Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесін: Беларускія адмыслоўцы могуць абслугоўваць расейскую тэхніку ў Сырыі


Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін

Вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін упэўнены, што ваенная апэрацыя Расеі ў Сырыі будзе праходзіць без вайсковай дапамогі з боку Беларусі.

Алесін падкрэсьлівае, што не існуе ніякіх афіцыйных дамоўленасьцяў, якія б абавязвалі Беларусь удзельнічаць у расейскай ваеннай апэрацыі ў Сырыі:

«Дамова аб АДКБ прадугледжвае чыста абарончыя меры ў межах тэрыторыі краін-удзельніц дамовы. Гэта значыць, дзеяньні па абароне могуць быць толькі на тэрыторыі любой з гэтых краін, за межамі гэтых краін гэты дагавор ня дзейнічае — юрыдычна ён абмяжоўваецца прасторай АДКБ. Што тычыцца нашых адносін з Расеяй паводле Саюзнай дамовы, то там таксама прадугледжваюцца толькі абарончыя дзеяньні, у выпадку нападу на аднаго з удзельнікаў пагадненьня. Таму зь юрыдычнага пункту гледжаньня для Беларусі дазвол Савета Фэдэрацыі Пуціну ўводзіць войскі ня мае сілы. Калі мы і будзем удзельнічаць у нейкіх мерапрыемствах, то павінна быць заключана асобная дамова, і толькі паводле яе могуць прымацца нейкія дзеяньні. Цяпер жа, паводле цяперашняга стану рэчаў, гэта рашэньне для нас нічога ня значыць», — кажа экспэрт.

Акрамя таго, як адзначае Алесін, Масква сёньня ў сырыйскай кампаніі ня мае патрэбы ў якой-колечы дапамозе ад Беларусі: у Расеі дастаткова і ўзбраеньня, і жывой сілы.

Між тым беларускія адмыслоўцы могуць удзельнічаць у абслугоўваньні вайсковай тэхнікі ў Сырыі.

«Але я думаю, што яны і бяз Пуціна знаходзіліся там. Беларусь пастаўляла Сырыі яшчэ савецкія зьнішчальнікі-бамбавікі МІГ-23 і шэраг іншых відаў тэхнікі, і нашы адмыслоўцы рамонтных заводаў яе абслугоўвалі. Вось толькі такога роду ўдзел беларусаў магчымы. Але гэта, хутчэй, камэрцыйныя праекты, і яны грунтуюцца на пагадненьнях паміж урадам Сырыі і Беларусьсю. Лічыцца, што гэтыя людзі працуюць паводле прыватных кантрактаў. Ці, напрыклад, ёсьць нейкія кампанэнты, агрэгаты ў расейскай тэхніцы, якія выпускала і пастаўляла Беларусь,— у такім выпадку гіпатэтычна можна выказаць здагадку, што беларускія адмыслоўцы прадпрыемстваў-вытворцаў могуць удзельнічаць у сэрвісе, рамонце і абслугоўваньні гэтай тэхнікі на тэрыторыі Сырыі», — кажа вайсковы аглядальнік.

Апэрацыя расейскай авіяцыі можа быць эфэктыўнай

Што тычыцца непасрэдна ўдзелу Расеі ў вайне ў Сырыі, то, з пункту гледжаньня Алесіна, вайскова-паветраная апэрацыя тут можа быць даволі эфэктыўнай:

«На думку многіх экспэртаў, якраз паветраныя апэрацыі ва ўмовах пустыннай мясцовасьці Сырыі могуць быць эфэктыўныя з улікам таго, што групы „ІДІЛ“ і іншых груповак перасоўваюцца на аўтамабілях высокай праходнасьці, яны ўзброеныя буйнакалібернымі кулямётамі, безадкатнымі гарматамі. У прынцыпе, гэта своеасаблівы аналяг бандаў часоў Грамадзянскай вайны ў Расеі на тачанках. А паколькі мясцовасьць пустынная, то штурмавая авіяцыя можа быць вельмі эфэктыўная супраць іх. Адзінае, што важна, гэта каб у рэжыме рэальнага часу выведка іх адсочвала. Таму думаю, што прымяненьне авіяцыі тут вельмі дарэчы. А вось у тых выпадках, калі яны ўжо акапаліся ў гарадах, вырылі схованкі і тунэлі — іх прыйдзецца адтуль выкурваць, і наўрад ці гэтым будуць займацца самі расейцы. Расейцы будуць проста блякаваць гэтыя раёны з паветра, перашкаджаючы дастаўцы харчаваньня, паліва і боепрыпасаў, ну, а далей будуць разьбірацца самі сырыйцы. Акрамя таго, самае галоўнае — парушыць шляхі забесьпячэньня. Усё ж такі „Ісламская дзяржава“ займае вельмі вялікую тэрыторыю, і перад імі ўсталі лягістычныя задачы дастаўкі дзейным падразьдзяленьням усяго неабходнага. Яшчэ адзін важны момант — нанясеньне ўдараў па штабных структурах. Якую б мабільную вайну тэрарысты ні вялі, усё роўна ёсьць нейкія цэнтры, ёсьць кіраўніцтва, ёсьць склады забесьпячэньня», — кажа ён.

Паколькі мясцовасьць пустынная, то штурмавая авіяцыя можа быць вельмі эфэктыўная

Авіяўдары па «Ісламскай дзяржаве» наносяць таксама ЗША і іх саюзьнікі. Наколькі эфэктыўная будзе дзейнасьць расейскай авіяцыі ў параўнаньні з амэрыканскай?

Алесін лічыць, што ў Расеі тут будзе пэўная перавага, бо яна зможа каардынаваць свае дзеяньні з арміяй Башара Асада.

«Трэба ўлічваць, што ў Сырыі важнейшы будзе ўдзел штурмавой авіяцыі. Ня ў прынцыпе авіяцыі, а менавіта штурмавой, якая будзе наносіць удары ў межах візуальнай бачнасьці зь нізкай вышыні — аж да таго, каб паражаць асобныя групы і аўтамабілі. Задача — непасрэдная падтрымка наземных сіл, каб у наземным баі брала ўдзел штурмавая авіяцыя. Прычым гэтае ўзьдзеяньне павінна быць доўгім і сталым. У гэтым пляне Расея можа аказаць эфэктыўнае ўзьдзеяньне на тэрарыстаў.

ЗША наносілі ў Сырыі кропкавыя ўдары — яны ня дзейнічалі над полем бою. Хоць, вядома, сумарна самалётаў у ЗША больш, але амэрыканцы не ўжываюць там штурмавую авіяцыю. Для гэтага трэба цеснае ўзаемадзеяньне з наземнымі сіламі — авіянаводчыкі, цэлеўказаньне. А раз яны не сябруюць з сырыйскім рэжымам, не ўзаемадзейнічаюць з сырыйскай арміяй, то такога ўзаемадзеяньня няма. Амэрыканцы вядуць выведку са спадарожнікаў, зь бесьпілётнікаў, але, улічваючы мабільны характар вайны, пакуль авіяцыя вылеціць (нават калі гэта некалькі дзясяткаў хвілін), баявыя групы могуць сур’ёзна зрушыцца, і ўдар будзе неэфэктыўны», — тлумачыць вайсковы экспэрт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG