Ці баяцца гарадзенцы купляць беларускія прадукты пасьля заяваў Расеі?

На гарадзенскім рынку, архіўнае фота

Расея забараніла ўвоз беларускага харчаваньня з многіх мясакамбінатаў і малаказаводаў — спасылаючыся на тое, што іх прадукцыя сумнеўнай якасьці, небясьпечная для здароўя. Як вы да гэтага ставіцеся? Ці не баіцеся купляць беларускія прадукты ў крамах? Адказваюць гарадзенцы.

Your browser doesn’t support HTML5

Ці не баіцеся купляць беларускія прадукты ў крамах? Адказваюць гарадзенцы.


Спадар: «Я пра гэта чуў і таксама падазраю, што нашы беларускія харчы могуць дрэнна ўзьдзейнічаць на здароўе і нават на жыцьцё чалавека».

Карэспандэнт: «А самі не баіцеся купляць беларускія прадукты ў крамах?»

Спадар: «А я ўсё купляю ў Польшчы, усё вязу адтуль. І з Украіны магу везьці, там таксама добрыя харчы. А беларускія я купляць баюся».

Спадарыня: «Я лічу, што нашы харчы вельмі якасныя».

Ейны муж: «Нашы харчы нашмат якасьнейшыя, чым расейскія. Вось нам масла прывозілі з Расеі, то яго есьці немагчыма, вельмі адрозьніваецца ад нашага. Наша нашмат лепшае».

Спадарыня: «Мне і малочныя нашы харчы падабаюцца, і мяса добрае. А што да расейскіх санкцыяў на нашы харчы, то я нават ня ведаю, што сказаць».

Ейны муж: «Прычыны іх надуманыя, і, магчыма, яны нават падтасоўваюць дакумэнты».

Спадарыня: «Неяк насьцярожвае гэта...»

Спадар: «Ну, раз мы купляем харчы і ямо, то значыцца, што яны нармальныя. Цікава, бо нібыта ж расейцы зь беларусамі саюз нейкі заключылі, а цяпер... невядома што».

Цікава, бо нібыта ж расейцы зь беларусамі саюз нейкі заключылі, а цяпер... невядома што

Спадарыня: «Мы кожны дзень купляем нашы беларускія харчы: і малако, і хлеб, і мяса, і шынку... А якія яны? Бог яго ведае, мы ж самі нічога ня ведаем, а есьці трэба кожны дзень. А ў расейцаў, відаць, ёсьць нешта іншае. Нехта ім завозіць харчы, напэўна, зь іншае заграніцы, магчыма, лепшыя і таньнейшыя. Хто іх там ведае...»

Спадар: «Я ўсяго гэтага не баюся, бо за мой заробак шмат мяса ня купіш. Памятаеце, быў скандал з малочнымі харчамі, а потым усё высьветлілася, што харчы нармальныя. Відавочна, што і цяпер гэта некаму выгадна. А выгадна гэта толькі Расеі, каб паставіць Беларусь на калені».

Хлопец: «Я не баюся купляць нашы харчы, бо гэта ўсё ж сваё. І ў нас харчы ня шкодныя, як у некаторых іншых краінах, у нас харчы натуральныя. Ну, а расейцы, напэўна, ізноў робяць няправільны крок і ў будучым могуць аб гэтым пашкадаваць і яшчэ папросяць у нас дапамогі».