Іларыёнаў і Піянткоўскі пра менскія пагадненьні: «Пуцін атрымаў усё, што хацеў»

Менскія пратаколы, на думку расейскіх аналітыкаў, маюць адзін станоўчы вынік — спыненьне агню.

У астатнім Пуцін атрымаў практычна ўсё, што хацеў. Пры гэтым ня ўзяў на сябе ніякіх абавязаньняў. Усе абавязаньні ўзяла на сябе Ўкраіна. Прычым гэтыя ўкраінскія абавязальніцтвы цяпер яшчэ падмацаваныя абавязальніцтвамі Нямеччыны і Францыі.

Падсумоўваючы прынятыя ў Менску дакумэнты, палітолягі адзначаюць наступныя моманты:

— міжнародная ізаляцыя крамлёўскага рэжыму прарваная.
— Расея не прызнаная ўдзельнікам канфлікту.
— Не прызнаная расейская агрэсія супраць Украіны.
— Знаходжаньне расейскіх войскаў на тэрыторыі Ўкраіны не асудзілі і не запатрабавалі іх вываду.
— Акупаваны Крым ў прынятых дакумэнтах увогуле не згаданы.
— Адсутнічаюць гарантыі правядзеньня на акупаваных тэрыторыях свабодных выбараў.
— Украіна абавязуецца да канца 2015 году правесьці канстытуцыйную рэформу з фактычнымі гарантыямі для сэпаратыстаў.

Фотагалерэя: Дыпляматычны трыюмф Лукашэнкі

На сустрэчы ў Менску лідэраў Украіны, Расіі, Нямеччыны і Францыі дамовіліся аб спыненьні агню на Данбасе з 15 лютага. Акрамя таго, ад лініі судакрананьня павінна быць адведзена цяжкае ўзбраеньне. Як заявіў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін па завяршэньні перамоваў, украінскія вайскоўцы маюць адвесьці ўзбраеньне ад цяперашняй лініі судакрананьня, сэпаратысты — ад лініі, узгодненай 19 верасьня ў рамках менскіх дамоўленасьцяў.​

***​

Андрэй Іларыёнаў — былы дарадца прэзыдэнта Расеі, цяпер займае пасаду старэйшага навуковага супрацоўніка Цэнтру Інстытуту Катона па глябальнай свабодзе і росквіце (Вашынгтон).

Андрэй Піянткоўскі — расейскі палітоляг і грамадзкі дзяяч, адзін з аўтараў ліста «Пуцін павінен сысьці», быў сябрам партыі «Яблык», падтрымліваў вылучэньне кандыдатуры Ўладзіміра Букоўскага на пасаду расейскага прэзыдэнта.