Уплывовы амэрыканскі штодзёньнік піша пра праблемы заснавальніка сацыяльнай сеткі Вконтакте Паўла Дурава з расейскімі ўладамі, пра паніжэньне свабоды ў інтэрнэце і залежнасьць рэформаў ад коштаў на нафту.
The New York Times піша, што яшчэ ня так даўно на 30-гадовага Дурава глядзелі ў Расеі як на Марка Цукербэрга, а сацыяльная сетка Вконтакте была больш папулярная ў Расеі за Фэйсбук. Апроч таго, зазначае штодзёньнік, Дураў зьвярнуў на сябе ўвагу, калі публічна прапанаваў Эдварду Сноўдэну працу.
«Тады Крэмль пачаў абмяжоўваць свабоду ў інтэрнэце, і хаўрусьнікі прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна ўзялі пад кантроль Вконтакте. У выніку спадар Дураў прадаў сваю апошнюю долю за мільёны і ў красавіку ўцёк з Расеі — пасьля ціску расейскага ўраду, які намагаўся атрымаць зьвесткі пра ўкраінскіх лідэраў акцыяў пратэсту».
Вялікім выклікам для спадара Пуціна ёсьць падзеньне коштаў на нафту, якія спадар Дураў называе „адзіным шанцам“ для эканамічных і палітычных рэформаў
Амэрыканскі штодзёньнік зазначае, што цяпер Дураў пераяжджае з адной краіны ў іншую, як качэўнік, зь невялікай групай праграмістаў. Паводле The New York Times, гэтая «адысэя» Дурава адлюстроўвае «зьменлівую прыроду інтэрнэту ў Расеі»: калі ў 2006 годзе праграміст стварыў сацыяльную сетку Вконтакте, ён бачыў яе як «не абкладзеную падаткамі лібэртарыянскую ўтопію для тэхнолягаў»:
«Найлепшае, што было тады ў Расеі, — гэта тое, што сфэра інтэрнэту не была ўвогуле рэгуляваная. У пэўным сэнсе яна была больш лібэральная, чым у Злучаных Штатах», — цытуе словы Дурава The New York Times.
Цяпер жа, працягвае штодзёньнік, Пуцін назваў інтэрнэт праектам ЦРУ і прыняў меры, каб ізаляваць Расею ад рэшты лічбавага сьвету.
«Расейская эканоміка таксама знаходзіцца ўсё ў большай ізаляцыі, а нацыянальная валюта абясцэньваецца на тле заходніх санкцыяў. Урад прадказвае рэцэсію на наступны год. Вялікім выклікам для спадара Пуціна ёсьць падзеньне коштаў на нафту, якія спадар Дураў называе „адзіным шанцам“ для эканамічных і палітычных рэформаў», — піша The New York Times.
Выданьне цытуе словы Дурава пра залежнасьць таго, ці будуць у Расеі рэформы, ад таго, якія ўсталяваліся кошты на нафту і нафтавыя вырабы:
«Калі кошты на бэнзін высокія, няма ніякага стымулу для тых рэформаў. Гэта можа працягвацца вечна — нікога гэта ня будзе хваляваць».
The New York Times піша, што цяпер Дураў плянуе засяродзіцца на ўласным праекце Telegram, які ён распачаў летась. У гэтым праекце ня будзе аніякіх зьнешніх інвэстараў, рэклямы і маркетынгу, да таго ж, усё будзе бясплатна. Хоць Дураў не выключае спагнаньня аплаты за дадатковыя паслугі. Паводле Дурава, у яго ўжо ёсьць каля 50 мільёнаў карыстальнікаў па-за межамі Расеі.
The New York Times апісвае гісторыю праблемаў Паўла Дурава, калі ў 2011 урад Расеі запатрабаваў ад праграміста, каб той заблякаваў старонкі апазыцыйных палітыкаў пасьля спрэчных парлямэнцкіх выбараў. Дураў адказаў допісам у Твітэры, дзе апублікаваў здымак сабакі з высунутым языком і камэнтаром, што гэта адказ спэцслужбам.
Неўзбаве пасьля гэтага спэцназ і зьявіўся ля дзьвярэй ягонай кватэры. Калі падчас гэтага здарэньня Дураў патэлефанаваў свайму брату, ён зразумеў, што ня мае бясьпечных сродкаў камунікацыі зь ім. Гэта і стала падставаю для стварэньня новай аплікацыі для абмену паведамленьнямі.
«Калі ў сьнежні мінулага года Дураў прадаў сваю долю Вконтакте, былі здагадкі, што яна вартая сотні мільёнаў даляраў. Аднак спадар Дураў канкрэтнай лічбы не называе, бо падпісаў адпаведную дамову», — піша The New York Times.