Украінскія лекары атрымалі допуск да Надзеі Саўчанкі, якую трымаюць у маскоўскім СІЗА. Пра гэта ў «Твітэры» паведаміў яе адвакат Марк Фейгін.
Гэтую інфармацыю пацьвердзіў міністар замежных справаў Украіны Павал Клімкін. «Дзякуючы сумесным намаганьням — ад Парашэнкі да нашага консула — украінскія лекары ўжо з Надзеяй», — напісаў ён у «Твітэры».
Напярэдадні прэсавая служба Дзяржаўнай управы справамі Ўкраіны паведаміла, што да Саўчанкі не пускаюць ўкраінскіх мэдыкаў. Абарона ўкраінскай лётчыцы ў сувязі з гэтым заявіла аб намеры зьвярнуцца ў расейскую Генпракуратуру са скаргай на дзеяньні Службы выкананьня пакараньняў, якая не дапусьцілі да Саўчанкі ўкраінскіх лекараў. Крыніца, знаёмая з сытуацыяй, распавяла «Інтэрфаксу», што лекары не былі дапушчаныя да Саўчанкі, паколькі ня мелі на гэта прававых падставаў, а менавіта дакумэнтаў, аформленых у МЗС Расеі.
У сераду Надзея Саўчанка, якая трымала на працягу 80 дзён галадоўку, заявіла, што адновіць акцыю пратэсту, калі да канца тыдня да яе не дапусьцяць украінскіх лекараў. Ўкраінскую лётчыцу абвінавачваюць у датычнасьці да гібелі двух расейскіх журналістаў у Данбасе. Абвінавачваньні яна адхіляе.