Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва ўкраінскім Мукачаве ідзе спэцапэрацыя супраць байцоў «Правага сэктару»


Служба бясьпекі Ўкраіны супольна з МУС пачала эвакуацыю жыхароў сяла каля Мукачава, у раёне якога забарыкадаваліся байцы «Правага сэктару».

Цяпер у бок Мукачава рухаецца вайсковая тэхніка — паведамляе hromadske.tv.

СБУ заклікае ўдзельнікаў канфлікту здацца, гарантуе аб’ектыўнае дасьледаваньне справы і дастаўку да Кіева спэцбортам.

Як паведамляе «Ўкраінская праўда», спасылаючыся на перамоўніка — народнага дэпутата ад Мукачава Віктара Балогу, байцы «Правага сэктару» гатовыя скласьці зброю толькі ў выпадку непасрэднага загаду іх лідэра Дзьмітра Яраша і хочуць, каб іх адразу адправілі ў Службу бясьпекі Ўкраіны ў Кіеў.

Народны дэпутат Мустафа Наем, які знаходзіцца цяпер у Мукачаве, апублікаваў апэратыўнае відэа падзеяў 11 ліпеня. Ролік фіксуе пачатак інцыдэнту пасьля прыбыцьця на месца здарэньня міліцыі.

Мустафа Наем агучыў вэрсію, што падставай канфлікту стала кантрабанда, у прыватнасьці цыгарэт.

Заблякаваныя ў Мукачаве ўдзельнікі «Правага сэктару» распаўсюдзілі відэа, у якім выклалі сваю вэрсію падзеяў. Паводле іх, нардэп Міхаіл Ланё запрасіў іх на сустрэчу, каб абмеркаваць тое, што добраахвотніцкія патрулі не пускаюць у рэгіён кантрабанду

Сам Ланё называе падзеі ў Мукачаве правакацыяй і адмаўляе ўсе абвінавачаньні ў кантрабандзе.

Што вядома пра падзеі ў Мукачаве:

У суботу, 11 ліпеня у Мукачаве адбылася перастрэлка паміж двума дзясяткамі ўзброеных асобаў у камуфляжы з надпісамі «Правы сэктар» і мясцовымі жыхарамі з асяродзьдзя народнага дэпутата Міхаіла Ланё.

Пасьля людзі ў камуфляжы забарыкадаваліся на ўскраіне гораду і адмовіліся складаць зброю.

Паводле СБУ, у выніку інцыдэнту адзін чалавек загінуў і чацьвёра атрымалі раненьні. Пацярпелі шэсьць супрацоўнікаў праваахоўных органаў, адзін зь якіх у цяжкім стане. Паведамляецца, што пацярпелі каля 5 прыхільнікаў «Правага сэктару».

Прэзыдэнт Парашэнка даручыў затрымаць злачынцаў, якія забілі мірных жыхароў у Мукачаве.

У суботу прыхільнікі «Правага сэктару» сабраліся каля будынку адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны ў Кіеве і патрабавалі адстаўкі кіраўніка МУС Украіны Арсэна Авакава. Мітынгі падтрымкі прайшлі ў Палтаве, Тэрнопалі, Днепрапятроўску, Харкаве, Львове.

«Правы сэктар» распаўсюдзіў заяву, у якой паведамляецца пра рашэньне накіраваць у Мукачава прадстаўнікоў арганізацыі на чале зь лідэрам Дзьмітром Ярашам, спрыяць аб’ектыўнаму расьсьледаваньню падзеяў і працягнуць акцыі пратэсту прыхільнікаў арганізацыі з патрабаваньнем адстаўкі кіраўніцтва сілавых структур Закарпацкай вобласьці і міністра МУС Арсэна Авакава.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG