Парашэнка заявіў, што канфлікт у Мукачаве зьвязаны з кантрабандай

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заяўляе, што сутнасьцю канфлікту ў Мукачаве зьяўляецца пераразьмеркаваньне патокаў кантрабанды.

«Мы павінны разблытаць клубок старых праблем, якія патрабуюць неадкладнага рашэньня. Я пра кланавасьць, кантрабанду, карупцыю», — падкрэсьліў прэзыдэнт выступаючы ў Радзе нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны.

Парашэнка заявіў, што патрабуе рашучых дзеяньняў ад праваахоўных органаў у барацьбе з кантрабандай: «Рашучае і прынцыповае сьледзтва адносна тых, хто да гэтага датычны. Ператрусы, затрыманьні і крымінальная адказнасьць. Не дапамогуць ні дэпутацкія мандаты, ні сувязі ва ўладзе».

Прэзыдэнт таксама даў даручэньне зрабіць кадравыя высновы ў рэгіёне па выніках расьсьледаваньня.

«Кантрабанда не зьяўляецца чыста закарпацкай праблемай. Толькі мы пачалі заціскаць гайкі — адразу ўсё гэтае паскудзьдзе павыскоквала. Кантрабандысты Закарпацьця кінулі выклік усёй Украіне. Я хачу заявіць: мы гэты выклік прымаем», — адзначыў Парашэнка.

11 ліпеня ўдзень у Мукачаве распачалася перастрэлка. Паводле мясцовых СМІ, канфлікт узьнік паміж «Правым сэктарам» і людзьмі з акружэньня дэпутата Вярхоўнай Рады Міхаіла Ланё. Загінулі па розных зьвестках ад двух да чатырох чалавек, паранена каля дзясятка. Паводле дадзеных некаторых СМІ, канфлікт узьнік з-за падзелу патокаў кантрабанды ў рэгіёне, у прыватнасьці з-за кантролю над кантрабандай цыгарэт.

У Закарпацкай вобласьці працягваецца спэцапэрацыя «па блякаваньні, раззбраеньні і затрыманьні банды, якая ўчыніла напад на грамадзкі аб’ект у Мукачаве».