Забарона на ўвоз беларускага мяса ў Расею не прывяла да пашырэньня асартымэнту і зьніжэньня коштаў мяса ў Беларусі. У крамах і на рынках цэны на мясную прадукцыю па-ранейшаму высокія, а гандляры скардзяцца на адсутнасьць пакупнікоў.
Камароўскі рынак — у цэнтры гораду, а таму самы людны сярод усіх менскіх рынкаў. Аднак і тут чэргаў каля мясных прылаўкаў няма. Мяса і мясных вырабаў не паболела, а кошты ня зьменшыліся, кажуць прадаўцы:
Прадавец: «Як было ўсё, так і засталося — нічога не зьмянілася. Таньнейшым стала толькі мяса шыі, бо не сэзон, а астатняе ўсё засталося па-ранейшаму».
Карэспандэнтка: «Як набываюць па гэтых коштах?»
Прадавец: «А ёсьць каму? Бачыце? У людзей грошай няма — самае галоўнае».
Карэспандэнтка: «У сувязі з тым, што Расея перастала браць беларускае мяса, у вас цэны мяняюцца?»
Прадавачка: «Нічога не мяняецца, нічога не набываюць. Дзе ў людзей грошы? Былі б грошы, людзі б набывалі па любых коштах».
На прылаўках — сала па 100–115 тысяч, мяса ад 75 да 175. Прадавачкі за прылаўкамі ў асноўным чакаюць пакупнікоў. Неўзабаве набліжаюцца да маіх суразмоўцаў, каб выказацца пра набалелае:
Прадавачка: «Пэнсіянэры адны лапы курыныя набываюць, супавыя наборы танныя шукаюць, рагу, каб таньней — на гэтым жывуць. Хіба можна на два мільёны пражыць? Я маю два мільёны і вымушаная працаваць, бо не пражыву».
Іншая прадавачка: «Вось стаіць жанчына-пэнсіянэрка, спытайцеся ў яе, колькі яна пэнсіі атрымлівае».
Прадавачка: «Самі палічыце: заплаціць за лекі, парашкі пральныя, кватэру — калі яны тое мяса апошні раз бралі?»
Спадарыня пэнсійнага веку не адмовілася далучыцца да гаворкі прадаўцоў, агулам скіраванай у яе абарону:
Пэнсіянэрка: «Дорага. Вельмі дорага. Пярэдняя частка — 70 тысяч, задняя — 80 тысяч, гэта ж вельмі дорага».
Карэспандэнтка: «Ці заўважылі, каб таньнейшае стала мяса?»
Пэнсіянэрка: «Нічога не таньнейшае, наадварот, павысіўся кошт».
Карэспандэнтка: «Што думаеце пра гэта, як удаецца пражыць?»
Пэнсіянэрка: «Ой... Пэнсіянэрам вельмі цяжка жыць. З трох мільёнаў і за кватэру трэба заплаціць, гэтак дорага, то якое ўжо мяса? Гэта ўвогуле — нічога не застаецца. Няхай бы крыху падумалі, як жыць. А то наш „бацька“ ня вельмі і думае пра гэта. Даражэе, даражэе, а пэнсіі на 5% падвысілі, а што за гэтыя 5% можна купіць?»
На высокія цэны на мяса, а таксама на адсутнасьць годнай сацыяльнай палітыкі ўладаў скардзяцца ня толькі пэнсіянэры, але і людзі маладзейшага веку:
Беларусь — гэта мяса-малочная краіна. А ў нас — нібыта ў афрыканскай краіне, дзе нічога свайго няма
Пакупніца: «Ніякіх зьменаў я ня бачу — мяса як мяса, нічога ў коштах не зьмянілася. Але ж даводзіцца набываць, бо нешта ж трэба есьці — не на ўвесь рот, і то вельмі цяжка. Канечне, дорага — паглядзіш на кошты і думаеш: як гэта можна сабе дазволіць?»
Карэспандэнтка: «У сувязі з тым, што Расея не бярэ беларускае мяса — ці што-небудзь зьмянілася? Падаражэла мяса ці стала таньнейшым?»
Пакупнік: «І не падаражэла, і кошты ня зьменшыліся: ялавічына — 75 тысяч, лапатка — 112 тысяч. Рабуюць гэтых беларускіх людзей з усіх бакоў. Заробкі людзям трэба падвышаць, бо нам, да прыкладу, два гады ўжо не падвышалі».
Карэспандэнтка: «Што думаеце пра тое, што гэткае ж мяса ў суседніх краінах удвая таньнейшае?»
Пакупнік: «Калі папраўдзе, то Беларусь — гэта мяса-малочная краіна. Гэта ў нас мяса павінна быць таньнейшае, чым у той жа Польшчы. Было б таньнейшае, то і людзі б больш бралі. А ў нас — нібыта ў афрыканскай краіне, дзе нічога свайго няма».
Карэспандэнтка: «У гэтай сувязі што б вы пажадалі ўраду краіны?»
Пакупнік: «Мудрасьці. Больш мудрасьці і больш клапаціцца пра свой народ».