войску можа дасягаць 2 тысяч савецкіх БТР. Таму, хутчэй за ўсё, новыя БТРы прызначаныя да Сіл спэцыяльных апэрацый.

«Сілы спэцыяльных апэрацый на БТРах заўсёды дзейнічаюць. Чаму БТРы? Таму што колавыя машыны не псуюць дарожную сетку пры руху, і яны хутчэй рухаюцца. Таму і сілы спэцыяльных апэрацый заходніх краін, і марская пяхота ЗША, і іншыя мабільныя сілы — яны ў асноўным узбройваюцца колавымі баявымі машынамі. Таму, каб павысіць баяздольнасьць нашых Сіл спэцыяльных апэрацый, неабходна будзе досыць значнае папаўненьне колавымі баявымі машынамі», — кажа ён.

На думку Алесіна, расейскія бронетранспартэры «БТР-82А» адпавядаюць сярэдняму сусьветнаму ўзроўню аналягічнай тэхнікі.

«Калі меркаваць па сукупнасьці парамэтраў — праходнасьць, абароненасьць, рухомасьць, агнявая моц — то „БТР-82А“ прыкладна адпавядае сярэдняму сусьветнаму ўзроўню. А па некаторых парамэтрах, напрыклад, па праходнасьці ў цяжкіх умовах (улічваючы, што ў нас наагул мясцовасьць унікальная), то нават вышэйшы будзе», — адзначае экспэрт.

Якая тэхніка састарэла ў беларускай арміі?

Алесін канстатуе, што ў Беларусі састарэў далёка ня толькі парк бронетранспартэраў. Экспэрт лічыць, што абнаўленьня патрабуе амаль уся вайсковая тэхніка беларускай арміі — бадай, акрамя сродкаў сыстэмы СПА.

БМП-2

«Трэба было б, вядома, замяніць баявыя машыны пяхоты. „БМП-2“ — наша самая перадавая сыстэма — узыходзіць да пачатку 80-х гадоў. А цяпер зусім іншыя патрабаваньні па абароненасьці. З пункту гледжаньня абароненасьці ад новых боепрыпасаў яна будзе слабаватая. Кампаніі, якія праводзіла Расея ў Чачні і Грузіі, а яшчэ раней Савецкі Саюз у Аўганістане, паказалі, што мотастралкі аддаюць перавагу разьмяшчэньню на брані, каб у выпадку падрыву альбо абстрэлу можна было саскочыць і схавацца на мясцовасьці. Таму што браня слабаватая, і, на жаль, выжывальнасьць стралкоў у гэтай тэхніцы досыць нізкая. Цяпер ствараюцца больш абароненыя машыны за кошт дынамічнай брані, ізраільцяне нават прымаюць актыўную браню, шматслаёвую кампазытную браню. Усяго гэтага „БМП-2“ пазбаўленая, і таму на сучасным полі бою яна будзе дрэнна выжываць», — адзначае вайсковы аглядальнік.

Патрэбная мадэрнізацыя і танкавых сіл беларускай арміі — перш за ўсё з пункту гледжаньня абароненасьці танкаў.

Цяпер нават Польшча, атрымаўшы на ўзбраеньне танкі „Леапард-А5“ валодае танкамі з высокай паражальнай здольнасьцю. Наш „Т-72“ без мадэрнізацыі супрацьстаяць ім ня зможа

«Трэба забясьпечыць больш высокую абароненасьць, каб танкі маглі супрацьстаяць сучасным падкалібэрным боепрыпасам, якія стаяць на ўзбраеньні ў нашых віртуальных супернікаў. Цяпер нават Польшча, атрымаўшы на ўзбраеньне танкі „Леапард-А5“ валодае танкамі з высокай паражальнай здольнасьцю. Наш „Т-72“ без мадэрнізацыі супрацьстаяць ім ня зможа», — лічыць экспэрт.

Акрамя таго, паводле слоў Алесіна, патрабуецца абнаўленьне парку аўтамабільнай тэхнікі, які ў Беларусі занадта разнамасны, а таксама самаходнай артылерыі.

«Я думаю, што неабходная замена або мадэрнізацыя парку самаходнай артылерыі. Усё ж такі практыка, асабліва ўкраінская, паказала, што артылерыю рана сьпісваць. Яна грае вялікую ролю, асабліва калі штурмавая авіяцыя вельмі ўразьлівая ў выпадку насычэньня поля бою сродкамі супрацьпаветранай абароны», — кажа ён.

Адно з найслабейшых месцаў беларускіх узброеных сілаў, на думку Алесіна, — гэта ўдарная авіяцыя.

СУ-27

«Пасьля таго як былі сьпісаныя франтавыя бамбавікі „СУ-24“, здольныя наносіць удары высокадакладнымі кіраванымі боепрыпасамі, і цяжкія зьнішчальнікі „СУ-27“, ударныя магчымасьці беларускай авіяцыі рэзка зьнізіліся. А досьвед Сырыі паказвае, што такія старыя самалёты, як „СУ-27“, пасьля мадэрнізацыі здольныя прымяняць ракеты з лазэрным кіраваньнем, тэлевізійным кіраваньнем і г.д. Таму ў выпадку, калі ўзьнікне канфлікт, авіяцыі, якая будзе падтрымліваць намаганьні сухапутных войскаў у апэратыўным тыле, ня будзе хапаць, і гэтае пытаньне неабходна вырашаць. Тое, што прымаецца на ўзбраеньне — „Як-130“ — гэта, вядома, добра, яны ў нейкім сэнсе могуць замяніць штурмавікі ў якасьці лёгкіх ударных самалётаў, але замяніць франтавыя ўдарныя самалёты яны ня могуць. Прэзыдэнт абяцаў, што будзе мадэрнізавана 20 беларускіх самалётаў, якія змогуць наносіць удары і па зямлі, але мы пакуль ня ведаем тыпаў гэтых самалётаў. Магчыма, гэта будзе „МІГ-29“, можа, нейкую частку „СУ-27“ вернуць у строй, але замяніць „СУ-24“ (а іх было 35) будзе вельмі складана. А досьвед Сырыі паказвае важнасьць ударных тактычных самалётаў», — тлумачыць вайсковы аглядальнік.

Фактычна адзіны тып вайсковай тэхнікі, дзе ў Беларусі няма ніякіх праблемаў, — гэта сродкі СПА. Тут, паводле Алесіна, «больш-менш пастаянна абнаўляюцца сродкі радыёлякацыі і мадэрнізуюцца ЗРК».